Жуль Верн
80000 кіламетраў пад вадой Частка першая Раздзел першы Рухаючыйся рыф 1866 год вызначыўся незвычайным здарэннем, якога ніхто не мог вытлумачыць, і якое пэўна і да гэтага часу не забыта многімі. Чуткі, якія выклікалі цікавасць насельніцтва кантынентаў, узрушылі жыхароў партовых гарадоў і асабліва ўстрывожылі маракоў. Купцы, уласнікі суднаў, капітаны, шкіперы, вайсковыя маракі і нарэшце нават урады многіх дзяржаў Старога і Новага свету — усе былі надзвычайна зацікаўлены гэтым феноменам[1]. У тым годзе цэлы рад караблёў сустрэлі ў моры нейкую доўгую, падобную да верацяна рэч, якая сваімі памерамі і хуткасцю руху перавышала кіта і часам давала яркае святло. Апісанні гэтых сустрэч, занесеныя ў суднавыя кнігі розных караблёў, аднолькава характарызавалі знадворны выгляд гэтай рэчы, або істоты, і ў адзін голас адзначылі нябачаную хуткасць яе руху. Калі гэта быў кіт, дык па памерах ён быў большы за ўсе віды, якія толькі...