Все права на текст принадлежат автору: Генадзь Каханоўскі, Аляксандар Каханоўскі.
Это короткий фрагмент для ознакомления с книгой.
Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах ТышкевічГенадзь Каханоўскі
Аляксандар Каханоўскі

Генадзь Каханоўскі, Аляксандар Каханоўскі Руплівец нашай старасветчыны Яўстах Тышкевіч

Як заклінанне, як малітва


Беларускія гісторыкі, этнографы, філолагі, фалькларысты даўно ўжо карыстаюцца пажоўклымі ад часу кнігамі-рарытэтамі і як даследчыкі судакранаюцца з рукапіснай спадчынай славутых вучоных Яўстаха і Канстанціна Тышкевічаў. Гэта яны, не зважаючы на свой высокі графскі тытул, бралі ў рукі рыдлёўкі і вялі раскопкі старажытных курганоў. Гэта яны здымалі з сябе сурдуты і апраналіся ў простае сялянскае адзенне, заходзілі ў хаты вясковай беднаты паслухаць шчырую гутарку пра побыт, даведацца пра абрады і забабоны ды запісаць народныя песні. У душы прысягнуўшы служыць свайму народу, браты Тышкевічы ніколі на адступалі ад сваіх перакананняў, шчыра працавалі на карысць роднага краю.

Праца, праца, праца… Яўстах і Кастусь замалада ўзяліся за пачэсную справу і, бадай, на адным энтузіязме заклалі трывалы падмурак навуковай археалогіі, а таксама этнаграфіі, фалькларыстыкі і краязнаўства. Яны першыя ўвялі ў навуковы ўжытак раней зусім невядомыя матэрыялы, праявіўшы пры гэтым уласцівы ім тэмперамент даследчыкаў, сказалі сваё слова ў розных галінах ведаў, якія цяпер аб'ядноўваюцца ў адзін цыкл грамадскіх навук. Гіпотэзы вучоных, іх меркаванні, высновы, проста здагадкі, а таксама прыведзеныя аргументы і факты — крыніца для нашчадкаў, каму дорага нацыянальная спадчына.

На вялікі жаль, многія апісаныя і даследаваныя Тышкевічамі помнікі зніклі з панарамы нашай зямлі, найперш у выніку пазнейшых акцый вандалізму, а таму іх аўтарытэтныя сведчанні сёння з'яўляюцца, можа, адзінай крыніцай, каб узнавіць праўдзівы вобраз знішчанага аб'екта. З упэўненасцю можна сцвярджаць, што зробленае гэтымі сумленнымі вучонымі — нацыянальны скарб Беларусі, яе навуковай думкі мінулага стагоддзя.

Блізкае знаёмства з навуковай і культурна-асветніцкай дзейнасцю братоў Тышкевічаў пераконвае нас у тым, што яны сцвярджалі ў грамадстве важную думку пра нацыянальную самабытнасць і гістарычную непаўторнасць Беларусі. Ужо нават па гэтай прычыне іх нельга без агаворак адносіць да дзеячаў польскай навукі, як пераконвалі яшчэ не так даўно некаторыя даследчыкі. Якраз Яўстах і Канстанцін Тышкевічы неўсвядомлена рыхтавалі глебу для засеву нацыянальнага зерня будучай плеядай беларускай інтэлігенцыі.

Браты Тышкевічы паказалі прыклад рэдкай еднасці і суладнасці, не толькі сямейнай, але і духоўнай і, само сабою зразумела, навуковай і творчай. Ні адзін з іх не перакладваў цяжар сваіх клопатаў на другога. Папалам яны дзялілі і перажыванні няўдач. Дожны з гэтых вучоных меў сваё кола сяброў і знаёмых. Працавалі даследчыкі супольна і паасобку, мелі свае калекцыі і нават бібліятэкі. Гэта быў шчаслівы выпадак разумнага суперніцтва дзеля агульнага прагрэсу.

Кожны з братоў Тышкевічаў меў свае асобныя публікацыі, кнігі, кожны з іх трымаўся сваіх канцэпцый, але некаторыя даследчыкі часам штучна аб'ядноўваюць створанае імі ў адно цэлае і тады цяжка разабраць, каму належыць тая ці іншая гіпотэза. Справядлівасць патрабуе, каб, не супрацьпастаўляючы аднаго брата другому, аддаць даніну павагі кожнаму з іх. У гэтай працы чытач пазнаёміцца з малодшым — Яўстахам Тышкевічам.


Род Тышкевічаў


Радзіма братоў Яўстаха і Канстанціна Тышкевічаў — Лагойск, адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі, які ўпершыню ўпамінаецца ў 1078 годзе. Амаль палова лагойскай гісторыі непарыўна звязана з тышкевічаўскім родам. Іх рэзідэнцыя спрадвеку знаходзілася ля маляўнічай Гайны, на месцы былога замка, у пасаджаным імі ж ландшафтным парку. Тут у 1814–1819 гадах бацька вучоных П. Тышкевіч узвёў у класіцыстычным стылі двухпавярховы палац (разбураны ў Вялікую Айчынную вайну, засталіся руіны). У паўночнай частцы парка знаходзіўся круглы партэр, а бліжэй да палаца квітнеў сад. На поўдзень ад сядзібы выразна бачыліся рэшткі старажытных умацаванняў, якія паказвалі гасцям гаспадары. На беразе ракі стаяла рамантычная альтанка, з якой адкрывалася навакольная панарама. Курціны ў парку былі аформленыя дубам, елкай, ясенем, белай таполяй. Тут жа знаходзілася гарадзішча, на якім калісьці стаяў дзядзінец старажытнага Лагойска. Сёння ўсе гэта выглядае сіратліва, як здзічэлы сад на закінутым хутары.

У сям'і Тышкевічаў прынята было з павагай адносіцца да кожнага помніка на зямлі, што адпавядае і другой іх традыцыі — ушаноўваць кожнага з продкаў свайго вялікага роду. З пакалення ў пакаленне вялася сямейная хроніка. Сам Я. Тышкевіч стварыў у канцы жыцця альбом «Магілы сямейства Тышкевічаў» і выдаў яго асобнай кнігай у 1873 годзе ў Вільні. Самым першым з дакументальна ўстаноўленых прашчураў быў Цішка, або Тышка, ці, больш дакладней, Цімафей Тышка, які жыў у канцы XV стагоддзя. Другой вядомай асобай пасля Цімафея быў яго праўнук Тодар Тышкевіч, якому выпала хадзіць у падскарбіях Вялікага Княства Літоўскага, потым стаць ваяводам у Наваградку, а яшчэ яго ўключалі ў склад пасольства ў Маскву. Памёр ён у 1616 годзе.

Заснавальнікам жа лагойскай лініі роду з'яўляецца Васіль Тышкевіч (Цішкевіч), што з ласкі вялікага князя Жыгімонта II Старога ў 1516 годзе атрымаў тытул графа і стаў ваяводам смаленскім, пазней — старастам менскім і пінскім. Пад канец жыцця лёс закінуў яго ў Супрасль, дзе ён і памёр у 1571 годзе. Сын Васіля Астафей пасяліўся ў Лагойску і з 1528 года становіцца ўладальнікам гэтага горада і маёнтка. Адсюль і пайшла дынастыя Тышкевічаў. У яго разгалінаваным родзе можна знайсці людзей самага рознага занятку: дзяржаўныя і ваенныя дзеячы, святары, суддзі, літаратары і інш.

У адносінах да рэлігіі Тышкевічы заставаліся даволі талерантнымі. Іх прыналежнасць да той ці іншай канфесіі часта дыктавалася найперш палітычнай сітуацыяй у краіне, а не ўласнымі глыбокімі перакананнямі. Тут трывалай сямейнай традыцыі не існавала. Спачатку яны вызнавалі праваслаўе, а адзін з шаснаццаці сыноў Юрыя Тышкевіча — Аляксандар — у 1609 годзе прыняў каталіцызм. Прыкладна ў гэты ж час Януш Тышкевіч (1570–1643) актыўна падтрымліваў Берасцейскую царкоўную вунію, і ў яго знайшлося нямала паслядоўнікаў. Былі ў гэтым родзе яшчэ і лютэране. Цяжка сёння вызначыць, якой царкве Тышкевічы аддавалі перавагу.

Рэдка якая палітычная, ваенная ці рэлігійная акцыя заставалася па-за ўвагай Тышкевічаў. Адзін з іх — Януш — яшчэ ў XVII стагоддзі вызначыўся ў баталіях з туркамі пад Хоцінам, быў паранены, але поля бою не пакінуў. Удзельнік вайны 1812 года Тадэвуш Тышкевіч меў чын генерала. Тышкевічы ўплывалі на ход вядомай Таргавіцкай канфедэрацыі (1792), як выявілася, выгаднай расейскаму царызму, а таксама засядалі на сейме ў Горадні, удзельнічалі ў іншых палітычных акцыях.

Роду Тышкевічаў у розны час на тэрыторыі Беларусі належалі Валожын, Маладэчна, Доры, Косіна, Астрашыцкі Гарадок… У некаторых уладаннях захоўваліся музейныя калекцыі (Астрашыцкі Гарадок, Вялае, Красны Двор, Ізабеліна). Шмат адораных людзей даў беларускай зямлі род Тышкевічаў: сярод іх былі эканамісты, архітэктары, мемуарысты, інжынеры, музыкі… Самы ж прыкметны след у духоўным жыцці беларускага народа пакінула лагойская лінія Тышкевічаў, а найперш браты Яўстах і Кастусь.

Рэкордам даўгавечнасці ў гэтым родзе вызначыўся Піус Тышкевіч (1756–1858), бацька вучоных. Атрымаўшы добрае хатняе выхаванне і скончыўшы менскую школу, ён прысвяціў сябе гаспадарчай дзейнасці, умацаванню эканамічнай рэнтабельнасці свайго графства. Поруч з клопатамі эканамічнага парадку П. Тышкевіч шмат рабіў дзеля адраджэння і памнажэння культурнай спадчыны ў родавым Лагойску. Гаспадар графства працягваў пісаць сямейную хроніку, істотна папоўніў хатнюю мастацкую галерэю, а таксама і без таго немалую бібліятэку. Спраўна вёўся архіў графства. Адораны музычна, ён арганізоўваў своеасаблівыя камерныя канцэрты. Бацька вучоных гожа іграў на скрыпцы і нават мог даць сольны канцэрт на папулярнай тады нямецкай файцы.

На гэтым захапленні графа не канчаліся. Будучы аматарам мастацтва, Піус Тышкевіч часта браў у рукі разец і падоўгу карпеў над драўлянай балванкай, пакуль яго спрактыкаваныя рукі не наносілі апошнюю рыску. Гэта мог быць нейкі бажок або мядзведзік ці козачка, словам, цацка дзецям для пацехі. Акрамя таго, граф умеў адмыслова інкруставаць столік, зрабіць прыгожую рамку для карціны з хатняй галерэі.

П. Тышкевіч вёў сямейны дзённік. Дарэчы, гэта стане прыкладам для пераймання яго сынам Кастусю і Яўстаху. Дбаў гаспадар лагойскай рэзідэнцыі, каб хораша глядзеўся не толькі інтэр'ер палаца, але і наваколле. Даводзіў да ладу стары парк, абнаўляў яго, абстаўляў неабходнай атрыбутыкай. У самім жа палацы на сценах красаваліся партрэты некаторых найбольш прыкметных асоб з лагойскай дынастыі. Першая жонка Піуса Тышкевіча — Людвіка з Серакоўскіх — цяжка хварэла і памерла ў маладым веку ў 1803 годзе. Другой жонкай графа стала Аўгуста Плятар (1782–1834), якая паходзіла са знатнага нямецкага роду, што здаўна асеў у Падзвінні, была культурнай свецкай дамай, хавальніцай даўніх традыцый. Прыйшоўшы ў новы дом, яна і тут не страціла добрых манераў цудоўнай маці, жонкі, дарадчыцы. А. Тышкевіч-Плятар нарадзіла трох сыноў: Канстанціна, Фларыяна і Яўстаха, а таксама дачку Паўліну. Ёсць звесткі, што яна прывезла ў Лагойск частку краслаўскага кнігазбору агульным лікам у тры тысячы тамоў на польскай, старабеларускай, французскай, лацінскай і іншых мовах. Яна не забывалася пра радавод Плятараў, ранні продак якіх недзе ў сярэднія вякі перасяліўся сюды ці не з Баварыі. З часам яго нашчадкі засвоілі традыцыі насельнікаў Падзвіння, а ўжо пазней лічылі сябе тутэйшымі. Нягледзячы на клопаты па выхаванні дзяцей, Аўгуста падзяляла мужава, а пазней і сваіх сыноў Кастуся і Яўстаха захапленне мастацтвам, зборам антыкварыяту, рукапісных кніг, дакументаў гісторыі і г.д.

Словам, хатняя атмасфера для будучых вучоных Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў як нельга лепш адпавядала выхаванню ў іх пачуцця павагі да скарбаў агульначалавечай культуры. Не ўсё ў іх тут было толькі беларускае, мясцовае. Наадварот, у гаспадароў Лагойскага графства, як і ў іншых арыстакратычных сем'ях, за гонар лічылася мець у хатняй галерэі нешта экзатычнае, прывезенае здалёку, каб здзівіць гасцей. ...



Все права на текст принадлежат автору: Генадзь Каханоўскі, Аляксандар Каханоўскі.
Это короткий фрагмент для ознакомления с книгой.
Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах ТышкевічГенадзь Каханоўскі
Аляксандар Каханоўскі