Все права на текст принадлежат автору: Сяргей Чыгрын.
Это короткий фрагмент для ознакомления с книгой.
Па слядах Купалы і КоласаСяргей Чыгрын

Сяргей Чыгрын

Па слядах Купалы і Коласа


Літаратурна-краязнаўчыя артыкулы і вершы



***
Мы паедзем сёння да Адама Міцкевіча,
А заўтра завітаем да Сыракомлі…
Але спачатку пагасцюем у Янкі Купалы.

Каля вытокаў

Вёску Вялікая Кракотка, што на Слонімшчыне, Уладзімір Караткевіч назваў самай прыгожай вёскай на свеце. Але вёска не толькі прыгожая, але і знакамітая. Знакамітая Вялікая Кракотка найперш тым, што тут яшчэ ў 1927 годзе пры гуртку Таварыства беларускай школы вясковая моладзь заснавала бібліятэку-чытальню, якую назвалі імем народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры рэспублікі, якой было нададзена імя песняра. У 1949 годзе Валянцін Таўлай у сваім артыкуле “Творчасць Янкі Купалы ў барацьбе за ўз’яднанне беларускага народа” (“Полымя”, № 10, 1949) пісаў: “Імем Янкі Купалы называліся беларускія культурнаасветныя ўстановы — бібліятэкі і чытальні. Нам дакументальна вядома, што ў вёсцы Вялікая Кракотка Слонімскага раёна, сяляне, якія арганізаваліся ў гурток ТБШ (Таварыства беларускай школы), у 1927 годзе заснавалі шляхам ахвяраванняў кніжак і грошай на закуп літаратуры вясковую бібліятэку-чытальню і прысвоілі ёй імя нашага слаўнага песняра Янкі Купалы. Аб гэтым паведамляла “Наша праўда” № 11 ад 11 мая 1927 года…”.

Кожны раз, калі еду ў гэту вёску, прыгадваю верш Міколы Арочкі, прысвечаны Вялікакракоцкай сельскай бібліятэцы імя Янкі Купалы:

Мой цэлы свет: Вялікая Кракотка,
Часоў бурлівых родны мацярык.
Была Кракотка, як рака ў паводку.
Была Кракотка — гнеў, і боль, і крык.
Кракотка — гэта хвойны пах узлесся,
Гняздо за пазухай зялёных гор.
З таго гнязда заклекатала песня,
Што клікала з нізіны: “Гэй, да зор!..”.
Рашаўся лёс… Прадвесне гнала крыгі.
І вось тады з-пад стрэх мацерыка
Дрыготка пацягнулася да кнігі
Мазольная сялянская рука.
Святая прага ведаў і пазнання!
У родным слове чалавек ажыў!
Было тут вашай еднасцю змаганне,
А духам мужнасці Купала быў.
Хто знае, колькі іх адсюль, упартых,
Узняў да барацьбы змагарны край?
Нядарам верш, якім пілуюць краты,
З зямлі вось гэтай здабываў Таўлай.
Нязломны дух... Жывая сіла мовы.
Жыву з тых дзён я вашаю красой.
Жыткевічы... Збраевіч... Трафімовіч...
Ля вас я грэўся словам і душой!
Я ўдзячны вашай дабраце і хлебу,
Хоць менее ўсё рук — іх кліча дол.
Вучылі ж вы, як сеяць зерні ў глебу,
Каб луста праўды асвячала стол.
Нашу я сёння, замест эпілога,
Гаркоту з вашых апусцелых хат.
За бурны век вы вызналі так многа!
Ды пра такое думаў хто?..
Наўрад.
Мой родны свет:
Я ў кожнай тут часцінцы
Жыву — дзялю трывогу і слязу.
І ўсё, чым з каранёў тут прычасціўся,
Я ў людства, як урок ваш, панясу.

Невыпадкова ў гэтых паэтычных радках Мікола Арочка ўспамінае прозвішчы Жыткевічаў, Збраевіча і Трафімовіча. Бо арганізатарамі ТБШ і бібліятэкі ў той нялёгкі 1927 год у вёсцы былі Рыгор Акулевіч, Сцяпан Ігнатовіч, Васіль Трафімовіч, Сямён Жыткевіч, Павел Таўлай, Кастусь Петручэня і іншыя вясковыя хлопцы. Дарэчы, Рыгор Акулевіч, каб пазбегнуць арыштаў з боку польскіх уладаў, у 1928 годзе эміграваў у Канаду, дзе актыўна ўключыўся ў рабочы і фермерскі рух, прымаў удзел у выпуску першай рускай газеты ў Канадзе “Канадский гудок”, нараджэнне якой вітаў Максім Горкі. Газета мела і беларускую старонку. У Другую сусветную вайну Рыгор Акулевіч добраахвотнікам пайшоў на фронт, у баях з немцамі быў цяжка паранены. Пасля вайны ў Канадзе ён рэдагаваў газету “Вестник”, напісаў і выдаў кнігі “Рускія ў Канадзе” і “50 год Беларускай рэспубліцы”. У апошнія гады свайго жыцця адышоў ад беларускасці.

У 1927 годзе сваю працу кракоцкая моладзь пачала з таго, што сабрала сярод насельніцтва кнігі і грошы на набыццё літаратуры і інвентару. Знайшлося для культурнай установы і памяшканне — хата Данілы Грасевіча, які не вярнуўся з бежанства. На заклік вялікакракоцкіх сялян адгукнуліся і жыхары суседніх вёсак Рудаўка і Малая Кракотка. Бібліятэкарам на грамадскіх пачатках працаваў Сямён Акулевіч.

Спачатку сабралі для бібліятэкі каля трыццаці кніг. Гэта былі пераважна былі творы для вясковых драмгурткоў. Энтузіясты культурнай работы працягвалі збіраць сярод насельніцтва кнігі і грошы на набыццё літаратуры. І кніжны фонд увесь час папаўняўся. У канцы 1928 года бібліятэка налічвала каля тысячы назваў беларускіх, рускіх і польскіх кніг і каля двухсот чытачоў. Тады кракоцкія юнакі, сярод іх быў і Валянцін Таўлай, якія вучыліся ў Віленскай беларускай гімназіі, закупілі і прывезлі сотні кніг рускай і беларускай класікі. З павелічэннем кніжнага фонду было створана дзве філіі бібліятэкі. Адной філіяй у суседняй з Вялікай Кракоткай вёсцы Рудаўка кіраваў Павел Кулак, а Малакракоцкай філіяй загадвала Людміла Кулак.

Адначасова пры бібліятэцы і пры вясковым гуртку ТБШ былі створаны драматычны, харавы і музычны калектывы. Імі кіравалі Васіль Трафімовіч і Аляксандр Жыткевіч. Рэпетыцыі праводзіліся ў памяшканні бібліятэкі, а спектаклі — у адрамантаваным і прыстасаваным школьным хляве. Пастаноўкі былі платнымі. За выручаныя грошы, папаўняўся кніжны фонд бібліятэкі і аказвалася дапамога палітзняволеным.

За кароткі час свайго існавання драмгурток паставіў шмат п’ес беларускіх і ўкраінскіх драматургаў, у тым ліку “Паўлінку”, “Раскіданае гняздо”, “Прымакоў”, “На папасе” Янкі Купалы, “Збянтэжанага Саўку” Леапольда Родзевіча, п’есы Францішка Аляхновіча і Уладзіслава Галубка. Пастаноўкі і вечары песень давалі не толькі культурны адпачынак, але з’яўляліся моцным сродкам палітычнай агітацыі. Пра кожную прэм’еру ў Вялікай Кракотцы пісала віленская газета “Наша праўда”. Давайце пагартаем тагачасныя нумары газеты за 1927 год.

У артыкуле “Праца ў нас пашыраецца” (“Наша праўда” за 11 чэрвеня ) паведамлялася: “22 траўня ў нашай вёсцы Вялікая Кракотка адбыўся спектакль. Пастаўлена была драма Галубка ў чатырох актах “Апошняе спатканьне”. Апрача сяброў Таварыства Беларускае Школы, прысутных было болей як 50 асоб. 28 траўня адбылося памінаньне паэта Максіма Багдановіча з прычыны дзесятых угодкаў яго сьмерці. Тут прачытана была лекцыя на тэму “Жыцьцё і творчасьць Максіма Багдановіча”. Цікава адзначыць, што пасьля лекцыі стараста прыслаў паперку, у якой кажа, што дзеля таго, што лекцыя была публічная, а не толькі для сяброў Таварыства Беларускай Школы, трэба прасіць у старасты дазволу на лекцыю, што толькі паведаміць мала. Хочучы ўзмоцніць сваю працу матэрыяльна, мы зьвярнуліся з лістамі ў Амэрыку. Адзін ліст паслалі “Форду”, а другі сваім землякам. “Форд” адказаў нам, што з такімі лістамі, як наш, зьвяртаецца да яго шмат хто, і што ўсіх іх задаволіць ён ня можа. А на другі ліст атрымалі лепшы адказ, тут відаць братэрскія сэрцы нашых землякоў адгукнуліся на наш кліч, бо пішуць яны, што ўжо сабралі па падпісному лісту 20 даляраў і 70 цэнтаў, і што хутка вышлюць гэтыя грошы нам. Хутка манімся паставіць новы спектакль, хочам згуляць “Паўлінку” і “Заручыны Паўлінкі”. Добра было б, каб з Вільні нам больш п’есаў падкінулі, як “Суд”, “Гурток” і іншыя п’есы. Збіраемся арганізаваць хор і аркестр. Але і на гэтым праца наша ня спыніцца, як выканаем гэта, яшчэ далей пойдзем”.

Пастаноўкі “Паўлінкі” і “Заручынаў Паўлінкі” у Вялікай Кракотцы вясковая моладзь ажыццявіла.

У пачатку 1928 года ў вёсцы Вялікая Кракотка з’явілася яшчэ адна грамадская арганізацыя — кааператыў “Дабрабыт”. Частка яго даходаў ішла на набыццё літаратуры для бібліятэкі імя Янкі Купалы і на іншыя культурнаасветныя мерапрыемствы. Вось тады і было вырашана пачаць будаўніцтва Народнага дома, у якім размясціўся б кааператыў, бібліятэка-чытальня, глядзельная зала на 300 месц, сцэна і грымовачная. І ў 1930 годзе ў Вялікай Кракотцы ўсё ж пабудавалі Народны дом, а на Новы, 1931 год, там нават адбыўся вялікі беларускі канцэрт. Віленская “Беларуская газэта” за 30 верасня 1933 года пісала: “Усяго некалькі гадоў існуе ў нашай вёсцы Вялікая Кракотка Слонімскага павета спажывецкі каапэратыў. Запраўды, пасля ліквідацыі гуртка ТБШ, каапэратыўная арганізацыя сталася ў нашай вёсцы пунктам, групуючым навокал сябе лепшыя культурнаасьветныя сілы нашай вёскі. Наш каапэратыў не агранічыўся толькі залажэньнем гандлёвага склепу. Ён, побач з нясеньнем вясковай масе пэўных матэрыяльных палёгкаў — заняўся актыўнай культурнаасьветнай дзейнасьцю. Пры яго дапамозе збудаваны Народны Дом, які ў сёньняшніх варунках зьяўляецца запраўдным гонарам вёскі. Сяляне з суседніх ваколіц прыходзяць часта палюбавацца нашым дасягненьнем і, убачыўшы тое, што мы маем і робім, запальваюцца да нацыянальна-вызваленчай працы. Народны дом у нас не пустуе. Мы часта ладзім сьпектаклі-вечарыны, каторыя сьцягаюць масы сялянства з суседніх вёсак. Даход з вечарыны мы аддаем на пашырэньне й узмацненьне культурнай работы. Выпісваем газэты, кніжкі, пасылаем на падтрыманьне беларускіх культурнаасьветных арганізацыяў. Такім чынам, паміма труднасьцяў, якія мы перажылі ў пачатку заснаваньня каапэратыву, сяньня арганізацыя наша стаіць на моцных падставах. Дзейная і масавая праца ўсіх членаў каапэратыву ва ўсіх галінах, прадбачаных статутам, зьяўляецца гваранцыяй таго, што мы ня толькі будзем жыць, але і стала развівацца, паміма злых наскокаў з боку паасобных маласьвядомых альбо варожых элементаў аб закладаньні гурткоў самаадукацыі або вывучэньня беларускай мовы. Таксама неабходна было б пастарацца аб заінсталяваньні ў Народным Доме агульнага радыя”.

А тым часам польская паліцыя перашкаджала дзейнасці беларускіх грамадскіх арганізацый. Праіснаваўшы некалькі гадоў, бібліятэка-чытальня імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы была зачынена паліцыяй, а кнігі канфіскаваны. Праўда, тыя выданні, якія знаходзіліся ў чытачоў і ў перасоўках у вёсках Рудаўка, Малая Кракотка, яшчэ доўга хадзілі па руках і чыталіся вяскоўцамі.

Затым пачаліся рэпрэсіі супраць актывістаў, многіх без суда і следства кінулі ў канцлагер Картуз-Бяроза. Так, Сцяпан Ігнатовіч быў засуджаны на сем гадоў турэмнага зняволення, Рыгор Збраевіч — на пяць, Кастусь Петручэня — на шэсць гадоў турмы. Паэту Валянціну Таўлаю, якога арыштоўвалі неаднаразова, далі восем гадоў.

У верасні 1939 года слаўную купалаўскую бібліятэку ў вёсцы Вялікая Кракотка зноў аднавілі, але праз некаторы час яе дзейнасць была спынена — ужо гітлераўскім нашэсцем.

Дата новага нараджэння Вялікакракоцкай бібліятэкі — жнівень 1946 года. Аднойчы ў вёску завітаў супрацоўнік слонімскай раённай газеты “Вольная праца” паэт Анатоль Іверс. Ён сабраў калгасны сход, на якім было аднадушна вырашана прызначыць загадчыкам бібліятэкі імя Янкі Купалы інваліда вайны Аляксандра Жыткевіча. Трыццаць гадоў адпрацаваў Аляксандр Іванавіч, рабіў усё, каб яго родная бібліятэка апраўдала імя вялікага Купалы.

Многія пісьменнікі дарылі кнігі з аўтографамі асабіста яму як чалавеку, які любіў сваю справу і шырока прапагандаваў родную літаратуру і культуру. Гэтыя кнігі Аляксандр Іванавіч Жыткевіч пакідаў у бібліятэцы, каб чыталі вяскоўцы. “Дарагому Аляксандру Іванавічу Жыткевічу і вялікаму сябру кнігі з сардэчнай павагай Мікола Арочка”, — аўтограф земляка на кнізе “Крылатае семя”. Піліп Пестрак на сваёй кнізе “Неспадзяванак” напісаў: “Жыткевічу Аляксандру — ад шчырага сэрца”.

Вялікую дапамогу ў рабоце бібліятэкі аказала і жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Жывучы ў Мінску, яна амаль кожны месяц прысылала ў бібліятэку пісьмы, бандэролі і пасылкі з кнігамі і альбомамі. У 1951 годзе Уладзіслава Францаўна ўпершыню наведала Вялікую Кракотку, а ў 1957 годзе прымала ўдзел у святкаванні 30-годдзя бібліятэкі. Сустрэчы з гэтай жанчынай Аляксандр Жыткевіч (у 1999 годзе яго не стала) заўсёды ўспамінаў з вялікім хваляваннем, радасцю і цеплынёй. Уладзіслава Францаўна была вельмі задаволена, што бібліятэка на Слонімшчыне носіць імя Янкі Купалы.

Дзякуючы цётцы Уладзі, для бібліятэкі прыслалі свае кнігі з аўтографамі Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Андрэй Макаёнак і многія іншыя вядомыя пісьменнікі.

У 1957 годзе бібліятэку наведалі Пятрусь Броўка, Янка Брыль і Іван Шамякін. Пятрусь Броўка падараваў бібліятэцы свой двухтомнік. На першым томе ён напісаў: “Бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы. З вялікай пашанай да яе прыхільнікаў і актыўных чытачоў. Пятрусь Броўка. 29.5.1957 г.”. Свае аўтографы бібліятэцы тады пакінулі Янка Брыль і Іван Шамякін.

У 1961 годзе свой двухтомнік з аўтографам прыслаў з Мінска Янка Брыль: “Чытачам бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы — з зямляцкай павагай і найлепшымі пажаданнямі Янка Брыль. Мінск, 6.01.61 г.”.

На святкаванне 30-годдзя бібліятэкі ў 1957 годзе ў Вялікую Кракотку прыехалі з Мінска Максім Лужанін, Рыгор Няхай, Пятро Прыходзька, супрацоўнікі музея Янкі Купалы, якія з сабою ў дар прывезлі каля 50 кніг з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў. “Кракоцкай бібліятэцы імя Янкі Купалы ў дзень яе слаўнага трыццацігоддзя ад аўтара Пятра Прыходзькі” — так напісаў на сваёй кнізе “Салдаты міру” паэт-франтавік.

У 1972 годзе Вялікакракоцкая бібліятэка адзначала 90-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы. У вялікім літаратурным вечары, які праходзіў у Вялікай Кракотцы, прымалі ўдзел Сяргей Грахоўскі, Алег Лойка, Анатоль Іверс, Янка Саламевіч і іншыя літаратары. Як памяць пра сустрэчу захоўвала бібліятэка іх кнігі з аўтографамі. Пакінуў аўтограф Сяргей Грахоўскі на кнізе “Тры вымярэнні”: “Чытачам бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы. Жадаю жыць у шчасці, любіць і шанаваць ніву, засеяную Купалавай шчодрай рукою”.

Захоўваліся ў бібліятэцы і кнігі з аўтографамі Алеся Якімовіча, Міколы Аўрамчыка, Леаніда Прокшы, Івана Навуменкі, Сяргея Панізьніка і многіх іншых нашых творцаў. Але самая каштоўная рэліквія, якую захоўвала бібліятэка, — гэта аўтограф Якуба Коласа. У 1952 годзе з Мінска ён прыслаў бібліятэцы сваю кнігу “Адшчапенец”, выдадзеную ў 1950 годзе. На ёй чарнільнай ручкаю напісана: “Бібліятэцы імя Янкі Купалы вёскі Вялікая Кракотка. Якуб Колас. 2.8.1952 г.”. Цяпер кніга з аўтографам захоўваецца ў Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа.

Вялікакракоцкая сельская бібліятэка імя Янкі Купалы Слонімскага раёна за свой 80-гадовы шлях шмат разоў адзначалася ўзнагародамі. У 1960 і 1967 гадах гэтая ўстанова культуры за шматгадовую плённую працу была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры СССР. Дзве ганаровыя граматы і два дыпломы атрымала бібліятэка ад Міністэрства культуры і Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі. ...




Все права на текст принадлежат автору: Сяргей Чыгрын.
Это короткий фрагмент для ознакомления с книгой.
Па слядах Купалы і КоласаСяргей Чыгрын