Все права на текст принадлежат автору: Уладзімір Калеснік.
Это короткий фрагмент для ознакомления с книгой.
Зорны спеўУладзімір Калеснік
Уладзімір Калеснік
Зорны спеў

Літаратурныя партрэты, нарысы, эцюды

БУДЗЁННЫ ДЗЕНЬ З МАКСІМАМ ТАНКАМ


Той шчаслівы для мяне дзень надарыўся ў пачатку кастрычніка 1965 года. Максім Танк быў тады дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Іванаўскай акругі. Едучы на сустрэчу з выбаршчыкамі, ён прапанаваў мне падтрымаць яму кампанію ў паездцы па Брэстчыне. Я ахвотна згадзіўся. Мы дамовіліся ехаць на маёй машыне, каб не быць звязанымі раскладамі грамадскага транспарту.


1

Выязджаем рана, а восьмай. Шлях — на поўдзень, у глыбіню Палесся, да вялікага сяла Моталь. Седзячы ў машыне, Максім Танк дзеліцца дэпутацкімі клопатамі, кажа, што з плана электрыфікацыі Драгічынскага раёна неяк выпала адна вёсачка, і выбаршчыкі, жыхары яе, затурбаваліся, просяць памагчы ім, заступіцца. У Мінску і ў Брэсце даведаўся, што справа гэтая ў руках мясцовых уладаў. На месцы яе і вырашыць прасцей... А яшчэ — школа ў Моталі перапоўнена, у гэтым годзе набіраецца пад дзве тысячы вучняў. Дырэктар сігналіў: «Ратуйце, без новага будынка прападзём». Дэпутату ўдалося пераканаць адказных з Міністэрства асветы — уключылі ў план. Пачнуць будаваць яшчэ адзін корпус.

— Настаўнікі рады будуць,— разважае ўголас Максім Танк.— Добрыя навіны і перадаваць прыемна. А вось адна звестка...

Ён нібы не можа адшукаць належных слоў. Потым гаворыць неяк гняўліва, як бы незадаволены празмернай даверлівасцю, да якое даходзіць размова, ці, можа, сваёю немагатою нешта паправіць:

Жанчыну з дзецьмі павінны выселіць... Зацяўся сваяк — ці не родны брат нават, адсудзіў дом... Як я ні стараўся дапамагчы жанчыне, нічога не выйшла. Закон, кажуць юрысты, на яго баку. Аднавяскоўцы пісалі, што сведкаў той латрыга падкупіў, але ж гэтага не давядзеш...

Яўгену Іванавічу не лёгка гаварыць непрыемнае пра людзей. Канчае з натугаю, перамагаючы грэблівасць:

У вайну, кажуць, той тып перад акупантамі выслужваўся. Як прыйшлі нашы — судзілі, цяпер пад амністыю папаў, вярнуўся. I пачаў спаганяць сваю злосць... на сястры. Фармалізму яшчэ ў нас у судах...

I, нібы асекшыся на абстрактным папроку, для мастака не ўласцівым, пераводзіць гаворку на новы канкрэтны выпадак:

Тройчы пісаў просьбу, каб памілавалі аднаго чалавека. Баявы партызан быў. Пасля вайны арцеллю загадваў у нас на радзіме, у Мядзелі. Прыняў ён дзяўчынку адну там на працу. Бацька тае прынятае ці дзядзька пачаставаў яго з радасці. Зразумела, дзіця на свой хлеб пераходзіць!.. Ды, як на бяду, яшчэ пару кілаграмаў рыбы дамоў таму партызану прынёс: маўляў, драбніца, не пагрэбуй... У нашым азёрным краі — гэта звыклая справа. Ды галоўнае, што і не надта разбярэш, хто там каго частаваў: у партызана шырокая натура, не хацеў даўжніком застацца, таксама ставіў! Адным словам, частаваліся людзі. I знайшоўся нейкі злоснік ці зайздроснік — бух ананімку: подкуп!.. Засудзілі партызана. За хабар. А хабар пад Указ падыходзіць. Памілаванню не падлягае. Пажылому чалавеку пяць гадоў давялося адсядзець. Дык жа калі так фармальна падыходзіць — палавіну Мядзеля трэба было б перасадзіць за падобныя «хабары»!..

Я далучаюся да разважанняў. Сапраўды, выносілі б спачатку такія справы на суд грамадскасці. Паступова выпрацавалася б атмасфера маральнага асуджэння. У глухіх мястэчках, дзе работнікі перакуміліся, знаючы адзін аднаго па многа год, пачалі б адрозніваць дзелавыя адносіны ад таварыскіх, суседскіх, сваяцкіх. Тады ўжо справядліва было б і паступаць больш сурова. Прысуд падмацоўваўся б грамадскім асуджэннем. Суд і прысуд выхоўвалі б, а не толькі каралі. Фармалізм і таропкасць могуць скампраметаваць добрую ідэю. Выйшаў Указ пра хабар — давай шукаць хабарнікаў! Не знайшлі сапраўдных — давай уяўных для навукі астатнім. Занятак у швейкаўскім стылі: «Няма каму каяцца, давайце я пакаюся». Выходзіць з падобнага фармалізму навука навыварат. Фармаліст пераварочвае дагары нагамі задуму заканадаўца.

Змаўкаю, але думка ўсё трымаецца за тэму.

З любові да вяршынь склаліся поўныя іроніі, сарказму, «высокага» Танкавага смеху вершы «Заява ў гарсавет», «Прысніўся сон, што я — заканадаўца», «Ананім», «I ...іншыя». Што ж вам, людзі, не дае ўзняцца над сабою, узысці на вяршыні, жыць і думаць высока? Лянота сэрца? Беднасць фантазіі? Зласлівасць? У нас такое грамадства, што асабістая загана чалавека становіцца грамадскаю з'явай, бо яна паніжае культуру сужыцця людзей. Вось нейкі журналіст або арганізатар нейкага сходу назваў у інфармацыі толькі тых прамоўцаў, якія выказалі бясспрэчныя думкі, таго ж, хто сказаў нязвычнае і рызыкоўнае слова, інфарматар-бюракрат замаўчаў, схаваў, як паперу пад сукно, пад неўразумелае выслоўе — «і... іншыя». А што ж думалі, што сказалі, што прапанавалі рабіць гэтыя «іншыя»? Тут не проста цікаўнасць,

Бо сярод іх
Павінны быць
I новыя Капернікі,
Бетховены,
Купалы,
I Гагарыны,
I... іншыя1 .
Пытанні паэта прадыктаваны жывым клопатам пра ўдасканаленне нашай сацыялістычнай дэмакратыі, пра ўзбагачэнне грамадскага жыцця і грамадскай думкі тымі каштоўнасцямі, якія нясуць у сабе ўсе людзі без выключэнняў. Клопат пра кожнага чалавека арганічны для мастака і мастацтва. На гэты раз гуманістычны клопат Максіма Танка супаў з абавязкамі дэпутата.

Так запланаваны сённяшні дзень.


2

Едзем. Пад рытмічнае фурчэнне матора ўспамінаюцца Нарач, маторка, ранейшыя сустрэчы і гутаркі з Танкам, моманты, калі ён аддаваўся ўспамінам і расказваў так яскрава, ды пра такія здарэнні, што можна было падумаць каму-небудзь збоку — каменціруе прыгодніцкі фільм.

...Мінулі Кобрын, вось і Гарадзец, невялікае мястэчка з сельмагам, сярэдняю школай, сельсаветам і праўленнем калгаса — усё гэта выстраілася па баках дарогі, якая адначасна выконвае ролю і галоўнай вуліцы — адзіная брукаваная, астатнія раскоўзаны аўтамабілямі і трактарамі да таго, што грунт ператварыўся ў рэдкую калатушу.

Я на правах гіда стараюся згладзіць уражанне, паведамляю Яўгену Іванавічу, што тут непадалёку быў маёнтачак Грушава, роднае гняздо і сяліба польскай пісьменніцы Марыі Родзевіч. Між іншым, знаёмыя Леапольда Родзевіча казалі мне неяк, што аўтар «Збянтэжанага Саўкі» быў, як сам прызнаваўся, далёкім сваяком, а не толькі аднафамільцам гэтай папулярнай даваеннай раманісткі.

— Сваяцтва ў гэтых Родзевічаў, відаць, далёкае,— жартаўліва падхоплівае размову Танк,— адлегласць такая, калі не большая, як паміж фацэціямі Леапольда і рамантычнымі аповесцямі Марыі. Дзіва толькі, як такія анахранічныя аповесці маглі падабацца? Нават галовы кружылі моладзі...

Я гавару, успамінаючы свае даўнія ўражанні ад «Грыўды», «Лета лясных людзей», «Дэвайціса», што пісьменніца ўмела зачараваць рамантычнай бескарыслівасцю, летуценнай высакароднасцю, хоць сацыяльныя пазіцыі часта былі ў яе невыразныя, нават старамодныя, кансерватыўныя. Ледзь не разам з ёю і пра той жа край пісала Ванда Васілеўская, а карціны зусім розныя. У Васілеўскай кіпіць барацьба палешукоў супраць асаднікаў, а ў Родзевіч усё цягнецца старая патрыярхальная ідылія. Рахманыя, забабонныя мужыкі і шляхетны пан дзедзіч, місіянер. Ён ідзе на кліч продкаў, ідзе цывілізаваць край і вяртаць былую славу свайму роду. Невядома толькі, ад каго яна чула такія легенды. Сама хіба што і была іх стваральніцай і адзіным прататыпам-дзіваком. Сяляне мясцовыя ўспамінаюць яе добра: абыходлівая была з людзьмі, дапамагала, у каго бяда ці патрэба, турыстаў заўсёды частавала ў Грушаве хлебам і малаком, любіла гойсаць вярхом на кані, стрыглася пад «польку» і насіла мужчынскія боты і галіфэ. Усё гэта інтрыгавала моладзь. Відаць, літаратурныя заробкі дазвалялі пісьменніцы рамантычна адносіцца да сваёй гаспадаркі і навакольных людзей. Зрэшты, тут справа не ў грошах, а ў характары чалавека. Яна не магла быць іншай, нават калі б не мела маёнтка ці не мела літаратурных заробкаў. Была б захопленым, бескарыслівым, крыху зухаватым фантазёрам. Гэта ўзнятасць над практычнымі справамі і ачароўвала маладыя душы. Лепшыя яе творы і сёння перавыдаюцца. Я неяк купіў у кнігарні «Дэвайціс», перачытаў — і пашкадаваў, што разбурыў свае юнацкія ўражанні.

...За акном цягнецца голая бязлесная раўніна. Сяды-тады аднастайнасць гэтай роўнядзі нераразаюць аж да гарызонта старыя канавы — гэта ўсё адгалінаванні ад асноўнага Каралеўскага канала, які мы перасячом далей, за Антопалем. Глядзіш на гэтую панылую аднастайнасць пейзажу і думаеш: «Далёка адгэтуль павінна была шукаць Марыя Родзевіч такія рамантычныя аб'екты, як свяшчэнны волат-дуб Дэвайціс, пад якім адбываецца таямнічая дзея ў рамане».

Максім Танк слухае мае разважанні, як ён заўсёды ўмее, з выразам ветлівай уважлівасці. Але, я ведаю, ён не можа слухаць пасіўна, зараз падкіне нейкае парадаксальнае пытанне, дасць такі паварот думцы, што адразу выявіцца ахілесава пята тваіх меркаванняў, з якімі ён быццам і згаджаўся. Я не памыліўся. Яўген Іванавіч павяртае гаворку на каляіну сучаснасці.

— А як ты лічыш,— нібыта пытае, нібыта прапануе разважыць яго сумненні і прыжмурвае вока (мне відаць яго лоб і вока ў люстэрку аўтамашыны),— ці не здаецца табе, што хваля гістарычных аповесцей, апавяданняў, вершаў, што зараз набірае сілу ў нас, таксама нечым нагадвае тую старамодную рамантычнасць, якая была ў Марыі Родзевіч? Таксама гэта як бы запозненая з'ява. Чытаеш іншы раз і шкадуеш, чаму не з'явіліся такія рэчы ў XIX ці хоць бы ў пачатку XX стагоддзя. Цяпер гістарычная літаратура такога тыпу мае меншыя шансы. Як да яе студэнты ставяцца? Не дужа, відаць, захапляюцца?

— Наадварот. Гісторыкі ў нас не любяць пісаць папулярна, а цікава пісаць мала хто ўмее. Таму ў моладзі, асабліва ў «філалагічнай» моладзі, моцны голад на даўніну. Мастацкія творы ў нейкай меры замяняюць і папулярную гістарычную літаратуру. Гістарычнымі аповесцямі зачытваюцца студэнты. Прытым успрымаюць мастацкія творы без скідкі на белетрыстычнасць.

— Дык там жа ідэалізавана, прыхарошана...— Яўген Іванавіч паблажліва ўсміхаецца,— ды часта не тое, што варта ідэалізаваць. Вось апісвае, напрыклад, адзін малады аўтар князя і захоплена ўскліквае: «Як ён прыгожа еў!» Хіба князь умее прыгожа есці? Арыстакратычная манернасць у застоллі прыгожая? Мужык, селянін есць прыгожа, са здаровым апетытам есць і крошкі акуратна сабярэ. Вось гэта прыгожа! А то — князь... Я рукапіс таго аўтара, хоць ён мо і пакрыўдзіцца, многа дзе скараціць прапанаваў, калі для «Полымя» вычытваў.

Мне здаецца, што недахопы літаратуры на гістарычную тэму — гэта адно, а пытанне пра яе запозненасць — другая справа, таму я перадаю Яўгену Іванавічу словы студэнтаў, ацэнкі канкрэтных твораў, гавару пра тое, як цікава і хвалююча праходзілі ў нас, у Брэсцкім педінстытуце, сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам. Мне здаецца, што ў яго рамантычных творах пэўная ідэалізацыя свету якраз і падабаецца моладзі. Канешне, важна, каб рамантызавалася вартаснае, гуманістычнае. Мне вядома, што студэнты і асабліва студэнткі захапляюцца ў рамантычных творах высакароднасцю герояў, адухоўленасцю штодзённых адносін паміж імі. Гістарызм тут — сродак узвышэння маральных праблем да маштабаў агульначалавечых. Не падабаецца дзяўчатам залішняя спрошчанасць асабістых адносін, развязнасць, якую пад выглядам дэмакратызацыі таварыскіх зносін практыкуюць некаторыя сучасныя маладзёны. Дэвальвацыя рыцарскай паставы ў нейкай часткі нашых маладых мужчын засмучае інтэлігентных дзяўчат.

Нешта падобнае, што ў вашым вершы «Сучасная дуэль»,— пераходжу я на канкрэтнасць і нават спасылаюся на афарызм Канта, які назваў мастацтва гульнёй, у часе якой высакародныя думкі становяцца звычкамі ды змякчаюць дзікасць нораваў.

Яўген Іванавіч, відаць, палічыў, што пазіцыі высветлены, пераводзіць размову на іншую тэму:

— Тут жа недзе павінен быць Дзівін?

Я здагадваюся, што гэты гарадок зацікавіў Максіма Танка ў сувязі з сялянскім паўстаннем 1933 года. Расказваю паважанаму госцю, як я першы раз трапіў у гэтыя мясціны ў маі 1950 года, цікавячыся вытокамі паэмы Таўлая «Кобрыншчына».

Пра Кобрынскае паўстанне Яўгену Іванавічу расказваў па свежых уражаннях Мікалай Дворнікаў, які арганізаваў тады дэманстрацыю сялян супраць голаду і кіраваў паходам на маёнтак Булькова. А ўзброены напад на пастарунак паліцыі ў Навасёлках і намер заняць Дзівін — гэта ўжо рэвалюцыйная ініцыятыва сялян, стыхійны парыў. Валянціну Таўлаю расказаў пра тую баявую ноч Канстанцін Грабайла, паўстанец, які сядзеў з ім у адной камеры на Лукішках.

Гаворка наша трапляе то ў давераснёўскія, то ў ваенныя часы, але па сутнасці яна пра адно — пра чалавека, пра яго здольнасць на гераічнае, высакароднае дзеянне, пра знаходлівасць, уменне знайсці выйсце і з кур'ёзных абставін.

Да сакратара Навагрудскага акругкома камсамола, у якога летам 1932 года спыняўся Максім Танк, тады інструктар ЦК КПЗБ, прывезлі з Вільні падпольную літаратуру. Дзяўчына-кур'ер у той жа вечар, выканаўшы даручэнне, стала маткаю. Аказалася, дзяўчына была служанкаю ў горадзе, і гаспадары прадбачліва звольнілі цяжарную з работы. Да бацькоў у вёску ехаць баялася. Падрадзілася перавезці літаратуру падпольшчыкам. Ці не разабраліся, што жанчына ў крытычным стане, ці, можа, думалі — менш падазрэнняў будзе выклікаць у паліцыі... Давялося маладым сябрам узяць не малы па тых умовах клопат на сябе.

Прыгадваецца Танку Нарачанскае паўстанне рыбакоў. ЦК КПЗБ даручыў яму выратаваць інструктара ЦК Аляксандра Багданчука, параненага паліцыяй. I ён уладзіў пераправу важака паўстання за граніцу — у СССР. Паэт дзівіцца сёння, але не са сваёй смеласці падпольшчыка, а з літаратурнай дзёрзкасці, з якою ён анісаў тыя падзеі ў паэме «Нарач».

— Калі б паліцыя была хітрэйшая, дык для яе лепшага матэрыялу і не трэба было б шукаць. Але мастацкіх твораў яны не разглядалі ў такім аспекце. Маё шчасце!.. А то маглі б цераз маю паэзію папасціся ўдзельнікі... Вось было б!..


3

Максім Танк задумаўся, маўчыць. Пад уражаннем пачутага я пачынаю неяк больш выразна адчуваць сакрэт мастацкасці. Часта, не толькі ў адказах школьнікаў ці студэнтаў, даводзіцца чуць выказванне, быццам мастак адлюстроўвае рэчаіснасць адною галавой — думкі, ідэі, доказы... або толькі адным сэрцам — пачуцці, любоў і нянавісць, захапленне і пагарда — у лепшых выпадках рацыянальнае прыплюсоўваецца да эмацыянальнага. А на самай справе мастак адлюстроўвае рэчаіснасць усёй асобай, жыццём сваім, сваёю рызыкай, сваімі чалавечымі поспехамі і няўдачамі, шчасцем і горам — сваім лёсам. Тут увесь сакрэт. Тут таямніца мастацкага ўздзеяння — чалавека на чалавека, лёсу на лёс.

Цяпер, рыхтуючы гэтыя нататкі да друку, мне хочацца ўвесці факты, якія тады, у 1965 годзе, я толькі пачынаў збіраць — факты архіўныя. Надта ўжо яны пасуюць сюды.

Інфармацыйны камунікат польскай паліцыі № 142: «Скурко Яўген, псеўданім «Сівер», сын Івана і Дамінікі з дому Хвалько, народжаны ў 1912 годзе ў вёсцы Пількаўшчына Мядзельскай воласці Пастаўскага павета, вучань, праваслаўны, кавалер, рост 172 см., светлы бландзін, вочы блакітныя, апошні час пражываў у Вільні, вул. Букавая, 14, кв. 1, дня ІІ.ІУ.1932 г. зволены з-пад арышту, з турмы на Лукішках акруговым следчым панам Булгакам, абвінавачаны па артыкуле 102 крымінальнага кодэкса. Уцёк у невядомым кірунку, відавочна, у СССР»2.

Згубленую нітку гэтай падзеі мне давялося знайсці ў «Кантрольнай кнізе арыштаваных дзісненскаю павятоваю паліцыяй у горадзе Глыбокім за 1931-1934 гг.». Супроць парадкавага нумара 131 там запісана:

«24 мая Скурко Яўген, сын Івана і Дамінікі... арыштаваны як суб'ект, на якога вёўся розыск. 26 мая 1933 г. а шостай гадзіне адпраўлен па этапу ў распараджэнне акруговага следчага суддзі ў Вільні, пана Булгака»3.

Суд ішоў два дні — 6 і 7 лістапада 1933 года, кастрычніцкімі святамі. Следчыя, як гаворыць сам Яўген Іванавіч, фабрыкавалі гэты працэс паспешліва, бо звялі ў адну кучу людзей, якія да суда, на волі, нават не бачылі адзін аднаго ў вочы. Злосная фантазія пракурора стварыла на паперы з гэтых людзей групу змоўшчыкаў, якія намерваліся адарваць ад польскай дзяржавы ўсходнія землі. Так была заведзена «Справа Серафіма Лавора і іншых». Лавор — гімназіст, абвінавачваўся за тое, што вёў камуністычную агітацыю ў часе перадвыбарчай кампаніі, а іншыя — хто ў чым. Пад націскам аргументаў, якія прывёў падсудны Яўген Скурко, суд вымушаны быў апраўдаць яго.

Але пракуратура і следства не збіраліся дараваць гэтую сваю няўдачу. Яны ведалі, каго трымалі ў руках. Пракурор патрабаваў кары, падаў на апеляцыю. Апеляцыйны суд сабраўся на пасяджэнне ізноў у знамянальную камуністычную дату — 1 мая 1934 года. Справу Танка тут абараняў стары віленскі адвакат, былы ўдзельнік I з'езда РСДРП Казімір Петрусевіч. У свой час ён быў абаронцам Якуба Коласа. Адвакату ўдалося адстаяць Максіма Танка. Апеляцыйны суд даў маладому паэту два гады турмы ўмоўна. Рашэнне матывавана «тым пераконаннем, што кара такога роду будзе для яго дастатковай перасцярогай»4.

Пракурор, аднак, зацяўся. Выпадак дапамог яму зноў абвінаваціць двойчы апраўданага падпольшчыка і пасадзіць на лаву падсудных. Чацвёртага лютага 1934 года, калі маці адходжвала Танка ад турэмнага раматусу, лукішскі наглядчык Аляксандр Трухан знайшоў у вентыляцыйных люках 175 камеры тайную перапіску палітвязняў, так званыя «грыпсы». Там былі перапісаныя гіесні «Мы пожара всемирного пламя», «Слезами залит мир безбрежный» і фрагмент паэмы «Як бог гуляў на ігрышчы».

Следчай службе няцяжка было дазнацца, хто мог пісаць і перапісваць такія рэчы. У свой час да вязняў, з якіх следчыя скалочвалі групу падсудных змоўшчыкаў, быў падсаджаны канфідэнт, нейкі Сіцько. Праўда, ён аказаўся няўдалым канфідэнтам, бо адразу пасля прысуду 7 лістапада напалохаўся і падаў суддзі заяву, у якой раскрыўся, стаў прасіць адмены прысуду, спасылаючыся на інструкцыі свайго шэфа, нейкага пана Лабяка з Навагрудскай дэфензівы. Паводле судовых законаў Польшчы інфармацыя платнага агента не лічылася доказам. Трэба было даводзіць іншымі, дазволенымі прыёмамі слушнасць такіх звестак.

Відаць, з гэтаю мэтаю 20 жніўня 1934 года са Сваткаўскага пастарунка ў Пількаўшчыну быў пасланы паліцэйскі Генрых Молюс. Паназіраўшы ноч за хатай бацькоў Яўгена Скурко, ён а шостай гадзіне правёў вобыск і захапіў 8 сшыткаў «з рознымі нататкамі падрыўнога зместу»5. Яфрэйтар Молюс арыштаваў маладога паэта, закаваў у кайданы і пагнаў у Паставы. Там 21 жніўня арыштаванага дапытваў следчы суддзя пан Салавей. Допыт нічога не даў, арыштаванага выпусцілі. Але ненадоўга. 19 верасня ў Паставы выехаў віленскі следчы, дапытаў паўторна і распарадзіўся арыштаваць паэта і пераслаць па этапу ў Вільню.

— А-а-а!.. Зноў вярнуўся стары госць,— насмешліва прывітаў вязня наглядчык Лукішскай турмы і замкнуў яго ў 164 камеры.

Змест захопленых пры вобыску сшыткаў і пратаколы допытаў не давалі, відаць, дастатковага матэрыялу для новага судовага абвінавачання. Следчы вырашыў выкарыстаць эксперта-графолага, якому даручыў любой цаной давесці, што грыпсы, захопленыя ў турме, пісаў Яўген Скурко.

Заключэнне графолага:

«...гэтае пісьмо аздобнае, старанна стылізаванае, пісанае павольна, чытабельна, з няроўнымі націскамі... графіка літар своеасаблівая, індывідуальная. Індывідуальныя рысы выступаюць у пераменных націсках... Даследаванне і параўнанне пісьма Яўгена Скурко з пісьмом захопленых грыпсаў паказала поўнае падабенства»6.

I ўсё ж следчым органам і пракуратуры не ўдалося пераканаць суд. Іх сістэму доказаў разбіў сам падсудны.

Памятаю, аднойчы расказваў Яўген Іванавіч, што ён заўважыў у акце абвінавачання яўную нацяжку. На гэта зрабіў націск у часе абароны.

Следчыя перастараліся, яны сцвярджалі, што падрыўны змест напісаных Танкам грыпсаў запазычаны з мінскай газеты «Звязда». Падсудны дачакаўся, калі суд пачаў дапытваць наглядчыка Трухана ў якасці сведкі абвінавачання, і спытаўся ў яго, ці трапляюць вязням на Лукішкі савецкія газеты. Той напалохаўся самой думкі пра такое і замахаў галавою: «Гэта немажліва». Наглядчык думаў перш за ўсё аб прэстыжы турмы, аб чэсці свайго мундзіра. Падсудны выкарыстаў яго прафесійнае зазнайства для самаабароны.

Максім Танк успамінае пра гэта з яўным задавальненнем, як пра ўдалы фокус. Наглядчык даў падсуднаму ў рукі козыр, і той загнаў у тупік суддзяў. Патрабаваў ад іх логікі: «Як жа я мог узяць падрыўныя выказванні з савецкіх газет, калі быў вязнем на Лукішках?» Аўтарства паэмы «Як бог гуляў на ігрышчы» ён з затоенаю ўсмешкаю пераадрасаваў так, на арапа, савецкаму сатырыку Кандрату Крапіве — пазавіце яго да адказнасці, панове...

Усё гэта вельмі лоўка выходзіць, калі глядзець здалёк. Але цікава ведаць, што ж на самой справе рабіў паэт на Лукішках? У літаратуры замацаваліся сцвярджэнні, што на яго ініцыятыве там пачаў выдавацца літаратурны часопіс «Краты», а не толькі рэфераты, лістоўкі, адозвы. На жаль, дагэтуль не знойдзены ніводзін экземпляр гэтага часопіса. Задавальняемся ўспамінамі былых палітвязняў. Нядаўна мне пашчасціла сустрэць дакумент, які пралівае новае святло на гэту падзею — «Інфармацыя аб камуне ў Лукішскай турме 1933—1934 гг.», адрасаваная ЦК КПЗБ. Без подпісу. Інфарматар гаворыць, што з чэрвеня 1933 года ў Лукішскай турме выходзіў рукапісны часопіс «Палітзак» (выйшла 7 нумароў), а з мая 1934 года яшчэ і «Бюлетэнь», прысвечаны палітыка-выхаваўчай і арганізацыйнай рабоце турэмнага камітэта.

«К канцу 1933 — пачатку 1934 года,— піша інфарматар,— сабралася ў турме некалькі таварышаў-літаратараў, публіцыстаў, якія далі пачын выдання літаратурнага часопіса. У лютым паявіліся першыя 2 нумары гэтага часопіса «Краты». Трэці нумар, ужо напісаны, трапіў у рукі адміністрацыі. Перад маім выхадам з турмы рыхтаваўся двайны нумар 4—5.

Паяўленне гэтага часопіса моцна закранула многіх таварышаў, якія раней не думалі пісаць, а зараз да будучых нумароў прыслалі свае вершы і допісы.

Гэты часопіс быў вельмі прыгожа выданы і як на турэмныя ўмовы нават раскошна: у двух колерах, з выдатнай па сваёй кампазіцыі вокладкай. Уплеценыя ў тэкст актуальныя лозунгі складаюць адно графічнае цэлае з графікаю тэксту. Усё пераплецена яшчэ ў ахоўную палатняную вокладку (усе выданні, выходзяць на рускай, беларускай і польскай мовах)»7.

Відаць, група літаратараў і публіцыстаў — гэта супрацоўнікі «Беларускай газеты», стваральнікі Літаратурнага фронту: Валянцін Таўлай, Алесь Рэдзька, Янка Патаповіч, Якуб Міско, якіх арыштоўвалі ў канцы 1933 — пачатку 1934 г.

З прыведзенага дакумента магло б вынікаць, што Максім Танк толькі падключыўся да выдання «Кратаў» у часе другога зняволення. На самай жа справе ён заснаваў часопіс, калі быў у турме першы раз, толькі інфарматар пра існаванне тых першых нумароў не даведаўся. Факт сумна-паказальны для характарыстыкі ўмоў, у якіх вымушана была пашырацца рэвалюцыйная заходнебеларуская паэзія.

Суд на пасяджэнні 5 снежня 1934 года прызнаў, што «абвінавачаны Скурко не вінаваты... і пастанавіў апраўдаць яго»8. Пракурор Ежы Яцэноўскі, незадаволены такім рашэннем, зноў падаў на апеляцыю. Відавочна, па ініцыятыве адваката апеляцыйны суд запрасіў паўторнае заключэнне графолага. Новы эксперт, нехта Мечыслаў Бжэскі, заявіў 20 лютага 1935 г.: «...почырк Скурко не мае асабліва характэрных рыс, гэта сярэдні тып хуткага канцылярскага пісьма»9.

На гэты раз абвінавачанне праігрывала яшчэ больш яўна, але суд, відаць, зрабіў жэст, разлічаны на супакаенне амбіцыі пракурора,— даў падсуднаму 2 гады турмы ўмоўна і пазбавіў грамадзянскіх правоў на 5 год.

Чым жа абурала пракурора тая паэма маладога аўтара? Да судовай справы прыкладзены як рэчавы доказ тэкст. Сапраўды крамольны, падрыўны, больш чым антырэлігійны.

У падарожжы, пры шпаркім руху, думкі часта набягаюць патокамі: нага прыціснула «газ»... «Хай думае пра сваё. Можа, згадаўся яму Рыгор Шырма, што калісьці бласлаўляў у паэтычную дарогу, або Васіль Труцька, выдавец першага яго зборніка «На этапах», разам праследаваны ўладамі. Абодва гэтыя хросныя бацькі паэта родам з Палесся».

Увайшоўшы ў пратаптаную каляіну, мая памяць высмыкнула з сярэдзіны 30-х гадоў яго верш «Над Прыпяццю»:

Меле гром над полем хмары,
Дождж густы, сцюдзёны сыпіць
На палескія імшары
I на Прыпяць...
Мы ідзем у час найгоршы
Смерці, волі на спатканне.
Гэта мо этап апошні —
Заўтра ўстанем!10
У думках часцей здараюцца нечаканасці, чым у жыцці. Машынальна паўтараючы вершаваныя радкі, я раптам заўважыў, што яны даюць адказ на пытанне, як склаліся стыль і манера давераснёўскага Танка, дзе знайшоў паэт пункт адштурхоўвання, антыпод, якога не хапала яму. Традыцыяй, якую наважыўся пераадольваць Танк, сталі рэцыдывы нашаніўскай паэзіі — чуллівасць і мляўкі сум, нараканні і слёзы. Такое ж успрыманне нашаніўскай паэзіі ўласціва было маладнякоўцам. Адсюль, відаць, і пачуванне сваяцтва ў Танка. Толькі Танку ўдалося «зняць» гэты сум глыбей, чым маладнякоўцам. Замест знешняй павярхоўнай радаснасці ён даў жыццесцвярджальную трагедыйнасць. Яна ёсць і ў вершы «Над Прыпяццю», яна кіруе самавыяўленнем паэта, дзеяннем яго душы.

«Меле гром над полем хмары...» — у свеце ідзе ломка нейкіх каштоўнасцей, і мы ўключаны ў гэты працэс, таксама ідзём на спатканне смерці і волі.

Таямнічасць... У давераснёўскай паэзіі Максіма Танка цьмянае — неад'емны спадарожнік паэтычнага. Дзіўна, але факт. У зборніках савецкага часу паэт апублікаваў тыя вершы, якіх не дазваляла друкаваць польская цэнзура. Асабліва шмат такіх тэкстаў адноўлена ў «Лістках календара» — кнізе, створанай па матывах давераснёўскага дзённіка і іншых твораў тых год. Ніводзін новы тэкст, на жаль, не паднімецца да ўзроўню «Спаткання», «Песні кулікоў», «Паслухайце, вясна ідзе», «На пероне» і іншых шэдэўраў, вядомых з легальных віленскіх выданняў. Адмаўленне старых устояў і сцвярджэнне духоўных каштоўнасцей рэвалюцыйнага руху праводзіцца тут іншасказальна. У маналогах — цьмяныя выслоўі, частыя абрывы, шматкроп'і. Ці не супрацьпаказана рамантычнай паэзіі маляваць з'явы жыцця пры дзённым святле?..

Палітычны ўціск высмоктваў жыццёвыя сілы, але Максім Танк не быў бы вялікім паэтам, каб дазволіў загубіць свой дар. Праследаванні надавалі яго паэтычнаму самавыяўленню трагедыйную напружанасць. Цьмянае, таямнічае, забароненае было непазбежным кампанентам у штодзённых сувязях рэвалюцыянера з жыццём. Рэвалюцыя, што выспявала ў нетрах жыцця, была найвялікшаю таямніцай. Таму не магла рэвалюцыйная паэзія адмовіцца ад таямнічасці.

Танк любіць чамусьці «праясніваць» давераснёўскія тэксты пры перавыданнях і часта зніжае іх паэтычнасць. Цьмянымі ж павінны былі быць у тых умовах самыя глыбокія выказванні, спавядальныя прызнанні, прадказанні... Многа паэтычнасці было і ў шурпатасці радка, яна часта несла эфект спантаннасці выказвання.

Помніцца мне, у першым тэксце верша «На пероне» былі такія радкі:

Гляджу і гляджу з-пад рукі,
Як моладасць нашу вывозяць.
У найноўшых выданнях паэт замяніў «моладасць» на «юнацтва», бо, паводле правілаў беларускага літаратурнага вымаўлення, трэба гаварыць «маладосць», а не «моладасць», хоць у народзе кажуць так і гэтак. Слова «маладосць» не кладзецца ў радок, змена націску прывядзе да парушэння рытму. Паэт увёў слова «юнацтва». Чым жа яно горшае за «моладасць»? Тым, што расслабляе метафарычнасць выказвання. Па-беларуску «юнацтва» абазначае — маладосць і моладзь. Калі цягнікі вывозяць моладзь, дык метафарычнасць выслоўя прападае. Сакрэт экспрэсіўнасці тропа ў значнай сэнсавай дыстанцыі паміж прадметамі, якія ўступаюць у сэнсавую сувязь. Каб адлегласць перамагчы, патрэбна высокае напружанне духу, моцная іскра думкі, фантазіі і пачуцця, здагадлівасці, адчування. У апошнім варыянце паэт зменшыў дыстанцыю, самкнуў катоды, і аслабла іскра.


4

Маўчанне ў нас зацягнулася. Мне як гаспадару час аднавіць размову, хаця б для таго, каб мой пасажыр не падумаў, што я няўпэўнена сяджу за рулём. Гавару Яўгену Іванавічу, што знайшоў нядаўна новыя архіўныя дакументы пра яго ўдзел у рэвалюцыйным заходнебеларускім падполлі. Ёсць дакладная дата першага арышту. Паліцэйскія інфармацыі пра яго дзейнасць у Пількаўшчыне. Шкада, што позна знайшоў. Як бы ўсё гэта легла ў маю «Паэзію змагання».

Яўген Іванавіч ажыўляецца:

— Прышлі, браце, мне копіі. Можаш?

Я не чакаў такога павароту гутаркі.

— Пастараюся прыслаць.

Фотакопіі тых дакументаў я парабіў, а паслаць... Неяк не хапіла мяне на гэта.

Не паслаў, а сёння, дапрацоўваючы свае нататкі 1965 года, шкадую. Не ведаў я тады, што Максім Танк якраз недзе працаваў над кнігай «Лісткі календара». Атрымалася глыбокая кніга. Архіўныя звесткі, якія былі ў мяне на той час, не шмат дапамаглі б аўтару. Хіба што маглі б паслужыць дадатковым творчым штуршком, як вузельчыкі памяці. Але памяць у яго і без таго выдатная, учэпістая, па-мастацку канкрэтная, эмацыянальная. Недакладнасці ў датах падзей нязначныя, і, галоўнае, яны не парушаюць карціны ў цэлым.

Крытыка, мне сёння думаецца, хоць і высока ацаніла «Лісткі календара», але не ўдакладніла напластаванні гістарычнага і сучаснага аўтарскага мыслення ў гэтай складанай кнізе. Патрактавалі крытыкі яе ледзь не як твор давераснёўскай заходнебеларускай мемуарнай літаратуры, глухія намёкі на тое, што гэта як бы своеасаблівая паэма, нічога не ўдакладняюць11. Незразумела гэтае затоенае дыханне. Кніга выдатна дэманструе самой з'яднанасцю першаснага тэксту і сённяшняга разгорнутага асэнсоўвання мінулага цэльнасць асобы аўтара. Гэтым трэба дзівіцца, як цудам, феноменам жыцця. Шкілет фактаў ёсць у давераснёўскіх дзённіках, у артыкулах і нарысах паэта, але кніга завершана ў 60-я гады і належыць таксама гэтаму перыяду жыцця аўтара і жыцця народа. Тут ёсць над чым падумаць. Напрыклад, сустракаюцца ўсмешліва-паблажлівыя ацэнкі заходнебеларускай літаратуры як свайго ўласнага юнацтва: «Заходнебеларуская паэзія прадстаўлена нейкімі пастаралкамі. Аж дзіву даешся, адкуль яны бяруцца ў народа, жыццё якога поўна трагедый»12.М. Танк мае права на такую паблажлівасць. Але ніхто не пазбаўляе права і абавязку крытыкаў адзначыць асаблівасць яго пазіцыі і манеры ды паспрабаваць яе. вытлумачыць, пракаменціраваць, нават удакладніць. Бо атрымліваюцца кур'ёзы, калі вучоны прымае выказванні паэта без уліку іх вобразнай умоўнасці. Так у адной нядаўняй акадэмічнай кнізе наўпрост ужо гаворыцца, быццам М. Танку давялося ратавацца «ад фармалістычных уплываў польскай «авангарды» і ад прымітыву заходнебеларускай паэзіі»13.

Варта было аўтару прыгадаць хоць бы агульны прынцып ацэнак, якога прытрымліваўся М. Танк, каб выказвацца асцярожней. М. Танк піша ў «Лістках календара»: «Агулам у паэзіі мне падабаецца ўсё, што я яшчэ не ў сілах стварыць сам» 14. Ён дадатна ацэньвае сімвалізм У. Жылкі і Л. Родзевіча і шкадуе, што «з ім размінуўся, калі ішоў за плугам...»15. Нарэшце такое выказванне: «У нас няма розніцы паміж літаратурай і забастоўкай, літаратурай і дэманстрацыяй, таму амаль на ўсіх палітычных працэсах разам з барацьбітамі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне на лаве падсудных знаходзілася і наша заходнебеларуская літаратура»16.

У адным месцы М. Танк закрануў вершы Ігната Дварчаніна, якія трапілі да яго, перапісаныя інжынерам Сцяпанам, што вучыўся ў Празе, а потым працаваў у віленскім камуністычным падполлі. Дварчанін не прэтэндаваў на паэтычнае імя. Друкаваў ён асобныя вершы, у тым ліку і прыведзены М. Танкам — «Вечнасць», у газетах ды студэнцкіх часопісах, падпісваючы іх крыптонімам «I. Д.», але не выдаў зборнікам, хоць у пачатку 30-х гадоў у Заходняй Беларусі выдаваліся і слабейшыя рэчы. Дварчанін друкаваў толькі «Хрэстаматыю беларускай літаратуры», друкаваў упарта, выпуск за выпускам. Гэтая праца адыграла выдатную ролю ў культурным жыцці Заходняй Беларусі. Па ёй вучыўся і Максім Танк. У мемуарах паэт не быў абавязаны даваць цэласны партрэт Дварчаніна, меў права даць адзін штрых, але крытыка абавязана растлумачыць мімалётнасць такога штрыха.

Ігнат Дварчанін не быў паэтам. Не мог ён стаць і вялікім грамадска-палітычным дзеячам, бо быў літаратарам і рамантыкам па духу. Неўраўнаважаны, чуллівы, ён ад нараджэння быў асуджаны на захапленні і расчараванні, хістанні і пакуты ад уласных памылак. Вось адна спавядальная гісторыя Дварчаніна, узятыя мною з пісьма да Уладзіміра Жылкі. Справа адбываецца ў 1924 годзе ў Пражскім універсітэце. Дварчанін адыходзіць ад эсэраў, уступае ў гурток студэнтаў-марксістаў:

«Жылачка!

Ты кажаш, што мы блізкія і па пераконаннях... Ці ж банкрут каму-колечы блізкі? Ці ж ён мае што-небудзь пазітыўнае, цвёрдае, моцнае? Між двух крэслаў!.. Ёсць адно: грунтоўная класавая свядомасць і, можа быць, трошкі «чэснасці» з сабою...

Адно ў мяне здаровае — інстынкт. Ніколі ў жыцці ён мне яшчэ не здрадзіў, спадзяюся, што і надалей паслужыць, верны таварыш... Скажаш: «Дзе ж марксізм, братка? Гэта лірыка ўсё!» I марксіст можа быць лірыкам. У яго сэрца б'ецца ва унісон з касою селяніна і малатком каваля... I ён мае чуццё!»17.

Здаецца дастаткова, каб адчуць, што Дварчанін — паэтычная натура. Вядома, гэтага мала, каб стаць паэтам на справе, але эмацыянальнасць самавыяўлення была яму ўласціва і, напэўна, перашкаджала ў палітычнай дзейнасці лідэру пасольскага клуба «Змаганне», але яна штурхнула яго на стварэнне ўпамянутай «Хрэстаматыі». Карацей кажучы, асоба Дварчаніна складаная і больш значная ў сваіх супярэчлівасцях, чым пра гэта засведчаць яго вершаваныя творы.

«Лісткі календара» заслугоўваюць, на мой погляд, больш уніклівай увагі крытыкі, чым тая, якая была ім аказана. Кніга выклікае вялікую павагу і вялікую дапытлівасць. Яна чакае грунтоўнага прачытання, каб сказаць шмат цікавага.

Вяртаюся да падарожжа.

Наша гутарка пра архіўныя дакументы навяла Максіма Танка на адзін успамін. I я пачуў развязку гісторыі, якая мяне даўно цікавіла.

Жыў у 30-я гады ў Вільні беспрацоўны, спачуваў камуністам. Партыя абсталявала ў яго на кватэры падпольны гектограф. Там друкаваліся лістоўкі і дэкларацыі Цэнтра нацыянальна-вызваленчага руху і Літаратурнага фронту сялянскіх і рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Памятаю, у архіўных дакументах мяне здзівіла рускае прозвішча гаспадара падпольнай друкарні — Цімафееў, а ў графе «веравызнанне» — старавер. У часе вобыску паліцыя знайшла ў яго толькі 12 чыстых клішэ ды некалькі пачкаў паперы. Судзіць няма за што. Як сведчаць дакументы славутага суда над удзельнікамі Літаратурнага фронту і легальнай камуністычнай прэсы, Цімафеева Івана Яўстафавіча апраўдалі. Але што з ім здарылася далей — я не ведаў. Не лёгка адшукаць сляды чалавека, які хоць раз апынуўся каля эпіцэнтра тых землетрасенняў, што калацілі наш край апошнія паўвека. Я не ведаў. Максім Танк, аказалася, знаў.

Тады, у 1936 годзе, паліцыя самаволяй выдварыла Цімафеева ў СССР — калі ты, маўляў, рускі, ды яшчэ старавер, ды яшчэ дапамагаеш камуністам — валяй туды... А там прынялі яго за шпіёна... Час быў даволі складаны, усялякія нечаканасці маглі ўпрыгодзіцца з чалавекам, тым больш калі ў яго самога было не ўсё проста ў жыцці... Пасля XX з'езда КПСС, каб вярнуць добрае імя чалавеку, органы пракуратуры звярнуліся да Максіма Танка, і ён прыпомніў гэтага чалавека, хоць прайшло больш за два дзесяткі гадоў.

Я слухаю і думаю сабе, як добра, што ў паэта такая памяць на добрых людзей і на добрыя справы. Гэта ж і ёсць тая зайздросная памяць сэрца, якою лёс надзяліў мастакоў.

У вершах Максіма Танка апошнім часам усё часцей і настойлівей гучыць гэта слова — памяць. Мне асабіста здаецца, што вяртанні да перажытага натуральныя ў чалавека, які разменьвае шосты дзесятак. Ды якіх жа гадоў!

Чытаючы ў свой час зборнікі «След бліскавіцы», «Мой хлеб надзённы», «Глыток вады», а сёння пераглядаючы гэтыя нататкі, хочацца дадаць яшчэ «Хай будзе святло», я неаднойчы адчуваў, што паэт не падмалоджваецца, не надзяляе лірычнага героя дарам вечнае маладосці, як гэта часам робяць некаторыя шаноўныя аўтары. Каму і навошта патрэбна ўзроставая паказуха: «Я, маўляў, чалавек у гадах, але душа маладая...» Хіба ў нас такая ўжо нястача маладосці і лішкі сталай мудрасці? Хутчэй наадварот. I на гэта ёсць невясёлыя гістарычныя прычыны.

Мне падабаецца, што Максім Танк неяк вельмі натуральна, я сказаў бы, сумленна і мужна пераходзіць са сваім лірычным героем з аднаго ўзроставага пакалення ў другое. Ёсць у гэтым нешта здаровае, нават прыгожае. Паэтычны дыялог з чытачом захоўвае праўдзівасць і ўнутраную чалавечую пераканаўчасць. Тры кругі зрабіла жыццёвая лодка паэта: першы — рэвалюцыйнае падполле ў Заходняй Беларусі, другі круг — Вялікая Айчынная вайна. Цяпер ідзе разварот на трэцім, самым высокім крузе.

Быў час, калі герой вершаў і паэм Максіма Танка ганарыўся і пакутаваў маладосцю, тым узростам, які асабліва балюча адчувае няволю, звязаныя крылы, немагату (паўтару прыгаданае):

На Захад ідуць цягнікі.
Лён, жыта, сасна і бяроза...
Гляджу і гляджу з-пад рукі,
Як моладасць нашу вывозяць18.
Гераічнае і трагедыйнае змаганне за права быць маладым, ісці ў будучыню, знішчаць і тварыць — скразная тэма і страсць паэзіі Танка на першых двух кругах. Слова яго закліковае, валявое, баявітае. Нават там, дзе герой толькі перажывае і думае, ён змагаецца, змагаецца з самім сабою, са сваёй нерашучасцю, сумненнямі, рыхтуе поле для змагання і перамог над знешнімі ворагамі. У праграмным вершы «На камні, жалезе і золаце» паэт выказаў адчуванне адрознасці гэтых трох кругоў. Ён улічвае тут розныя колеры знешняга жыцця і часу, таму на камні хоча ўвекавечваць мінулае народа, на жалезе — яго баявыя подзвігі, на золаце — славу стваральнае працы.

Стваральная праца даражэй за ўсё. Пачаўшы жыццё на чорных ад гневу сялянскіх барознах у Нарачанскім краі, пазнаўшы небяспечныя сцежкі падполля і турэмныя этапы ў Заходняй Беларусі, а потым вогненныя дарогі вайны, паэт дасягнуў тых высокіх трас, па якіх сёння імкне балючая прага пазнання, творчая азоранасць, палахлівае прадбачанне, трывога свету. Максім Танк здзіўляе даследчыкаў і захапляе чытачоў цэльнасцю свайго погляду на жыццё як на чалавечую каштоўнасць. У паэта такі ўніверсальны крытэрый, які падказвае цану ўсяму існуючаму, гэта крытэрый працы:

Хоць ніколі не быў стараверам,
Але нават і сёння, прызнацца,
Усе вартасці, ісціны меру
Я мужыцкім аршынам — працай.
Толькі не трэба браць гэтага паэтычнага выслоўя літаральна, як часам робяць крытыкі, прыпісваючы Танку сялянскі густ. Максім Танк даражыць светам хлебаробаў, светам свайго дзяцінства і першаснага жыццёвага вопыту. Свет гэты прыгожы сваёй натуральнасцю. Тут складваюцца натуральныя адносіны чалавека да працы, да хараства зямлі і людзей, але сялянскі свет усяго адна сярод многіх вядомых паэту сфер працоўнага жыцця і стваральнай дзейнасці. Не заўсёды, на жаль, і мы, крытыкі, выразна гаворым пра гэта. Вось, да слова, у нядаўнім цікавым артыкуле добры знаўца паэтыкі Максіма Танка звужана трактуе паняцце свету М. Танка. «...разуменне паэтам маралі,— піша ён,— дабра і зла, прыгожага трывала асноўваецца на этычных і эстэтычных поглядах селяніна-працаўніка, хлебароба». Далей крытык спрабуе пашырыць граніцы свету мастака. «Сучасную паэзію Максіма Танка,— дадае ён,— з поўным правам можна назваць агульнанароднай, нацыянальнай...»19.

Сялянскасць жа і народнасць — паняцці даволі далёкія. Мне здаецца, пра гэта гаворыць падтэкст, які закладзены ў цытаваных раней радках:

Усе вартасці, ісціны меру
Я мужыцкім аршынам — працай (IV, 9).
Нельга ўспрымаць іх як прамое самапрызванне паэта. Каменціруючы тэкст, крытык і напісаў, што ў гэтым вершы паэт «адкрыта заяўляе...». На самой справе М. Танк палемізуе. Ён ніколі не рабіў сакрэтаў са сваіх маральных і эстэтычных перакананняў, і ў гэтым выпадку яму не карціць зрабіць яўным тое, што было тайным. Паэт кідае выклік інтэлігентным снобам, сцвярджаючы, што яго крытэрый ацэнак просты, як мужыцкі аршын,— гэта крытэрый працы. Праца — стары, але безадказны аршын, якім можна вымераць грамадскую вартасць чалавека, яго перакананняў, яго спосабу жыцця. М. Танк настойвае на тым, што ў ацэнках людзей і жыцця важна не «мадэрнасць» гэтых ацэнак, а іх слушнасць, іх пазнавальная сіла, аб'ектыўнасць. Часам людзі, баючыся праслыць старамоднымі, гоняцца за інтэлектуальнай утончанасцю ацэнак. А ці не баяцца некаторыя прыхільнікі суперсучаснасці элементарнай аб'ектыўнасці «мужыцкага аршына»? Ці не хлусяць яны, калі грэбліва крывяцца на элементарнасць і старамоднасць гэтай меркі? Палемічны падтэкст выказвання народнага паэта шырокі: яго «мужыцкі аршын» можна прыкласці да новаавангардысцкіх міфаў, якія на нашых вачах плодзіць сучаснае буржуазнае «грамадства масавага спажывання», дакладней, люмпен-інтэлігенты на Захадзе. Прынцыпова варожыя працы, розуму і сумленню, гэтыя аблудныя міфы прызначаны спакушаць і цягнуць моладзь назад да жывёльнасці, да бяздумнай свабоды біялагічных асалод.

Калі настойваць на сялянскай аснове крытэрыяў паэта, дык міжвольна звузіш ацэначны абсяг яго твораў. «Мужыцкі аршын» у Танка — гэта і народны і агульначалавечы ацэначны крытэрый. Паэт ужывае яго вельмі шырока. Нават у такой далікатнай матэрыі, як любоўная лірыка, мы сустракаем гэты самы прынцып ацэнкі:

О, як бы жалі рукі такія,—
Ave Maria!
Зместам і формай Танкаў верш «Ale Maria» далёкі ад сялянскасці, але ацэнкі чалавека і жыцця ў ім вызначаюцца глыбокай народнасцю, таму яны аднолькава блізкія інтэлігенту, рабочаму і селяніну. Толькі снобы, аслепленыя модай, не ўбачаць тут мудрасці і глыбіні.

Я не звярнуў бы і ўвагі, можа,
Каб не пабачыў між іх прыгожай
Адной манашкі, якая мае
Не болыш хіба як семнаццаць маяў: —
Чорныя вочы, бровы густыя,—
Ave Maria!
У словах верша «семнаццаць маяў» (перыфраза «семнаццаць гадоў» — сімвал дзявочай сталасці ў народных песнях), як і ў словах «чорныя вочы, бровы густыя» — (традыцыйных вобразах дзявочай красы ў фальклоры) селянін уловіць подых народнага ідэалу дзявочай красы. Чаму ўвёў паэт народны крытэрый ацэнкі хараства? Відавочна таму, каб крытычна аднесціся да занябеснага хрысціянскага ідэалу, які ўвасабляе манашка. Эстэтычным поглядам народа арганічна ўласціва ўяўленне, што хараство чалавека — гэта росквіт яго фізічных і духоўных сіл, гатовых выліцца ў працы і барацьбе, у спяванні і каханні, у абавязках бацькоўства і мацярынства.

Такі менавіта рэнесансавы аспект ацэнак чалавека выступае ў «малітве» лірычнага героя. Яна звернута не да неба, а да зямное красы манашкі-затворніцы. У «малітве» ідуць побач праца, гулянне і мацярынства. З пункту гледжання вузка сялянскага гулянне было б лішнім, збыткоўным. Увайдзі паэт у натуру селяніна, і міжвольна збедніцца яго ідэал жыцця, вобразы верша страцяць тую чалавечую паўнату. якою мы захапляемся, ганарымся як заваёваю нашага савецкага стылю жыцця:

... О, як бы жалі рукі такія,—
Ave Maria!
... Як танцавалі б ножкі такія,—
Ave Maria!
... О, як кармілі б грудзі такія,—
Ave Maria!
Язычніцкая антымалітва сцвярджае чалавечы смак зямных цяжкасцей, асалод і абавязкаў. Адкрыта, але не груба супрацьпастаўляе паэт свецкую і царкоўную малітвы:

Глядзіць набожна на крыж пятровы,
А я малюся на яе бровы (III, 137).
Падобнае параўнанне, зробленае на прыстойнай адлегласці, адпавядае народна-фальклорнай традыцыі, тут няма нетактоўнага блюзнерства. Прыгадаем па аналогіі народную песню:

Як пайду я да касцёла,
А ў касцёле ксяндзоў многа,
Ксяндзы моляцца ды мыляюцца:
На мяне, маладую, заглядаюцца —
Што я тонкая, высокая, белая-румяная,
Белая-румяная, хораша прыбраная.
Малітва красе ў М. Танка дараўноўвае сваёй цнатлівасцю малітве богу. Голас пачуццёвасці паэт сублімаваў, зашыфраваў, зняў эротыку з пажаданняў героя. Яго герой моліцца нават не на твар прыгажуні, а на бровы, г. зн. на хараство як такое.

Варта звярнуць увагу на рэдкую ў Танка грацыёзнасць, падкрэсленую зграбнасць гэтай малітоўнай страфы. Па-народнаму разуметае каханне патрабуе святочнай прыбранасці ва ўсім. Кампанент, які ўвасабляе тут святочную аздобленасць жыцця,— інтанацыя, мелодыка-інтанацыйная пабудова выказвання. Уся страфа — адзін разгорнуты, але вельмі зграбна згарманізаваны сказ. Другі і трэці рытмарады прыпыняюць моўны паток не на стыках фраземаў, а на самой бруі, ствараючы зацёнлівы меладычны малюнак. Ажно тры інтанацыйныя паўзы ўвёў паэт замест адной, што належалася па простаму сэнсу выказвання. Моўны паток стаў перарывістым, набыў дадатковую напружанасць, у яго ўвайшло ўсхваляванае прыдыханне.

Танк, вядома, пайшоў далей фальклорнага вопыту ў эстэтычным асэнсаванні інтымных зносін. Спакушэнне зямным гуманізмам настолькі сінтэзавана ў яго вершы, што, не рызыкуючы ўпасці ў павярхоўнасць, мы не можам паставіць на месца лірычнага героя нейкага канкрэтнага чалавека. Нават д'ябал-спакуснік у кантэксце гэтага верша будзе здавацца заліпне канкрэтнаю фігураю. Паэт сумясціў у сваім лірычным героі рысы розных людзей, нават розных узростаў: ён надзяліў героя юначай сарамлівасцю і ў той жа час даў яму духоўны вопыт бацькоўства (юнак, мабыць, не падумае пра дзяўчыну пры першай сустрэчы: «О, як кармілі б грудзі такія...»).

Зямная малітва героя — гэта шкадаванне аб страце прыгожаю затворніцаю трох чалавечых радасцей: радасці працы, радасці гульні-забавы, радасці мацярынства.

Ідэалу царкоўнаму, які патрабуе аскетычнага, затворніцкага подзвігу, паэт супрацьпаставіў народны гуманістычны ідэал, які патрабуе ад чалавека подзвігу працы і абавязку. Манашка размінулася са сваім чалавечым прызваннем. Але яна не вінавата. Над ёю стаіць векавое заблуджэнне, адвечны аўтарытэт манастырскага падзвіжніцтва — «зводы цёмныя і глухія». Лірычны герой перажывае як высокую драму чалавечага духу здольнасць адступацца ад зямной будзёншчыны і пагружацца ў містыфікаванай ідэальнай дасканаласці, вяртацца ў сябе. Маладая манашка прыгожая неразбуджанай сілай жыцця. I тое, што нельга разбудзіць гэту сілу зямною спакусліваю малітвай, таксама ўражвае нас, бо выяўляе моц чалавечага духу, які трапіў у стан міжвольнага заблуджэння. Бачыць тут паражэнне лірычнага героя — недарэчна. Менавіта народная шырыня светаўспрымання дазволіла паэту знайсці сітуацыю, якая выражае складанасць чалавечых узаемаадносін і характараў.

Сваю паэтычную творчасць Максім Танк смела ставіць у адзін рад з працаю хлебароба, рабочага і называе паэзію то хлебам надзённым, то глытком вады, то чымсьці большым:

Без чаго, як без маці
Або без радзімы,
Ні нараджацца, ні жыць
На зямлі немагчыма (III, 61).
I да народнае мовы ён адносіцца так, як селянін да хлеба. У «Лістках календара» гаворыць: «Ледзь змусіў сябе дачытаць Хлебнікава. Мне здаецца, што падобнымі эксперыментамі могуць займацца паэты, перад якімі ніколі не стаяла пытанне: быць ці не быць іх мове».

Паэт умее без зухаўства і пахвальбы ганарыцца сваім жыццёвым вопытам як набыткам шматгадовай барацьбы і працы. Ён здабыў гэтую сталасць думак, пачуццяў, прадчуванняў, здабыў сваімі рукамі, сваімі пакутамі, сваёй ахвярнасцю:

Нават найменшую праўду
Я здабываў мазалямі,
Сеткай вылоўліваў з тоні,
Плугам выворваў з глебы.
Можа, таму мне сёння
Дорага кожная маласць:
Як на чале кропля поту,
Як на стале крошка хлеба (III, 469).
Неразменнасць светаўспрымання, якая сцвярджаецца тут, вырастае ў кантэксце народнай, працоўнай канцэпцыі жыцця, паднімаецца да ўзроўню праблемы агульначалавечай. Бялінскі прыкмеціў, што асоба таленавітага мастака канцэнтруе ў сабе і ўзбуйняе тыповыя рысы нацыянальнага характару таго народа, да якога належыць мастак. У складзе натуры і паэзіі Максіма Танка выступае беларускі народны характар, узбагачаны рэвалюцыйным гуманізмам, здабытым у горне вызваленчага руху, удзельнікам і песняром якога быў паэт, вопытам вайны і міру, гісторыі і сучаснасці.

Народнасць светавыяўлення, арганічна з'яднаная з сучаснасцю,— вось у чым сакрэт дзейснасці паэзіі Танка.

Паэт не стараецца быць модным, сучасным і маладым, хоць часам, жартуючы, і паскардзіцца на гады, што ў вырай адляцелі, ды застаецца сабою, чалавекам, які нялёгкаю працай і змаганнем здабыў сталасць думак, пачуццяў і ацэнак жыцця.

I ён выдатна сябе адчувае ў сталым узросце, шмат абяцае і многа дае:

Таму, пакуль свет велічны, барвовы
У маім сэрцы і грыміць, і ззяе,
Магу я абяцаць шмат песень новых
I толькі цішыні не абяцаю (III, 197).
З уласнага вопыту педагога знаю, што менавіта гэтаю сталасцю думак, пачуццяў і ацэнак жыцця ўся паэзія Танка, і асабліва сучасныя творы, кранае моладзь.


5

Пад калёсы кладзецца роўная, гладкая стужка дарогі. Дзьме вецер. Старыя вербы шпурляюць на мокры асфальт пажоўклыя бляшкі лістоў. Мінаем аднастайныя вёсачкі. Тыя, што пры лесе, забудаваны сасновымі домікамі амаль гарадскога тыпу. Пафарбаваныя белай, блакітнай, аранжавай фарбаю рамы і аканіцы, зухавата надзетыя кепачкі лёгкіх шыферных дахаў. Гэта ўзнятыя з попелу і друзу сялібы партызанскага краю. Пра баявую славу гэтых мясцін нагадваюць абеліскі над брацкімі магіламі партызан і мірных людзей, памардаваных захопнікам.

Не ведаю, мажліва, ад прысутнасці паэта ўвесь час прачынаецца патрэба мастацкага слова ці гэта мернае калыханне аўтамабіля наводзіць на рытм верша, сугучнага карцінам, што мільгаюць за ветраным шклом,— памятаю толькі, што зусім нечакана адчуў на губах гарэністы смак элегічных радкоў. Яго радкоў:

Дрэвы забылі пра буры і страты,
Раны свае залячыла зямля.
Толькі нічога забыць не змагла ты,
Памяць мая!
Другая страфа неяк выслізгваецца з галавы і ўсплывае адразу трэцяя:

Нават і сёння, калі зноў на золку
Я запяваю з птушынай сям'ёй,—
Чую, іржавыя ныюць асколкі —
У песні маёй (III, 384).
Размова наша цалкам пераходзіць на партызанскія тэмы. Размова гэта даўняя. Летам я збіраў матэрыялы пра антыфашысцкую групу, створаную ў гады акупацыі Валянцінам Таўлаем. Сяляне расказвалі пра адну загадкавую гісторыю, фінал якое застаўся не высветлены. У вёсцы Гаравічы, непадалёку ад Навагрудка, гавораць, з'явіўся зімою 1941 года савецкі разведчык. Прадаваў нібыта сахарыну ды фарбу парцяную і шарсцяную... Папрасіўся завесці ў горад. Там уладкаваўся манцёрам на электрастанцыі, прабраўся ў вайсковы гарадок і падсунуў міну пад вадакачку, ці што. Немцы нарваліся, як падкладваў, схапілі, гналі ў турму, дык ён з-пад канвою ўцёк. I не знайшлі. Прымчаўся назад у Гаравічы. А жандары следам. Дык Валянцін Таўлай, які ў той час для маскіроўкі сакратаром у валасной управе рабіў, змыліў пагоню, накіраваў фашыстаў на іншую дарогу. А разведчык уцёк у Налібоцкую пушчу...

— А як ён называўся, разведчык? — пытаю.

Паціскаюць сяляне плячыма: «А хто яго ведае. Такі з выгляду цыганаваты быў, высокі і на ўсіх мовах гаварыў... А як зваць, хто ж яго ведае... Так ён табе і скажа, о-го-го! Ды хто ж там дапытваўся тады? Ну, вось, хоць бы прымерна як і ў вас... Хто вас ведае, якая ваша фамілія».

Можна ўявіць маё здзіўленне і радасць, калі гэтым летам у размове з Максімам Танкам я пачуў тую ж гісторыю ды яшчэ і прозвішча героя — Адынец.

— Гэта той Адынец Ян, якому Вы ў вайну верш прысвяцілі? — зачапіўся я за тэму.

— Так, той. У 1942 годзе ён у Маскве ў шпіталі ляжаў. Разрыўною куляю быў у сківіцу паранены. Зраслася так, што зубы добра не сходзіліся. Давялося ўжо хірургам нанова ламаць і зрошчваць другі раз. Увесь твар, памятаю, у бінтах, а ён не траціць гумару. Толькі ўсё непакоіўся, хоць бы вайна без яго не скончылася! Мы яго наведвалі з Ежы Путрамантам. Яны таксама былі знаёмы з Вільні. Путрамант нават нарыс пра яго партызанскія справы напісаў: «Chłopiec z Wilna» — загаловак памятаю. Друкаваўся ў польскай газеце, што выходзіла ў Маскве.

Ухапіўшыся за гэтыя факты, я тады ж пайшоў у Архіў Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Але тут узніклі новыя цяжкасці. У картатэцы значыцца некалькі дзесяткаў беларускіх партызан з прозвішчам Адынец.

— Удакладніце,— прапануюць мне,— як яго звалі: — Адынец, Одынец, Адзінец? Ян ці Іван?

Ізноў іду я ў рэдакцыю «Полымя» да Максіма Танка. Ён пытаецца па тэлефоне ў жонкі, Любові Андрэеўны.

— Ян псеўданім, а ён жа Паўлік,— чуем у адказ.— Ён на Новым Свеце20 камсамол арганізаваў, Мы ж поблізу жылі. Я часам хадзіць позна ноччу баялася, хуліганаў шмат было, вядома, на ўскраіне. Дык пазней Паўлік хваліўся: «Мы, камсамольцы, вас ахоўвалі. Здагадваліся, што вы ў партыйным падполлі працуеце...»

Сапраўды, камсамольцы не памыляліся. Паліцыя не спускала вачэй з Любові Андрэеўны. Ахова была, так сказаць, з двух бакоў: камсамольцы — сабе, паліцыя — сабе. У адным з архіваў мне трапіўся матэрыял, які сведчыць, што аж на радзіму суправаджала пільнае паліцэйскае вока сясцёр Асаевіч — Любу і Соню. Віленская паліцыя інфармуе 25 кастрычніка 1935 года павятовае паліцэйскае ўпраўленне ў Паставах: «Соня ў мінулым месяцы прыязджала да Асаевіча, затым пасля 2 дзён выехала назад у Вільню. Люба была каля 10 кастрычніка г. г. і, пераначаваўшы, таксама выехала цераз Мядзель у Вільню. У часе прабывання абедзве кантактаваліся... са Скурко Яўгенам»21.

Дзякуючы дапамозе Любові Андрэеўны мне тады ўдалося зрабіць больш дакладны заказ наконт Адынца ў Архіў і атрымаць звесткі менавіта пра таго чалавека, якім я цікавіўся: Адынец Павел Фаміч, беларус, 1916 года нараджэння, камандзір партызанскага атрада імя Суворава брыгады Аляксандра Неўскага, памёр ад ранаў і тыфу 12 красавіка 1944 года, пахаваны ў вёсцы Зачэпічы.

Восенню 1965 года я трапіў у тыя мясціны. Аб'ездзіў Ліпічанскую пушчу ля развілкі Шчары і Нёмана. Яшчэ ўсё ў памяці свежае ад тае паездкі. У мястэчку Орля прачытаў на абеліску чатыры прозвішчы партызан, усе з 1922 года — мае аднагодкі. Потым на памяць прыходзілі партызанскія сябры, якім не давялося дажыць да канца вайны. З'явілася недарэчнае адчуванне, быццам Паўла Адынца таксама сустракаў у партызанах, быццам разам хадзілі на падрывы, разам пераплывалі Нёман пад абстрэлам, хоць партызаніў я не тут.

Каля Орлі Нёман шырокі і быстры, у пойме — магутныя дубы над ціхаводдзем старыц. Урачыста рабілася на душы, стоячы ў засені гэтых волатаў. Маё верхняе Наднямонне дзівосна прыгожае, але хараство там іншае, больш пяшчотнае, лагоднае, коласаўскае хараство:

Дзе на свеце ёсць такая,
Як Нёман, рэчанька другая?
Тут хвалі светлы, срэбралітны,
А беражкі — ну аксамітны...
А тут усё велічнае, маштабнае. Ехаў нібы праз свяшчэнныя язычаскія гаі, разглядаўся, каб не наткнуцца дзе на святое вогнішча перуна. Мой добраахвотны памочнік у пошуках дзён былых — тутэйшы чалавек, ветэран партызанскай барацьбы Уладзімір Шымановіч глядзіць на рэчы больш празаічна. «Тут калгаснікі свіней на жалудах адкормліваюць, а дзеці паназбіраюць цэлыя тоны гэтага корму. Тут свіны корм не праблема». Я прыгадваю артыкул са старадаўняга юрыдычнага статута: «А хто свіней у чужы лес на жолудзь пагоніць, а той застанет, чый лес, то аднаго вепра з правам сабе забіць мае». Часы і норавы...

У размове з Танкам я не магу перадаць гэтай спракаветнай рамантыкі. Няёмка займацца паэтызацыяй у прысутнасці сапраўднага паэта. Расказваю толькі пару эпізодаў з жыцця Паўла Адынца (аказваецца, імя Ян — адзін з яго падпольных псеўданімаў, якімі ён карыстаўся і тут, у Шчучынскай зоне).

Другі раз Адынец трапіў у варожы тыл у сорак трэцім. Яго як інваліда доўга не хацелі залічыць у войска. Сакратар Беластоцкага абкома КПБ тав. Самуцін, выпраўляючыся ў тыл ворага, узяў яго ў сваю групу на ўласную руку. У 30-я гады Васіль Амельянавіч Самуцін узначальваў Беластоцкі падпольны акружком КПЗБ, таму паважаў былых капэзэбаўцаў, чые высокія маральныя якасці пазнаў яшчэ тады. Адынец жа выхоўваўся ў радах КПЗБ.

З партызанскім злучэннем генерала Капусты яны прайшлі летам 1943 года ад Старобіна, куды іх прывезлі самалёты, да Ліпічанскай пушчы. Мелі заданне прабрацца пад Беласток па тэрыторыі, якую акупанты ўключылі ва Усходнюю Прусію. На выхадзе з пушчы, у Зубераўскіх лясах, завязаўся бой. Дывізія эсэсаўцаў перарэзала шлях партызанскаму злучэнню. Праціўнік атакаваў, стараўся раздзяліць партызан, каб знішчыць па частках. Тры атакі адбілі за дзень партызаны. Ноччу немцы на пяці машынах вывозілі трупы. Назаўтра пайшлі ў бой нямецкія танкі. Партызаны вымушаны былі адступаць у глыб Ліпічанскай пушчы пад Орлю. Камандзір першай роты атрада імя Аляксандра Неўскага, нядаўні кадравы афіцэр Аляксандр Іванавіч Аношын атрымаў загад прыкрыць адыход злучэння. Павел Адынец вызваўся далучыцца да гэтага заслону, хоць камандаваў тады дыверсійнаю групай і мог адступаць з асноўнаю масай.

Заслон рушыў насустрач ворагу. Павел ішоў побач з камандзірам роты. Змяркалася. Раптам трасіруючая куля шмыганула паміж імі. Адынец усміхнуўся: «Добрая прыкмета, камандзір, жыць суджана!» Ледзь занялі прыстойны рубеж, а карнікі ўжо тут. Аношын шапнуў Адынцу: «Пашка, пагавары з імі па-нямецку». Аношын не чакаў такога — Адынец устаў і пайшоў у кірунку немцаў, адышоў, праўда, усяго некалькі крокаў і стаў падклікаць праціўніка на перагаворы. Карнікі спыніліся. Нямецкая мова дзейнічала на іх, як заклінанне. Завязаліся перагаворы, цэлая цырымонія знаёмства. На пярэднюю групу ворагаў сталі напіраць, падыходзячы ззаду, салдаты. Атрымалася табала. Тады Аношын урэзаў з аўтамата ва ўпор, на цэлы дыск... Адынец адскочыў да сваіх, а ўслед за ім шыбанулі гранаты. Загудзеў бор. Бой сціх глыбокай ноччу. Партызаны адышлі на новы рубеж.

Засталіся жывыя.

Неўзабаве Адынца назначылі інструктарам у Скідзельскі падпольны райком партыі. Ды там ён не прыжыўся, шукаў самай небяспечнай работы. Сакратар райкома таварыш Аўсейчык вярнуў Адынца назад у атрад да Аношына (першая рота перарасла ў асобны атрад імя Аляксандра Неўскага).

— Вазьмі ты, Аношын, калі ласка, гэтага чудзіка. Мне такіх забіякаў не трэба.

— А мне якраз патрэбны такія. Дыверсійная група Адынца ўзрывала эшалоны, чыгуначныя масты, не раз біла ворага з засадаў — і ўсё гэта акрамя асноўнай работы разведчыка. Капітан дзяржбяспекі Адынец меў спецдаручэнні. Як гаварыў мне партызанскі ўрач Іван Пляўко, яму часта даводзілася рабіць сяброўскія паслугі Паўлу — круціць ручку бабіны, каб той мог перадаць на Вялікую зямлю зашыфраваныя звесткі.

Незадоўга да трагічнай пагібелі Адынец прыняў камандаванне атрадам імя Суворава, пачаў падцягваць баявую дысцыпліну. Выхоўваў прыкладам. Яго паранілі белапалякі на Бярозаўскіх хутарах. А як, бывала, хітра ўмеў ён прашмыгнуць цераз іх зону! Прыкінецца якім-небудзь панам паручнікам Рысем, загаворыць на сваёй віленскай пальшчызне, дазнаецца пра размяшчэнне белых і пройдзе як па сваёй зоне. На гэты раз падвёў нейкі зацялёпа з ягонай групы. Не паслухаў камандзіра, самахоць зайшоў на польскі хутар і загаварыў па-руску. Гэтага хапіла. Адынец адбіваўся. Разрыўная куля прайшла па рэбрах. Заціснуўшы рану, ён выводзіў сваіх к Нёману. Пераплыў яшчэ Нёман у разліве. Дабрыў да свайго атрада і асунуўся непрытомны.

— Рана? Ён бы выжыў,— запэўніваў мяне доктар Іван Сямёнавіч Пляўко,— але тыф якраз падключыўся. Я, брат, сам тады,— нібы апраўдваецца медык,— на тыф злёг. У гарачцы бот за халяву схапіў і давай сваіх санітараў дубасіць... Выдалася, быццам яны немцы...

Дагарэў Павел Адынец за некалькі дзён. Трызніў, у гарачцы лаяў таго неслуха-партызана, то па-дзіцячы клікаў маці і жаласліва плакаў, што яна не прыходзіць.

...Плакаў не толькі непрытомны, у гарачцы камандзір. Яго дужа любілі. Бывала, як толькі ўбачаць — вяртаецца з задання,— бягуць насустрач хлопцы: «Пашка, прывет! Прыйшоў! Расказвай жа, што там?» Яго абкружаць і не адпусцяць, покуль не раскажа навін, прынесеных з паходу. А майстра быў на штукі, любіў пажартаваць... Гаварыў, праўда, шапялявячы — ніжняя сківіца ўстаўная, пасля першага ранення,— але ён не моцна бянтэжыўся з гэтай прычыны...

— Вось бы і напісаў пра яго,— гаворыць Яўген Іванавіч.— Варта ж?! Такі цудоўны хлопец.

Мяне прыемна кранае такая гарачая рэакцыя паэта на гераічнае. Хоць і ведаю, што героіка рэвалюцыі — адна з карэнных тэм яго творчасці. З яе пачынаўся струмень паэзіі Максіма Танка. Набраўшыся сілы, гэты струмень тады яшчэ вынес сціплую літаратуру Заходняй Беларусі ў рэчышча сацыялістычнага рэалізму. Азораныя рэвалюцыйнаю героікай творы Максіма Танка гулкім рэхам адазваліся ў польскай прагрэсіўнай літаратуры другой палавіны 30-х гадоў. Яго творы надавалі рэальны сэнс ідэі духоўнага яднання мастацкай інтэлігенцыі даваеннай Польшчы на платформе народнага антыфашысцкага фронту. У вершах і паэмах беларускага мастака польскія пісьменнікі бачылі зайздросны ўзор высокай ідэйнасці, народнасці, эстэтычнай дзейснасці. Яны слушна лічылі, што вызваленчы рух, да якога належаў Максім Танк, апладняў яго паэзію. Польскія літаратары ўлоўлівалі пэўныя аналогіі, паміж беларускім паэтам і сваімі славутымі рамантыкамі XIX стагоддзя, нацыянальнымі вешчунамі, будзіцелямі.

Прайшло больш за трыццаць гадоў, як Максім Танк увёў у літаратуру вобразы гераічнага асілка Вяля, вобраз важака народнага паўстання Кастуся Каліноўскага і вобразы сваіх сучаснікаў, падпольшчыкаў, што кіравалі паўстаннем нарачанскіх рыбакоў — Грышкі і Прахора. Гэта быў паэтычны і грамадзянскі подзвіг паэта. Так успрымалі паэтычную працу Танка той пары яго чытачы. Ён, відаць, моцна і высока адчуваў маральную падтрымку сучаснікаў, бо часта любіць прыгадваць падзеі, што леглі ў аснову паэмы «Нарач», і сам дзівіцца сваёй дзёрзкай маладой неўсвядомленай смеласці.

Не толькі ў гады маладосці гераічнае было для Максіма Танка прывабным як вышэйшая мера прыгожага. Ён не адмовіўся ад сваёй даўняй любві да гераічнага і сёння, толькі любоў стала больш патрабавальнаю, удумліваю.

З году ў год гераічная плынь паэзіі Максіма Танка паглыбляецца, набывае філасофскую прасветленасць. Яна жывіцца і надалей сівымі легендамі і памятнымі падзеямі вызваленчай барацьбы ў Заходняй Беларусі, франтавымі і партызанскімі подзвігамі. Яна ўбірае і героіку сённяшніх дзён: змаганне народаў за мір і барацьбу супраць каланіяльнага рабства. Паглыбленае асэнсаванне подзвігу звязана ў творах Танка з духоўным узбагачэннем героя. У вершы «Стары мост» былы франтавік прыгадвае, як у ярасці бітвы ён перабег па мосце пад варожым агнём і не баяўся, не раздумваў. А вось пасля вайны ён ідзе па тым жа мосце, і яму робіцца сцішна, яму прыгледзелася, што ў праломах насцілу — не водарасці, а рукі яго колішніх баявых сяброў:

Працягнутыя з глыбіні
Да зелянеючых бяроз,
Да сонца, што зарой ўстае...
I мо таму сягоння мне
Праз гэты мост цяжэй ісці,
Як у той час, калі агонь
Шалеў над хвалямі, ў трысці,
Калі мы рваліся найбольш
Прайсці дарог, мастоў і рэк,
Калі ніхто не ведаў з нас,
З кім развітаецца навек... (III, 210)
Па тэме і задуме гэты верш Максіма Танка нагадвае шэдэўры беларускай ваеннай лірыкі: «Героя» П. Панчанкі, «Рану» П. Броўкі. Толькі ў сферу лірычнага дзеяння тут уведзены час. I час-лекар аказваецца не лекарам, а нязмоўклым сумленнем свету, сумленнем, якое расце разам з пагрозай знішчэння, разам з патрэбаю міру.

Асэнсаванне гераізму ў сучасных вершах Максіма Танка стала псіхалагічна ўзбагачаным, глыбей адцененым трагедыйнасцю. Відаць, не толькі суб'ектыўная паглыбленасць успрымання адыграла тут сваю ролю, не меншае значэнне мае ўплыў працэсу гуманізацыі грамадства, які шпарка развіваецца ва ўмовах барацьбы за мір. Няспынна расце цана жыцця чалавека. Працэс гуманізацыі грамадскай свядомасці асабліва сугучны сацыялізму, бо сацыялістычны ідэал вырас з пачуцця справядлівасці і спачування абнядоленаму і знявечанаму класавым уціскам чалавеку.

Максім Танк умее прымусіць чытача паўней адчуць і глыбей ацаніць заваяваную ў агні баёў свабоду, права на мірную працу, на простую чалавечую радасць. Радасць выцягнуцца ў траве недзе над Нёманам і над Нараччу, радасць вярнуцца з зорных палётаў пад родную страху:

Простае шчасце людское,
Так як і наша з табою,
Нэўна, складаецца з солі.
З хлеба, сабранага ў полі,
З поту, дарожнага пылу,
З роднага небасхілу,
З дружбы, мацнейшай ад смерці,
З песні... I так мне здаецца:
Каб з чаго іншага скласці,
Дык ці было б яно шчасцем (III, 221).

6

Тым часам мы ўжо і ў паўдарогі да Драгічына, цэнтра раёна, да якога належыць і вёска Моталь. Спыняемся ў Антопалі, невялікім мястэчку, заходзім паснедаць у чайную. Тут людна, але без таўкатні. Нядаўна Антопаль быў райцэнтрам, і чайная будавалася з прыкідкай на раённыя маштабы, цяпер працуе з недагрузкай. Палавіна сталоў не занята, але пры буфеце чарга чалавек дваццаць. Прывалілі, відаць, праезджыя калгаснікі, на плошчы іх чакае некалькі грузавікоў. Жанчыны заказваюць каву, аладкі, тварог са смятанай, зрэдку якая байчэйшая просіць бутэльку піва; мужчыны налягаюць на «свіныя плечы» і для апетыту бяруць па сто грамаў «Маскоўскай» ці па шклянцы віна. Толькі шафёры перасцярожліва косяцца на хмяльную спакусу. Адзін нейкі памяты, як смаржок, дзядуля настойвае на ста пяцідзесяці. Высыпаў на прылавак усё серабро і медзякі, падлічыў — не хапае пару капеек. Паглядае дзед на буфетчыцу як чалавек, якога сустрэла вялікая бяда. Буфетчыца паціскае плячыма: маўляў, нічога не будзе. Пры чым тут я? Аматар прычашчацца пачынае скуголіць. Чарга гамоніць: «Пэрэстань молытыся. Захотів зранку чортавай балбатухі! Не затрымлівай!» — Следушчы!..— строга кажа буфетчыца. Чарга салідарна ўсміхаецца. Але рухаемся марудна. Сёй-той з прысутных, мабыць, пазнае Максіма Танка і не верыць сабе. Людзі пазіраюць з цікаўнасцю і перашэптваюцца. Заўважаю, што яму робіцца няёмка ад гэтай наіўна-бесцырымоннай дапытлівасці. Прапаную ўзяць абслугоўванне на сябе як малодшы — рашуча адмаўляецца. Разумею... Учора вечарам на літаратурнай серадзе нашы брэсцкія пісьменнікі колькі ні прасілі яго сесці за стол старшыні, проста хацелі лепш бачыць шаноўнага госця, свайго любімага паэта — і нічога не выйшла.

Пры абмеркаванні твораў Максім Танк пазбягаў выступаць «завяршаючым». Усё рабіў для таго, каб яго слова ішло на роўных правах з меркаваннямі іншых удзельнікаў літаратурнай сустрэчы. Дэмакратызм — настолькі арганічная рыса яго свядомасці, што здаецца, нібыта гэта нешта ўроджанае, а не набытае. Безумоўна, ідзе гэта ўсё ад усведамлення ўласнае сілы. Моцная натура не мае патрэбы ў нейкіх дадатковых, штучных падпорках. Яна заўжды гатова даць фору іншым. I яшчэ цікавае назіранне: Танку яўна хацелася знайсці ў творах маладых як мага больш удалых мясцін, вобразаў, выслоўяў. Нават цалкам няўдалае апавяданне пра жыццё драматурга Грыбаедава ў Брэсце Танк не асудзіў як безнадзейную рэч. Ён старанна адзначыў усе, хоць крыху ўдалыя драбніцы — жвавае разгортванне падзей, эмацыянальныя мясцінкі ў дыялогах... Калі я занадта катэгарычна заявіў, што аўтар не справіўся з задумай ды ўвогуле гістарычная тэма не для яго пяра, Максім Танк запярэчыў:

— Чаму так? Для пісьменніка няма закрытых тэм.— I, парыруючы чыюсьці рэпліку, што для працы над гэтаю тэмай патрэбна эрудыцыя гісторыка, ён спаслаўся на Мерымэ, на яго выпадак з «Песнямі заходніх славян», якія той выдумваў сам. Таленавіта выдумаў. Талент аблягчае пазнанне.

У той вечар Максім Танк уразіў нас ведамі з гісторыі культуры, калі пачаў вытыкаць аўтару пралікі асучаснівання паводзін маладога Грыбаедава. Такім ведам мог бы пазайздросціць не адзін гісторык. Выключная дапытлівасць, шырыня навуковых зацікаўленняў Максіма Танка агульнавядомыя.

Вось і ўчора, даведаўшыся, што ў Брэсце праходзіць усесаюзная навуковая канферэнцыя па атэізму, ён адклаў на дзень паездку да выбаршчыкаў і слухаў даклады вучоных. Гаварыў, што было цікава.

Брэсцкім літаратарам асабліва спадабаліся дасціпнасць, знаходлівасць Танка ў часе абмеркавання твораў, палемічны запал і бляск слова. Калі ён захапляецца, дык пачынае гаварыць вобразна, гіпербалізуе крытычныя заўвагі, але ніколі не выходзіць за рамкі таварыскай ветлівасці, умее і ў крытычным захапленні захаваць павагу да апанента. Кантроль розуму над эмоцыямі? Не, відавочна, нейкая ўроджаная далікатнасць пачуццяў, іх здольнасць нават у моманты спантанных выбухаў захоўваць эстэтычную меру.

Танк рабіў шмат заўваг маладым. Але як! Без змрочных імператываў, без ментарскай катэгарычнасці, а з добраю ўсмешкай, па-сяброўску, з дасціпным далікатным жартам. Не папракнуў, напрыклад, аднаго пачынаючага: «У цябе, маўляў, банальная, збітая тэматыка», а страсна пераконваў, як важна і як цяжка ў паэзіі знайсці сваю тэму, набыць свой голас... Ён гаварыў, што маладыя паэты любяць брацца за вечныя тэмы, забываючыся, што тэмы гэтыя распрацаваны геніяльнымі мастакамі. А права на існаванне ў паэзіі мае толькі твор прынцыпова новы, непаўторны. Дык ці лёгка пачынаючаму спаборнічаць з майстрамі высокага класа? На рынг не выпускаюць жа барцоў рознай вагі! Кілаграм розніцы — і ўсё... У паэзіі ж часта мы бачым, як барцы найлягчэйшай вагі хочуць спаборнічаць з цяжкавагавікамі.

Яўген Іванавіч шчыра смяецца, уяўляючы сабе ход і вынікі такой спартыўнай сустрэчы. Смяецца адкрыта, забываючы пра дыстанцыю. гадоў і становішча.

Усведамленне ўласнай сілы і годнасці не дазваляе яму карыстацца прывілеямі, хай сабе яны нават і «належацца»...

Вось нарэшце надыходзіць наша чарга да буфетчыцы. Прабягаем вачыма меню. Не блага было б і нам разагрэць душу (дарога настройвае легкадумна), але ж я за рулём, а Максім Танк рэдка калі дазваляе сабе глыток сухога віна. Не любіць штучных ахмяленняў. Творчая актыўнасць і самадысцыпліна — родныя сёстры. Напэўна, засталася і старая звычка рэвалюцыянера-падпольшчыка: там строга захоўваўся сухі закон. Цвярозасць, пільнасць і канспірацыя лічыліся сярод членаў Кампартыі Заходняй Беларусі асноўнымі маральнымі запаведзямі. Максім Танк застаўся верны першай з гэтых запаведзей, затое трэцюю парушае са зразумелай прыемнасцю, не імкнецца скрываць сваіх пачуццяў і думак. Здаецца, Арыстоцель пісаў пра высакароднага чалавека: «Ён заўжды гаворыць праўду, бо грэбуе людзьмі». Думаецца, што любоў да людзей лепш, чым грэблівасць, прымушае гаварыць праўду... Афінскі мудрэц дазваляў арыстакрату духу рабіць адно адступленне ад праўдамоўнасці: ужываць іронію ў зносінах з натоўпам. Той, хто любіць людзей, не стане іранізаваць, пашкадуе, што тыя, каму належыць па праву гісторыі быць грамадой, калектывам, класам, народам, не ўтвараюць гэтых вышэйшых грамадскіх арганізмаў, а застаюцца натоўпам.

Помніцца мне адзін студэнцкі семінар, на якім абмяркоўваўся зборнік «Глыток вады». Распаленыя шчокі, пахарашэлы тварык студэнткі, якая гаворыць пра народнасць вершаў, што так узрушылі яе, нядаўна яшчэ вясковую дзяўчыну. Вершы былі пра людзей працы, родную прыроду, шчасце і гора. Народнасць не проста арганічная рыса паэзіі Танка, гэта стрыжань, які вызначае і характар паэзіі і напрамак пошуку. У вершах сучасных выражэнне любові да свайго народа набывае новыя формы, паэт любіць прыхаваць шчымлівыя пачуцці пад лёгкаю павалокай гумару, як у «Сямейнай фатаграфіі», «Гісторыі Пількаўшчыны». А ў тых творах, дзе аўтар рашаецца на прамы маналог, ён гаворыць пра гэтыя пачуцці з шырокім душэўным размахам, без крыклівай назолы, шчыра і з унутраным тактам. Такі тып маналога мне чуецца ў вершах «Стол», «Печ», «Топіцца лазня». Падабаюцца гэтыя вершы, часта прыходзяць у памяць радкі, дзе эпічны ўздым змяняецца гарэзлівай смяшынкай або пераходзіць у даверлівы спавядальны лірызм. У гэтых пераходах бачыш усяго Максіма Танка. Нельга без хвалявання сачыць, як прыжмуранае смяшлівае вока паэта становіцца вільготным ад чуласці. ...



Все права на текст принадлежат автору: Уладзімір Калеснік.
Это короткий фрагмент для ознакомления с книгой.
Зорны спеўУладзімір Калеснік