Все права на текст принадлежат автору: Сяргей Чыгрын.
Это короткий фрагмент для ознакомления с книгой.
Тэатр у СлонімеСяргей Чыгрын

Сяргей Чыгрын ТЭАТР У СЛОНІМЕ


Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, Тэатр у Слоніме, Гісторыка-краязнаўчыя і мастацтвазнаўчыя артыкулы. — Слонім: Слонімская друкарня, 2008.


Copyright © 2015 by Kamunikat.org


Леў Сапега ў Слоніме


У маім хатнім архіве захоўваецца копія акта Слонімскага раённага краязнаўчага музея ад 30 верасня 1944 года, у якім пералічаны разрабаваныя падчас Другой сусветнай вайны слонімскія каштоўнасці. Сярод пералічаных скарбаў, якія зніклі са слонімскага музея, пад нумарам адзін запісана шахматная дошка з дзвюх палавінак з чорнага дрэва і слановай касці гетмана Льва Сапегі (XVI cт.). Дзякаваць Богу ў музеі да сённяшніх дзён захоўваецца Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года, перавыдадзены па-польску ў 1648 годзе. Гэта адзіны дакумент, які сёння нагадвае пра выдатнага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегу, які на працягу 47 гадоў быў старостам слонімскім і пакінуў значны след на зямлі Слонімскай.

Тыя, хто цікавіцца гісторыяй Вялікага княства Літоўскага, ведае, што ў лютым 1584 года Леў Сапега ў рангу пасла ВКЛ быў накіраваны ў Маскву да цара Івана IV, каб вырашыць шэраг памежных пытанняў і абмяняцца ваеннапалоннымі. Аднак пасольства часова затрымалі ў Мажайску, бо якраз у сакавіку 1584 года памёр Іван Грозны. Тым не менш, нашы паслы дабраліся да рускага цара Фёдара Іванавіча і былі ім прынятыя. Перамовы адбыліся на належным узроўні, падчас якіх было падпісана перамір’е, а Льву Сапегу ўдалося вызваліць каля 1000 ліцьвінаў. За ўдалую дыпламатычную місію Леў Сапега 2 лютага 1585 года атрымаў пасаду падканцлера Вялікага княства Літоўскага, а 20 ліпеня 1586 года атрымаў пажыццёва Слонімскае староства. Сюды ўвайшлі двары і маёнткі Слонімскага павета — Авішчы (Вітараж), Альба (Косаў), Востраў, Бароўка, Бацікі, Белавіца, Бліжня, Була, Бусячы, Вязавец (Вензавец), Дзярэўна, Езерніца (Азярніца), Здзетэль, Здзітаў Стары, Ількавічы, Ладэніца, Ласосна, Мерачоўшчызна, Палонск, Пярвалкі, Радванае, Ружаны, Сідараўшчызна, Шапякі, Явар. Яшчэ да 1611 года Леў Сапега атрымаў у пажыццёвую спадчыну Слонімскае лясніцтва, адзін двор па смерці Эразма Баркоўскага (у 1599 годзе), а таксама прывілей вялікага князя, паводле якога яго жонцы давалася права на трыманне Рэтаўскага і Блудзенскага старастваў. А горад Слонім стаў галоўнай рэзідэнцыяй канцлера. Фінансавыя магчымасці Льва Сапегі хутка пачалі расці, таму ён мог не толькі сам набываць мноства двароў, але і даваць у пазыку наяўныя грошы. Напрыклад, мінскі ваявода Ян Пац 27 чэрвеня 1600 года выдаў яму пазыковы акт на 625 коп грошай. Зыходзячы з ускосных сведчанняў, Леў Сапега меў шмат даўжнікоў. Аднак асноўныя фінансавыя выдаткі ён выкарыстоўваў для набыцця ўсё новых і новых двароў (Лазутка Станіслаў. Леў Сапега (1557-1633). Магілёў, 2004. С. 65).

Але Леў Сапега не толькі набываў для сябе новыя ўладанні, ён хутка стаў сапраўдным магнатам і быў даволі шчырым чалавекам. Ён пачаў дарыць некаторыя свае ўладанні сваякам і сябрам. Кузіне Раіне Сапежанцы і яе мужу Грыгалю Трызне Сапега падараваў фальварак Булы, а вёску Бароўка ахвяраваў слонімскаму маршалку Аврааму Мялешку і яго жонцы Багдане…

Леў Сапега любіў Слонім. Пры ім горад над Шчарай стаў культурным, прамысловым і палітычным месцам. Побач з замкам на беразе Шчары канцлер Сапега ўзвёў мураваны палац, дзе са студзеня 1597 года праходзілі генеральныя сеймікі Вялікага княства Літоўскага. Сюды прыязджалі пасланцы з Віленскага, Наваградскага, Менскага, Смаленскага, Чарнігаўскага і іншых ваяводстваў. Гэтыя сеймікі адбываліся ў Слоніме ажно да 1685 года, калі ўжо і не было Льва Сапегі.

У слонімскім замку знаходзіліся і добрая бібліятэка, архіў, творы мастацтва. Леў Сапега добраўпарадкаваў у Слоніме вуліцы, масты, дарогі, пабудаваў шмат аустэрыяў. У 1595 годзе слонімскі староста аднавіў (спалілі крымскія татары ў 1506 годзе) касцёл Святога Андрэя. Пазней ён быў перабудаваны, а сучасны выгляд набыў у 1775 годзе. Сярод вялікай колькасці сапегаўскіх фундацый (канцлер на тэрыторыі ВКЛ збудаваў 25 храмаў), касцёл Святога Андрэя ў Слоніме да сённяшніх дзён выдзяляецца сваім адметным архітэктурным стылем. У часы Льва Сапегі касцёл Святога Андрэя ў Слоніме ператвараецца ў адзін з цэнтраў рэлігійнага жыцця не толькі горада, але і ўсяго Княства. На тэалагічныя дыспуты сюды прыязджалі нават Сымон Будны і Пётр Скарга.

Акрамя касцёла Святога Андрэя чальцы сапегаўскай дынастыі ўзвялі ў Слоніме касцёл бернардзінцаў, малітоўню для рэгулярных лютэранскіх канонікаў. Акрамя гэтага Сапегі спрыялі распаўсюджванню ў Слоніме школаў ды калегіумаў, якія дзейнічалі пры гарадскіх касцёлах і цэрквах. У Слоніме часоў Льва Сапегі, як піша Валянцін Дубатоўка ў сваёй кнізе “Архіпелаг Сапегаў”, існавала “адна з самых вялікіх у ВКЛ друкарня, дзе, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, набіраўся вядомы на ўсю Еўропу Статут Вялікага княства Літоўскага”.

Леў Сапега ў Слоніме адкрываў таксама новыя кірмашы, прамысловыя мануфактуры, будаваў адміністратыўныя ды гаспадарчыя будынкі. Дарэчы, у сапегаўскіх тэстаментах Слонім і аднайменнае староства падаюцца як родавая маёмасць.

Слонім і яго жыхары і сёння ганарацца сваім гербам, распрацаваным і ўхваленым па хадайніцтве Льва Сапегі ў 1561 годзе: на блакітным полі залаты леў з гербам “Ліс” у лапах. А таксама і знакамітым Жыровіцкім Евангеллем з уласнаручным фундушавым запісам канцлера. А палац у Слоніме, пабудаваны Львом Сапегам, у канцы XVIII стагоддзя пераабсталюе пад свой тэатр Міхал Казімір Агінскі, дзе чвэрць стагоддзя яго “сядзіба музаў” будзе цешыць Еўропу сцэнічнымі пастаноўкамі.


Тэатр Міхала Казіміра Агінскага


Некалькі гадоў таму сустрэў у цэнтры Слоніма чалавека сярэдніх гадоў з фотаапаратамі і кінакамерамі.

-- Скажыце, калі ласка, — запытаўся незнаёмец, — як мне знайсці тэатр Міхала Казіміра Агінскага? Я прыехаў з Санкт-Пецярбурга, каб зрабіць здымкі тэатра. Але ў каго ні запытаю — ніхто не ведае.

-- Я вас засмучу, але будынак тэатра ў Слоніме не захаваўся, яго знішчылі час, войны і людзі. Толькі захавалася аўстэрыя (Аўстэрыя -- ад італьянскага слова osteria, што азначае заезны дом, тып карчмы. – С.Ч.). У ёй цяпер знаходзіцца школьны навучальна-вытворчы камбінат, — такі быў мой адказ незнаёмцу.

Госць быў вельмі здзіўлены і нават не паверыў. Давялося яму паказаць, дзе калісьці стаяў тэатр і дзе цяпер знаходзіцца аўстэрыя. Але чалавеку, які першы раз прыехаў у Слонім, гэтага было мала. Ён столькі многа чытаў пра тэатр Агінскага, а ўбачыў… пустое месца.

Сапраўды, Слонім сёння ведаюць найперш па тым, што тут некалі быў славуты на ўсю Еўропу тэатр. І турысты з розных куткоў свету хочуць убачыць хоць што-небудзь з таго далёкага часу. Французы, немцы, шведы, японцы ў сваіх краінах такой мажлівасці не ўпусцілі б. А мы — губляем. Чаму б на гары каля будынка хуткай медыцынскай дапамогі на Савецкай вуліцы, дзе знаходзіўся знакаміты тэатр, не ўсталяваць мемарыяльны знак, не зрабіць там музей Агінскіх, а дзе стаянка аўтамабіляў — не адкрыць, напрыклад, рэстаран “У Агінскіх”, дзе турысты ці слонімцы маглі б адпачыць пад славуты паланез “Развітанне з Радзімай”? А ў музеі прадаваць розныя буклеты, значкі, кнігі на англійскай, польскай і беларускай мовах пра гісторыю тэатра Агінскага. А атрыманыя за ўсё гэта грошы, ішлі б у бюджэт горада. Але гэтага ў Слоніме пакуль няма. Дзякуй Богу, у Слоніме ёсць вуліца Міхала Казіміра Агінскага, засталася з таго часу аўстэрыя, пабудаваная з цэглы архітэктарам Я.Боем, які праектаваў пры палацы Агінскага шэраг барочных надворных пабудоў. Таксама захаваўся Малы канал Агінскага, даўжынёю 1,5 км. А ў 1993 годзе рашэннем сесіі Слонімскага гарсавета вуліцы Опернай вярнулі яе сапраўднае імя. Былая вуліца Энгельса, як 230 гадоў таму, стала называцца Опернай. Менавіта па ёй ішлі артысты ў свой славуты тэатр Агінскага...

У верасні 1771 года Міхал Казімір Агінскі далучыўся да ўдзельнікаў Барскай канфедэрацыі. Гэта было ваенна-палітычнае аб’яднанне пэўнай часткі шляхты і некаторых магнатаў Рэчы Паспалітай для барацьбы супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і царскай Расіі. Міхал Агінскі са сваім войскам пачаў вайну з рускім войскам. Спачатку ён актыўна перамагаў, але пасля войскі Суворава акружылі і разграмілі атрады Агінскага. З акружэння яму ўдалося ўцячы ў Берлін, потым у Вену. За гэты час руская імператрыца Кацярына II канфіскавала некаторыя ўладанні Агінскага.

У 1774 года Міхал Казімір Агінскі вяртаецца на Бацькаўшчыну. Для паляпшэння свайго фінансавага становішча, ён частку ўласных маёнкаў прадае (пазней атрымлівае амністыю і секвестраваныя маёнткі), а сам спыняецца ў Слоніме і робіць горад сваёй асноўнай рэзідэнцыяй.

У шэрагу першаступенных планаў Агінскага было будаўніцтва асобнага тэатральнага памяшкання, у якім маглі б ставіцца оперныя спектаклі, так званага “Опергаўза”. Для ажыццяўлення сваёй задумкі гетман Агінскі запрасіў у Слонім італьянскага дэкаратара Іначэнца Мараіна. Ён прапанаваў для гэтай мэты рэканструяваць колішні палац Льва Сапегі. Агінскі з ім пагадзіўся і ў 1777 годзе будаўніцтва і рэканструкцыя тэатра былі ўжо завершаныя.

Для таго, каб можна было ставіць спектаклі, былі ўзятыя на ўзбраенне самыя найлепшыя для таго часу тэхнічныя сродкі, якія дазвалялі лёгка мяняць дэкарацыі, а пры неабходнасці “выводзіць” на сцэну нават сапраўдныя караблі. Дзеля гэтага яна была падзелена на дзве часткі. Пярэдняя частка выкарыстоўвалася па сваім непасрэдным прызначэнні і на ёй ігралі акцёры. Задняя ж, пры неабходнасці, лёгка запаўнялася вадой. Ажыццяўлялася гэта праз сістэму труб, што праходзілі да самых тэатральных падмосткаў. Паступала ж вада з канала, які знаходзіўся побач. Гэтая частка сцэны аказвала добрую паслугу і тады, калі па ходу спектакля разгортваліся баявыя дзеянні, ці неабходна было паказаць войскі на маршы. У гэтым выпадку ваду спускалі, а зверху клалі тоўстыя шчыты. З тыльнага ж боку сцэны адкрывалася вялізная брама, праз якую магла ўварвацца кавалерыя ці прайсці пяхота. На сцэне нават прадугледжваліся фантаны з падсветкай бенгальскімі агнямі. Пры тэатры тады працаваў спецыяльны ператэхнік Ваксмунт.

Функцыяваў пры тэатры і “плывучы тэатр” на баржах на канале Агінскага. Глядзельная зала была разлічана на тысячу (па іншых звестках на дзве тысячы) месцаў. Гледачы з залы з цікавасцю глядзелі на “плывучы тэатр”. Для выканання высокамастацкіх твораў і ўвасаблення тэхнічных навін, запрашаліся і працавалі ў тэатры ўмелыя майстры з Еўропы. Шмат працавала ў тэатры і беларускіх мясцовых майстроў і артыстаў.

Пры сваёй “сядзібе музаў” у Слоніме Міхал Казімір Агінскі сварыў вялікі ансамбль вакалістаў і інструменталістаў, які не саступаў самым лепшым музычным калектывам Заходняй Еўропы.

Пры тэатры Агінскага дзейнічала і балетная школа. Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, а пазней балетам займаліся і дзеці прыгонных сялян. Вучні атрымлівалі і пэўную агульную адукацыю. У 1788 годзе чатыры выхаванцы выступалі нават у балеце “Рыбакі” у Варшаве. А ў 1790 годзе балетная школа была на гастролях на Украіне. У гастролях прымалі ўдзел 20 артыстаў. Слонімскі балет тэатра Агінскага заўсёды канкурыраваў з каралеўскім тэатрам у Варшаве. Напрыканцы 1792 года балетная школа была пераведзена ў мястэчка Целяханы Івацэвіцкага раёна.

Міхал Казімір Агінскі быў выдатным выканаўцам на некалькіх музычных інструментах. Сваё скрыпічнае майстэрства ён дасканаліў у знакамітага Віёці. У 1760 годзе ў Парыжы Агінскі так уразіў сваёй ігрой на арфе Дзідро, што славуты асветнік папрасіў маладога князя напісаць артыкул “Арфа” для французскай “Энцыклапедыі”. Гетман таксама выдатна іграў і на кларнеце, за што сучаснікі жартам называлі яго “гетман-кларнет”.

Але гэта яшчэ не ўсё. Вялікі гетман Вялікага княства Літоўскага быў таксама пісьменнікам. Ён напісаў і выдаў у сваёй слонімскай друкарні “Гістарычныя і маральныя аповесці” (1782) і кнігу вершаў “Байкі і не байкі” (1788).

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і паўстання Тадэвуша Касцюшкі, слонімская рэзідэнцыя Агінскага канфіскуецца і хутка прыходзіць у заняпад. Апошнія гады свайго жыцця Міхал Казімір Агінскі (памёр у 1800 годзе) правёў у сваіх палацах у Варшаве і ў Галенаве, дзе цешыў сябе музыкай і мастацтвам – тым адзіным, што ўтрымлівала яго пры жыцці.

У 1795 годзе тэатр Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме ўжо не існаваў. І калі ў 1818 годзе Слонім наведаў рускі цар Аляксандр I і паэт, князь, “декабрист без декабря” Пётр Вяземскі, то ўбачылі яны толькі разваліны тэатра. Пазней Ваземскі пра тэатр з горыччу напіша: “Всё прах, всё воспоминания...” (Вяземский П.А. Записные книжки (1813-1848). Москва, 1963. С.103-104).


Янка Купала на слонімскай сцэне


Народны паэт Беларусі Янка Купала быў і застаецца самым папулярным пісьменнікам на Слонімшчыне. Аб гэтым сведчыць і той факт, што яшчэ ў 1927 годзе сяляне вёскі Вялікая Кракотка прысвоілі яго імя мясцовай бібліятэцы-чытальні. Гэта была першая ўстанова культуры ў Беларусі, якой было прысвоена імя Янкі Купалы.

Найбольш папулярнымі творамі нашага песняра ў першай палове ХХ стагоддзя былі яго драматычныя творы. Яшчэ ў 20-я гады ХХ стагоддзя на Слонімшчыне на самадзейнай сцэне вельмі часта ставіліся яго п’есы “Прымакі”, “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “ На папасе”, “Сон на кургане”. Аб лепшых пастаноўках купалаўскіх п’ес шмат пісалі беларускія газеты і часопісы. Вось напрыклад, што распавядала невялікая нататка “Паўлінка” на вёсцы”, якая была надрукавана ў віленскай “Нашай праўдзе” 23 ліпеня 1927 года: “У нядзелю 26 чэрвеня гуртком Таварыства Беларускай Школы (ТБШ) ў вёсцы Вялікая Кракотка Міжэвіцкай воласці Слонімскага павета быў наладжаны спектакль на карысць бібліятэкі-чытальні. Згулялі п’есы: “Паўлінка” Янкі Купалы і “Заручыны Паўлінкі” Ф.Аляхновіча. Дзякуючы таму, што на гэты дзень быў у вёсцы фэст – народу сабралася як на рэдкасць. За 10-15 вёрст прыходзілі, каб паглядзець на гульню кракоцкіх артыстаў-аматараў. На жаль, тэатральная зала не магла ўсіх змясціць, і шмат каму прыйшлося ісці дамоў. Гулялі надта добра. Кожны артыст як бы перажываў сваю ролю і гэтае перажыванне пераходзіла на глядзельнікаў. Грыміроўка і касцюміроўка не мела жаднае заганы. Асабліва добра гуляла Зося Жыткевіч у ролі Паўлінкі. Яна дала поўны абраз маладое вясковае дзяўчыны, здольнае не толькі да кахання, але і да ажыццяўлення тых светлых ідэалаў, якія пакінуў у яе душы вучыцель-народнік Якім Сарока, а яе задушэўныя спевы, мастацкія па выкананні, проста зачароўвалі глядзельнікаў. Васіль Трафімовіч сваёй гульнёю, як у ролі Быкоўскага, так і ў выкананні папярэдніх роляў, паказаў, што мог бы гуляць і не абы як. Харавыя спевы (агульныя) у п’есах выйшлі вельмі добра. Відаць, што харавая секцыя пад кіраўніцтвам самавука-рэгента Васіля Трафімовіча стаіць на адпаведнай вышыні. Спектакль прайшоў з вялікім поспехам. І хоць білеты былі не дарагія, ад 50 да 30 грошаў, збор вынес на 64 злотых”.

У 1928 годзе “Паўлінку” Янкі Купалы сябры гуртка Таварыства Беларускай Школы паставілі і ў вёсцы Касцяні. Пра касцянёўскіх артыстаў паведаміла 16 траўня 1928 года газета “Голас працы”. Яна пісала: “У аўторак 17 красавіка 1928 года ў вёсцы Касцяні Чамерскай гміны Слонімскага павета была пастаўлена “Паўлінка”. Найлепш выканала ролю Паўлінкі Мар’я Легаць. Тут, можна сказаць, не было ніякіх заганаў, як з боку мастацкага, так і з іншага. Гэтая маладая дзяўчына сваім гарачым сэрцам зусім зразумела, зусім адчула настрой, перажыванне Паўлінкі. Яна дала характэрны абраз маладое вясковае дзяўчыны, у душы якой гарыць не толькі жаданне кахання, але і імкненне да новага, лепшага жыцця, якое (імгненне) у душы яе пакінуў вучыцель з новымі светлымі ідэаламі – Сарока. Таксама вельмі мастацка яна адпяяла песні, якія проста зачароўвалі прысутных. У будучым з яе можна было б спадзявацца добрай артыстычнай сілы. Далей надта добра была выканана роль Якіма Сарокі – Лаўрыном Якімчыкам. Ён зусім ясна прадставіў сабою тып маладога вучыцеля-народніка, які, пазнаўшы гора працоўнага люду, аддае ўсе свае сілы, усю энергію на вызваленне яго з путаў няволі. У яго далікатных абходах з Паўлінкаю не відаць было нічога згніўшага, старога панскага, а нешта простае, мілае, яснае.

Надзя Мароз сваім даволі мастацкім выкананнем ролі Альжбеты дала прысутным прадстаўленне старой шляхцянкі, якая абсалютна нічым не цікавіцца, а толькі “пільнуе сваю спадніцу і панчохі”. Трэба, аднак, зазначыць, што ў яе было замала рухаў. Гэта, наогул, у вясковых артыстаў вельмі часта заўважаецца.

Паміж іншымі ролямі заслугоўвае на ўвагу роль Быкоўскага, а таксама Крыніцкага. Гэтыя ролі былі згуляны таксама нішто сабе, але ўжо не так, як папярэднія. У Быкоўскага малавата было відаць “хвастання”, замала “агіды” да ўсяго “мужыцкага”. У Сцяпана Крыніцкага малавата відаць было “шляхоцкага гонару”. Не вельмі прымусовыя і страшныя звароты да дачкі. Замала “бацькавай волі”. Трошкі заціхая гутарка. Апрача таго, яму не варта было мець на сабе вопратку – “галіфэ”, бо, наогул, у той час, які адбівае “Паўлінка”, магчыма, што ўжо існавалі “галіфэ”, але старыя шляхтуны – праціўнікі ўсякіх навінаў, глядзелі на іх крывым вокам.

Рэшта артыстаў згулялі так сабе, сярэдне. Відаць, было мала падгатоўкі. Асабліва гэта заўважалася ў гасцёх, з якіх хлапцы, дзякуючы няўвазе, сядзелі тварамі да дзяўчат, а плячыма да публікі. Гуляючы ж на сцэне, заўсёды трэба сачыць за тым, каб быць тварам да глядзельнікаў.

Таксама вельмі добрае ўражанне ў прысутных пакінулі па сабе песні, якія сустракаліся ў п’есе і якія былі выкананы артыстамі як найляпей. Песняй “Ах ты, Нёман, рака” слухачы проста такі зачароўваліся, чуючы мілыя зыкі, ідучыя з маладых, здаровых грудзей сваіх паднявольных сыноў-змагароў.

Агулам кажучы, трэба зазначыць, што п’еса была б шмат ляпей згуляна, калі б зрабілі генеральную рэпетыцыю. Але, дзякуючы таму, што стараста даў дазвол толькі за некалькі гадзін перад пачаткам спектаклю (артысты ўжо страцілі надзею на атрыманне дазволу і дзеля гэтага не рабілі генеральнай рэпетыцыі).

Ня гледзячы, аднак, на ўсё гэта, ня гледзячы на тое, што была вельмі кепская пагода, народу сабралася каля двухсот асоб, якія задаволіліся тым, што бачылі перад сваімі вачыма. Увесь даход у суме 36 злотых пайшоў на карысць бібліятэкі-чытальні пры гуртку Таварыства Беларускай Школы ў вёсцы Касцяні. Дык вось што зрабілі нашы хлапцы і дзяўчаты, замест таго, каб напіцца гарэлкі ды паднімаць розныя бойкі! Чэсць вам, касцянёўскія артысты – змагары з цемраю – адвечным ворагам працоўных мас. На вас надзея вашых загнаных бацькоў, братоў і сёстраў. Ідзеця, браты, наперад! Не зважайце на цёмную ноч! Збуджайце масы да новага, лепшага жыцця. У гэтай цёмнай ночы будзеце вы тымі шляхаводнымі зоркамі, якія асвячаюць шлях да іншага жыцця, дзе ня будзе ні здзекаў, ні гора, ні слёз, ні багатых, ні бедных, а ўсе роўныя як адзін! Дзе будуць усе як браты. І будзе ўнукаў панаванне там, дзе сягоння плача дзед!”.

Вось такімі гучнымі словамі закончыў свой матэрыял нехта Вяскор, які пісаў пра “Паўлінку” у “Голасе працы”. Ставілася тады гэтая камедыя і ў вёсцы Азярніца сіламі азярніцкага гуртка ТБШ. Былы дзеяч Заходняй Беларусі, пасол польскага сейма па спісе КПЗБ Павел Крынчык (1898-1975) згадваў, што ў 1927 годзе драмсекцыя гуртка ТБШ вёскі Вострава ставіла таксама “Паўлінку” Янкі Купалы ў вёсцы Вострава ў гумне Якуба Мазаля і ў мястэчку Дзярэчын у мурах Сапегаў (тады Вострава і Дзярэчын належалі да Слонімскага павета – С.Ч.). Ролю Паўлінкі выконвала дзяўчына з вёскі Монькавічы Вольга Жоглік, якая прыходзіла ў Вострава на рэпетыцыі за 15 кіламетраў. Пазьней вяскоўцы пачалі яе зваць проста Паўлінка. Вельмі добра выконваў ролю Сцяпана Крыніцкага былы настаўнік Слонімскага народнага вучылішча Міхась Галенда. А ролю Пустарэвіча выконваў Астап Захарчук, які ў 1922 годзе прыехаў з заробкаў з Амерыкі. ...



Все права на текст принадлежат автору: Сяргей Чыгрын.
Это короткий фрагмент для ознакомления с книгой.
Тэатр у СлонімеСяргей Чыгрын