Все права на текст принадлежат автору: Сяргей Чыгрын.
Это короткий фрагмент для ознакомления с книгой.
Беларуская БеласточчынаСяргей Чыгрын

Сяргей Чыгрын БЕЛАРУСКАЯ БЕЛАСТОЧЧЫНА


Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, Беларуская Беласточчына. Гісторыка-краязнаўчыя і літаратурныя артыкулы, — Мінск: Кнігазбор, 2008. — 000 с.


Copyright © 2015 by Kamunikat.org


Беласточчына і беларускі рух


Беларускі рух на Беласточчыне пачаў існаваць ужо ў другой палове ХІХ стагоддзя. Тут нелегальна выдавалася „Гутарка двух суседаў”, першы нумар якой выйшаў вясною 1861 года. Гэтае вершаванае выданне разыходзілася галоўным чынам на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Ініцыятарам выдавання „Гутаркі двух суседаў” быў Браніслаў Шварцэ, а рэдагавалі яе Адольф Белакоз ды Ігнат Грынявіцкі. Магчыма, што ў падпольнай друкарні на Беласточчыне выдавалася „Мужыцкая праўда”, першы нумар якой убачыў свет у чэрвені 1862 года. Выдаваў яе ўраджэнец Мастаўлянаў Кастусь Каліноўскі пад псеўданімам Яська гаспадар з-пад Вільні.

Калі ў пачатку ХХ стагоддзя з’явіліся першыя беларускія палітычныя арганізацыі, то ў ліку іх дзеячаў апынуліся студэнты-выхадцы з Беласточчыны. Дзеячам Беларускай сацыялістычнай грамады ў Пецярбургу быў студэнт з Кленік Бельскага павета Яўген Хлябцэвіч. Актыўна ўключыўся ён у беларускі нацыянальна-вызвольны рух, падтрымліваў цесныя сувязі з рэдакцыямі беларускіх газет „Наша доля” і „Наша ніва”, куды дасылаў свае допісы, многія з іх падпісваў псеўданімам Халімон з-пад пушчы. У той час на старонках „Нашай нівы” свае вершы друкавалі Сцяпан Пятэльскі (пад псеўданімам М. Арол) з Гарадка і Іван Дарашкевіч (Янук Д.) з суседніх Меляшкоў.

Першая сусветная вайна і ў яе выніку бежанства 1915 года выгналі беларусаў у глыб Расіі. Беласточчына на некалькі гадоў стала пустыняй. Аднак расцярушаныя па тадышняй Расіі беластоцкія бежанцы ўдзельнічалі ў станаўленні незалежнай Беларусі. Мікола Дзямідаў і згаданы Сцяпан Пятэльскі дзейнічалі ў беларускім вайсковым руху. Ураджэнец Сакольшчыны Язэп Варонка ў канцы 1917 года быў абраны камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады, актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда. А ў лютым 1918 года стаў старшынёй Народнага сакратарыята Беларусі і народным сакратаром замежных спраў. Язэп Варонка быў адным з арганізатараў і ініцыятараў абвешчанай 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі. Ураджэнец Сакольшчыны Янка Чарапук у 1918 годзе таксама актыўна ўключыўся ў справы БНР. З канца 1919 года працаваў сакратаром Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, быў сябрам беларускай калоніі ў Латвіі, дыпламатычным кур’ерам пры ўрадзе БНР.

Пасля Рыжскага мірнага дагавору 1921 года ўраджэнцы Беласточчыны служылі беларускай ідэі ў розных палітычных умовах: у савецкай напрыклад, Уладыслаў Чаржынскі, у Заходняй Беларусі (Станіслаў Грынкевіч, Язэп Дашута, Хведар Ільяшэвіч), ці на эміграцыі (Янка Геніюш). У часы Другой сусветнай вайны, падчас нямецкай акупацыі беларускую дзейнасць у Беластоку вялі Уладзімір Тамашчык, Хведар Ільяшэвіч, Масей Сяднёў. У выніку ваенных падзей і пасляваеннай рэпатрыяцыі частка беларусаў Беласточчыны апынулася ў БССР (напрыклад, Пятрусь Макаль, Аляксей Карпюк, Яўген Міклашэўскі). Тыя, што засталіся на роднай Беласточчыне ў 1956 годзе, заснавалі Беларускае грамадска-культурнае таварыства і тыднёвік „Ніва”. Пасля 1989 года, калі Польшча стала дэмакратычнай краінай, узніклі новыя беларускія арганізацыі, выданні, радыё і тэлеперадачы.

Дзесяцігоддзямі замоўчваліся імёны многіх беларускіх дзеячаў, у тым ліку заходнебеларускіх, якія не прызнаваліся ні савецкай, ні польскай афіцыйнай прапагандай. „Ніва” на сваіх старонках паступова вяртала іх з забыцця, узнаўляла іх ідэі і дасягненні ў свядомасці беларускай грамадскасці Беласточчыны. У 1984 годзе да кола ніўскіх аўтараў далучыўся слонімскі журналіст, краязнавец і літаратар Сяргей Чыгрын. У выніку шматгадовага супрацоўніцтва з тыднёвікам „Ніва”, з’явілася рубрыка „Родам з Беласточчыны”, у якой аўтар знаёміў і знаёміць цяпер ніўскіх чытачоў з беларускімі палітычнымі, рэлігійнымі, культурнымі дзеячамі, таленавітымі літаратарамі, якія нарадзіліся на Беласточчыне або былі звязаныя з Беласточчынай і сумежнай Гродзеншчынай. Гэтыя артыкулы, а таксама дапоўненыя, і склалі кнігу „Беларуская Беласточчына”. Яна — доказ жывучасці беларускай ідэі не толькі на этнічнай Бацькаўшчыне, але і па-за яе межамі, у тым ліку і сярод беларускага насельніцтва Беласточчыны.

Віталь ЛУБА,намеснік галоўнага рэдактаратыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”


Жыццё і творчая дзейнасць Уладыслава Чаржынскага


Хто такі Уладыслаў Чаржынскі?

Уладыслаў Чаржынскі (1897-1974) — беларускі літаратуразнавец, крытык, лексікограф і педагог. Як падае біябібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменьнікі” (Мн., 1993. Т.2. С. 356), нарадзіўся ён на Беласточчыне. Пачатковую адукацыю атрымаў у народным вучылішчы. Скончыў Мінскую гімназію і Белдзяржуніверсітэт. Працаваў настаўнікам на Лагойшчыне, а таксама выкладчыкам у Інстытуце беларускай культуры і ў Камуністычным універсітэце Беларусі. З 1922 года пачаў выступаць з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі ў беларускім друку. З 1925 года супрацоўнічаў з часопісам “Полымя”.

Уладыслаў Чаржынскі пад сваім уласным прозвішчам, а таксама пад псеўданімамі Ул. Дзяржынскі і Улідзе друкаваў артыкулы, у якіх даваў грунтоўны эстэтычны аналіз як асобных мастацкіх твораў, так і літаратурнага працэсу ў цэлым. Многія яго матэрыялы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Міхася Чарота, Цішкі Гартнага, Янкі Журбы і іншым беларускім пісьменнікам, уражваюць і сёння глыбінёй і жывасцю даследчыцкай думкі, аргументаванасцю і пластычнасцю стылю. Працы Уладыслава Чаржынскага каштоўныя сёння яшчэ тым, што ў супярэчлівы і жорсткі час канца 20-х гадоў у сваіх ацэнках ён кіраваўся эстэтычнымі крытэрыямі, а не вульгарна-сацыялагічнымі догмамі. Як пісаў літаратуразнавец Ігар Жук, “інтэнсіўнасць працы У.Чаржынскага здзіўляе і захапляе нават у кантэксце імклівага, бурнага літаратурнага развіцця маладой Беларусі. Артыкулы, якія па форме і па сутнасці нагадвалі манаграфічныя даследаваньні, рэцэнзіі (а яны ахоплівалі літаратурныя з’явы і падзеі не толькі Беларусі, як Усходняй, так і Заходняй, але факты ўсесаюзнага літаратурнага жыцця), прадмовы, укладанні, апрацоўкі — і гэта ўсяго толькі на працягу нейкіх 6-7 гадоў вольнай дзейнасці. Вось паасобныя паведамленні ў тагачасным друку: “У.Чаржынскім збіраюцца матэрыялы аб жыцці і творчасці беларускага песняра М.Багдановіча. Ім жа падгатоўліваецца к друку поўны збор твораў М.Багдановіча” (Полымя, 1922, № 1). “Пры Правапісна-Тэрміналагічнай камісіі ІБК зложана т. зв. Бюро Адказных Перакладаў, на чале якога вызначаны У.Чаржынскі. Бюро задаволіць патрэбы ўсіх дзяржаўных і грамадзянскіх інстытуцый па ўстанаўленні тых афіцыяльных тэкстаў на беларускай мове, патрэба ў якіх, як стала ўмеркаваных і правільна па-беларуску зложаных, вымагаецца самім жыццём” (Полымя, 1925, № 6). Тады ж “Полымя” друкуе курс лекцый па гістарычным матэрыялізме Л.І.Аксельрода ў перакладзе У.Чаржынскага. “Інстытут Беларускай культуры” (Менск, 1926) інфармуе: у першапачатковы склад ІБК увайшлі старшынёю — С. Некрашэвіч, сакратаром — У.Чаржынскі. Яго ж мы знаходзім у Правапісна-Тэрміналагічнай камісіі, а таксама ў складзе аргкамітэта па правядзенні Першай Беларускай Акадэмічнай канферэнцыі. Па даручэнні камісіі разам з Я.Станкевічам рыхтуюць даклад “Правапіс чужых слоў”. 19 лютага 1925 года ўтварылася літаратурная секцыя ІБК (40 сяброў), якая потым аб’ядналася з секцыяй беларускай мовы. Сакратар аб’яднанай секцыі — У.Чаржынскі. Ім жа апрацоўваліся матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры для кніг прафесара М.Янчука, Я.Барычэўскага, А.Вазнясенскага. А ў 1926 годзе сам падрыхтаваў і выдаў дапаможнік “Выпісы з беларускае літаратуры XIX — пачатку ХХ стагоддзя” (Полымя, 1997, № 12).

Тут Ігар Жук памыліўся, бо дапаможнік “Выпісы з беларускае літаратуры” ён складаў разам з Максімам Гарэцкім і Паўлам Караваем. Праўда, у Мінску ў 1928 годзе выйшла асобным выданнем праца Уладыслава Чаржынскага “Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі”. І, як піша Аўген Калубовіч у сваёй кнізе “На крыжовай дарозе” (Мн., 1994. С. 87), Чаржынскі з’яўляецца аўтарам “Слоўніка гісторыка-грамадазнаўчых тэрмінаў”.


Ссылка ў Казань

28 чэрвеня 1930 года Уладыслаў Чаржынскі быў арыштаваны ДПУ БССР па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года яго выслалі ў Казань тэрмінам на 5 гадоў. Праз 4 гады нашага земляка вызвалілі ад высылкі, але рэабілітавалі яго толькі пасля смерці ў 1988 годзе.

З Татарстана больш Уладыслаў Чаржынскі на Бацькаўшчыну не вярнуўся. Як сказаў Ігар Жук, “жыць на мяжы бездані, “не трапляючы ў яе”, ён навучыўся ў Казані, працуючы выключна на выкладчыцкіх пасадах у розных навучальных установах сталіцы Татарыі. Прорву, што ўтварылася “пяцігадовай высылкай”, а, як аказалася, здоўжылася на ўсё жыццё, пераступіць ён не пасьмеў. Іншая і родная сталіца — Менск — аказалася для яго абазначэннем хісткай лёсавырашальнай мяжы, якую, пераступіўшы аднойчы ў адзін бок, назад ужо не адскочыш. Гэта было б вяртаннем у мінулае, а на этычным узроўні такое вяртанне для Чаржынскага не ўяўлялася магчымым” (Полымя, 1997, № 12).

Так, Уладыслаў Чаржынскі дамоў больш не вярнуўся. Але ці поўнасцю адышоў ён ад літаратурнай і крытычнай дзейнасці — цяжка сказаць. Тым не менш, беларускімі пісьменнікамі і літаратурай ён моцна цікавіўся і тады, калі 40 гадоў жыў у сталіцы Татарстана.

Нядаўна мне ўдалося адшукаць у архівах і музеях Казані цікавыя звесткі пра нашага таленавітага і забытага літаратуразнаўца. У архіве Казанскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта захоўваюцца дзьве асабістыя справы Уладыслава Чаржынскага за перыяд 1933-1946 гадоў і 1950-1971 гадоў. Найбольш каштоўнымі дакументамі з’яўляюцца асабісты лісток па ўліку кадраў і характарыстыкі Чаржынскага, розныя загады, справаздачы і выпіскі, фотаздымкі і іншыя матэрыялы. Знойдзена таксама аўтабіяграфія нашага земляка, якая напісаная ім асабіста 27 красавіка 1943 года: “Нарадзіўся я ў 1897 годзе ў былой Гродзенскай губерні Сакольскага павета, вёсцы Стара-Каменная (па іншых крыніцах Старакаменная — С.Ч.) у сялянскай сям’і. У бацькі майго было 5 дзесяцін зямлі, якую ён апрацоўваў сам асабіста пры дапамозе сваёй сям’і. Пачатковую адукацыю я атрымаў у пачатковым народным вучылішчы, пасля заканчэння якога паступіў у Гродзенскую казённую гімназію, дзе і вучыўся да 1914 года (пасля яе эвакуацыі перавёўся ў Мінскую гімназію — С.Ч.). Матэрыяльную дапамогу атрымліваў ад старэйшага брата, які знаходзіўся на заробках у Амерыцы. У 1915 годзе мая радзіма была акупіраваная нямецкімі войскамі. Я паехаў у Ленінград, дзе і працягваў сваю адукацыю. У 1917 годзе я пераехаў у Мінск і да 1920 года працаваў хатнім настаўнікам у Вілейскім павеце. У 1921 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне, якое скончыў у 1925 годзе. У час вучобы ва ўніверсітэце, працаваў у беларускім дзяржаўным выдавецтве і выкладаў на рабфаку універсітэта. З 1925 года працаваў у якасці навуковага супрацоўніка ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у Беларускай Акадэміі Навук. Адначасова выкладаў у Беларускім камуністычным універсітэце. У 1930 годзе я быў адміністратыўна высланы з Мінска ў горад Казань, тэрмінам на пяць гадоў. У Казані з 1931г. да 1935 года я працаваў метадыстам у Інстытуце павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і ў педагагічным інстытуце. З 1933 года па сумяшчальніцтву працаваў выкладчыкам у Казанскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце (да 1936 года), а затым да 1940 года штатным выкладчыкам. З 1940 года штатную пасаду выкладчыка займаю ў Казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, а ў КДМІ працую па сумяшчальніцтву”.

У медыцынскіх навучальных установах Казані Уладыслаў Чаржынскі выкладаў латынь, нямецкую і рускую мовы. Пра гэта гавораць розныя загады і выпіскі з загадаў кіраўнікоў навучальных устаноў Казані. А знойдзеная характарыстыка на выкладчыка кафедры замежных моваў Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута Чаржынскага Уладыслава Вікенцьевіча дае поўнае ўяўленне пра гэтага выкладчыка і чалавека наогул: “Чаржынскі У.В., які працаваў выкладчыкам Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута з 1 верасня 1933 года і вызвалены з працы 1 снежня 1947 года, як сумяшчальнік, у сувязі з яго асноўнай працай у Казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, 1 верасня 1950 года быў зноў залічаны выкладчыкам Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, дзе і працуе па сённяшні час. Тав. Чаржынскі У.В., кваліфікаваны, вопытны і дысцыплінаваны педагог, адносіцца з любоўю і стараннасцю да сваёй работы. Прымае актыўны ўдзел у метадычнай рабоце кафедры, выступаў на пасяджэннях кафедры з дакладамі па пытаннях методыкі выкладання моў. Чаржынскі У.В. сістэматычна займаецца павышэннем свайго ідэйна-палітычнага ўзроўню, актыўна ўдзельнічае на занятках, якія арганізавалі для выкладчыкаў кафедры, хто самастойна вывучае гісторыю СССР. Пастаянна працуе над удасканаленнем сваёй вытворчай кваліфікацыі, прымае ўдзел у рабоце кафедры над складаннем дапаможнікаў па нямецкай мове для медыкаў. Сярод таварышаў па працы і студэнтаў тав.Чаржынскі У.В. карыстаецца заслужаным аўтарытэтам”.

Сярод выяўленых казанскіх дакументаў ёсць і цікавая выпіска з загада № 91 рэктара Казанскага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга медыцынскага інстытута імя С.В.Курашова ад 19 мая 1967 года. У ёй гаворыцца, што ў “сувязі з 70-годдзем і 45-годдзем педагагічнай дзейнасці, з якіх 35 гадоў аддадзена падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў у стаматалагічным і медыцынскім інстытутах Казані, за бездакорную творчую працу, чулыя і прынцыповыя адносіны да студэнтаў старшаму выкладчыку У.В.Чаржынскаму аб’явіць падзяку з занясеннем у асабістую справу. Падстава: прапанова заг.кафедры К.Л.Раскіна. Рэктар інстытута — прафесар Х.Хамітаў”. Дарэчы, у той час у Казанскіх медыцынскіх навучальных установах працавала вельмі многа ураджэнцаў Беларусі, асабліва шмат было яўрэяў. Той самы Канэль Раскін быў родам з-пад Оршы, Ісак Алуф быў родам з Полацка і іншыя. Магчыма, дзякуючы іх дапамозе, Уладыслаў Чаржынскі ў 1930-х гадах і ўлаткаваўся на працу ў Казанскі медінстытут.

У чэрвені 1971 года наш зямляк напісаў на імя рэктара заяву “вызваліць яго ад займаемай пасады ў сувязі з уходам на пенсію”. Тым больш, што яму ўжо было тады 74 гады. Рэктар задаволіў просьбу Чаржынскага.

У Казані Уладыслаў Чаржынскі пражыў яшчэ тры гады і 2 красавіка 1974 года яго не стала. Пахаваны ён у гэтым горадзе на Арскіх могілках.


Янка Купала і Уладыслаў Чаржынскі

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску захоўваюцца купалаўскія запісы (адз. зах. 459-461) маскоўскіх і казанскіх тэлефонаў і адрасоў асоб, з якімі паэт быў звязаны па службовых і асабістых справах. Сярод адрасоў Казані знаходжу і каардынаты Чаржынскага: “Чаржынскі. Держинского, 15, кв.8”. У лістападзе 1941 года Янка Купала прыехаў у Татарстан і пасяліўся разам з Уладыславай Францаўнай непадалёку ад Казані ў пасёлку Пячышчы ў дырэктара мельзавода І.Я.Наякшына. Тут ён жыў і час ад часу наведваў Казань, дзе спыняўся ў гасцініцы “Татарстан”. З Наякшынымі Купала шчыра сябраваў, яны разам нават сустракалі новы 1942 год на кватэры Юдзіных у г. Верхнім Услоне.

Янка Купала часта выступаў на мітынгах, па радыё, з дакладамі сярод беларускай і татарскай інтэлігенцыі, пісаў вершы і прадмовы. Заходзіў ён у госці і да сям’і Чаржынскіх. Дарэчы, жонкаю Уладыслава Чаржынскага была родная сястра Змітрака Бядулі — Чэрня Плаўнік. У іх нарадзілася дзеці — Вітаўт і Рагнеда. Нядаўна я адшукаў Рагнеду Чаржынскую-Маслоўскую, яна жыве ў Сочы.

З Уладыславам Чаржынскім Янка Купала ў Казані шмат гутарыў, яны вялі размовы пра вайну, пра 20-30-я гады і рэпрэсіі, а таксама пра літаратуру.

4 мая 1942 года Янка Купала зноў сустрэўся з сям’ёй Чаржынскіх, якая наведала яго ў Пячышчах. Песняр падараваў Чаржынскім сваю кнігу вершаў і паэм “От сердца”, што выйшла на рускай мове ў Маскве. На кнізе Купала напісаў “Дарагім Чаржынскім на памяць. Янка Купала. Пячышчы. 4.V.1942г.”

18 чэрвеня Янка Купала пакінуў Татарстан і прыехаў у Маскву, дзе праз 10 дзён трагічна загінуў у гасцініцы «Масква».

Уладыслаў Чаржынскі – крытык і літаратуразнавец

Максім Гарэцкі ў сваёй “Гісторыі беларускай літаратуры” напісаў: “Літаратурная крытыка развівалася ў нас ужо ў нашаніўскую пару (М.Багдановіч, Л.Гмырак – забіты на вайне ў 1915 годзе, А.Навіна, В.Ластоўскі і інш.). Цяпер яна ўсходзіць на больш падрыхтаваны і навуковы грунт (М.Піятуховіч, У.Дзяржынскі і інш.)”. У.Дзяржынскі, Улідзе – гэта псеўданімы Уладыслава Чаржынскага. Пад гэтымі псеўданімамі наш зямляк выступаў з крытычнымі артыкуламі ў розных беларускіх выданнях у 1920-х гадах.

У 1928 годзе ў Мінску асобным выданнем выйшла праца Уладыслава Чаржынскага “Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі”. Але яна спачатку была надрукавана ў сакавіцкім нумары часопіса “Узвышша” у 1928 годзе. Перачытаў я нядаўна гэты матэрыял. Ён сапраўды заслугоўвае ўвагі. Бо ў ім крытык выступіў супраць таго, што пісалі, напрыклад Піятуховіч, Замоцін, якія адзначалі, што “скептыкам і пэсымістым выступае перад намі і Максім Багдановіч... Раней, Колас любіў сьпяваць супакой прыроды: ён любіў, падобна Цютчаву, Мэдэрлінку, прыслухоўвацца да начное цішыні, бо раненае сэрца патрабуе цішыні і спакою”. Чаржынскі ім адказвае: “Наадварот, Я.Колас – пясняр буры, навальніцы, грому, бліскавіц. Ні ў кога з беларускіх паэтаў гэтыя грозныя з’явы прыроды не знайшлі такога мастацкага выяўлення, як іменна ў Якуба Коласа” (“Узвышша”, 1928. № 3. С.128). Чаржынскі праналізаваў некалькі вершаў Якуба Коласа і прыйшоў да высновы, што “смутная настраёвасць коласаўскай лірыкі асабіста інтымных перажыванняў нічога супольнага не мае з філасофскай сістэмай песімізму” (там жа, с.138). Можа крытык і перабольшваў, калі сцвярджаў, што наша літаратура самая жыццясцвярджальная з літаратур таго часу, але, як піша Ігар Жук “унутраны аптымістычны пафас яе Чаржынскі адчуваў амаль бездакорна” (Ігар Жук. Сустрэчны рух. Гродна, 1998. С.44).

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (ф. 205, вып. 3, спр. 8909) нядаўна выявіў заяву У.Чаржынскага, якую ён пісаў у Беларускі дзяржаўны універсітэт: “Гэтым прашу залічыць мяне сталым слухачом на этналагічна-лінгвістычны аддзел факультэту грамадзянскіх навук Беларускага дзяржаўнага універсітэта па цыклу беларускае мовы. Скончыў у 1918 годзе 7 класаў мужчынскай гімназіі Фальковіча й Зубакіна ў Менску.У 1918-1919 гадах працаваў як настаўнік у вячэрняй школе для дарослых, якая была арганізавана мною ж у м. Пасадцы Вілейскага павета. Адначасна з гэтым даваў прыватныя лекцыі ў розных класах сярэдняй школы. У 1920 годзе з прыходам на Беларусь савецкае ўлады зрабіўся сталым супрацоўнікам штодзённае газеты “Савецкая Беларусь”, у якой працую й да апошняга часу...”.

Сапраўды, працуючы ў “Савецкай Беларусі”, Уладыслаў Чаржынскі публікуе тут свае артыкулы на розныя тэмы. Да 5-годдзя часопіса “Полымя” з’яўляецца матэрыял “Літаратурная трыбуна” (“Савецкая Беларусь”, 1926, 25 снежня). У нумары “СБ” ад 16 траўня 1925 года крытык разважае аб праблемах беларускае мастацкае культуры ў міжнародным кантэксце, аб тым, што наша тагачасная літаратура ўнясла ў скарбніцу агульнаеўрапейскай літаратуры, які сацыяльны клас пераважна знайшоў у ёй свой адбітак. На думку У.Чаржынскага, “матывы нацыянальнага і сацыяльнага змагання ў сваім найдасканальшым сінтэзе разгарнуты ў беларускай літаратуры з такой глыбінёй і мастацкай эмоцыянальнасцю, што яны чырвона-агністымі бляскамі мігацяць на агульна літаратурным еўрапейскім фоне”. І вялікая заслуга ў гэтым, сцвярджае крытык, і з ім нельга не пагадзіцца, Янкі Купалы.”Янка Купала – выдатнейшы карыфей беларускае літаратуры, які так нядаўна яшчэ быў як бы ўвасабленнем усёй нашай паэзіі, -- з’яўляецца адначасна піянерам найноўшага беларускага пісьменства”, -- пісаў наш зямляк. “Калі Гамер, Дантэ, Шэкспір, Байран, Гётэ, Міцкевіч, Пушкін і іншыя, -- сцвярджае Уладыслаў Чаржынскі, -- выяўлялі ў сваіх творах пераважна волю да жыцця чалавека наогул, то Янка Купала з найвялікшым мастацтвам праяўляе не толькі ў сваёй творчасці, але самой сваёй постаццю песняра-мужыка волю да жыцця працоўнага эксплуатаванага селяніна, беларускага селяніна. У гэтым іменна розніца, у гэтым самабытнасць, у гэтым і веліч Янкі Купалы, а побач з ім і беларускае паэзіі, у параўнанні з паэзіяй і паэтамі агульна-еўрапейскай культуры”.

Акрамя “Савецкай Беларусі” наш літаратуразнавец і крытык шмат друкуецца ў часопісах “Полымя”, “Узвышша”, “Асьвета”. У 1925 годзе ў Мінску выйшаў з друку зборнік паэзіі Янкі Купалы “Безназоўнае”. У “Полымі” адразу з’яўляецца невялікая нататка Чаржынскага пра гэты зборнік, падпісаная псеўданімам Улідзе. Крытык піша: “Цэнтральным месцам зборніка з’яўляецца паэма “Безназоўнае”. Гэтая паэма заслугоўвае асаблівае ўвагі не толькі з боку мастацкага, але і з боку ідэалагічнага. У ёй Купала дае рэльефны нарыс нашай рэвалюцыйнай эпохі, адцяняючы яе на фоне таго недалёкага мінулага, якое перажывала працоўная Беларусь... Апрача паэмы ў зборніку бачым вязанку вершаў, напісаных у апошнія гады. Усе гэтыя вершы як сваёй ідэалогіяй, так і новымі мастацкімі хварбамі і настроямі падобны на “Безназоўнае” і з’яўляюцца як бы прэлюдыяй да паэмы” (“Полымя”, 1925, № 2.С.200-201).

У першых нумарах часопіса “Полымя” за 1925 год Уладыслаў Чаржынскі друкуе вялікі свой артыкул нарысаў і нататкаў “Беларуская літаратурная сучаснасць”. Рэдакцыя часопіса нават зрабіла зноску, што з некаторымі вынікамі і думкамі аўтара не пагаджаецца. Тым не менш, артыкул быў апублікаваны. У ім літаратуразнавец таксама звяртаецца да творчасці Янкі Купалы. У сваёй працы крытык пытаецца: чаму на працягу 1920-21 гадоў маўчыць Купала? Што такое сталася з песняром? І адразу дае адказ, што ў снежні 1921 года на старонках “Вольнага Сьцягу” з’яўляецца Купала “Песняй аб паходзе Ігара”. “Песня,” --- піша Чаржынскі, -- гэта закончаная музыкальная сімфонія, кожная частка якой пяе дзіўную мелодыю, кожная струна якой гучыць самабытнымі тонамі, а ўсё разам зліваецца ў нязвычайнай чароўнай гармоніі. З гэтага боку “Песня” з’яўляецца запраўдным шэдэўрам беларускае найноўшае паэзіі” (“Полымя”, 1925, № 1. С.148). Далей крытык разглядае зборнік вершаў Янкі Купалы “Спадчына”, куды ўвайшлі вершы песняра напісаныя ім у 1906-1918 гадах, а таксама драму “Тутэйшыя”, напісаная ў 1922 годзе, апублікаваная – у 1924-м, а па зместу адносіцца да 1918-1920 гадоў. Пра “Тутэйшых” Чаржынскі кажа, што “п’еса можа не спадабацца як прыхільнікам артадаксальнага рэалізму (натуралізму), так і прыхільнікам літаратурнага мадэрну. Рэалісты будуць нездаволены тым, што ў п’есе не ўсё жыве, што ў п’есе больш рэзанёрства, чымся жывой дзеі, што ў п’есе залішне карыкатуры, што ў п’есе залішне штучнага. З другога боку можа быць той закід, што п’еса замала эмацыянальна, што п’еса ўбога глыбокімі калізіямі, што п’еса пабудавана на павярхоўных водрухах людскіх пачуццяў, урэшце, што п’еса замала сцэнічна. Але ўсе гэтыя заганы будуць заганамі чыста ўмоўнымі, залежна ад таго пункту погляду, з якога падходзяць да гэтае п’есы. Нам здаецца, што ў п’есе трэба шукаць іншага...” (там жа, с.151-152). Уладыслаў Чаржынскі добра ведаў, што трэба шукаць у п’есе, каму яна прысвечана, пра каго яна і для каго... Абагульняючы творчасць Янкі Купалы ў 1920-я гады наш зямляк прыйшоў да высновы, што:

“1. Ліра песняра не маўчыць, а адгукаецца на найважнейшыя падзеі гэтае сучаснасці; а калі адгукаецца яна не так часта, як гэтага нам хацелася б, то ў гэтым пункце мы павінны памятаць, што маем дачыненне з мастацтвам, г. зн. такой катэгорыяй, якая не падлягае матэматычным вымерам і якая пакуль што не жыве паводле календара, хоць бы нават савецкага.

2. Літаратурныя выступленні песняра не былі дысанансам эпосе, а наадварот, як нельга лепш гарманізавалі з гэтай эпохай.

3. Перастроеная на сучасны лад (“Безназоўнае”) ліра песняра не ўтраціла сваёй ранейшай моцы, а гучыць так жа пераможна, як і раней, і мае нават тэндэнцыю заглушыць хоры новага літаратурнага рэчышча.

4. Паэт застаўся верным сабе і пры новых акалічнасцях, грунтуючыся ў сваёй творчасці на аб’ектыўнай рэальнасці і выступаючы, як раней, пад літаратурным знакам мастацкага рэалізму (павевы неакласіцызму ў “Тутэйшых” не запярэчваюць гэтага, бо неакласіцызм бліжэй да рэалізму, чымся да рамантыкі). Усё гэта сведчыць аб тым, што Я.Купала і ў паслякастрычнікавай сучаснасці (асабліва пачынаючы з 1924 г.) становіцца вельмі значным фактарам прагрэсу ў беларускім літаратурным мастацтве” (там жа, с.153).

Уладыслаў Чаржынскі шмат пісаў і пра Якуба Коласа. “Новую зямлю”, “Сымона-музыку” і “У палескай глушы” ён назваў манументальнымі творамі беларускай літаратуры. Крытык паказаў тое адметнае, новае, што з’явілася найперш у Коласа-празаіка. А гэта дасканаласць і віртуознасць партрэтнага жывапісу, разумеючы апошняе даволі шырока – не толькі як апісанне знешняга партрэта, але і як выяўленне характару. Мае рацыю Міхась Мушынскі, які адзначае, што Чаржынскі “параўноўвае аповесць з партрэтнай галерэяй, праз якую праводзіць аўтар “зачараванага і захопленага чытача”, раскрываючы яму багацце і разнастайнасць чалавечых тыпаў-характараў” (Міхась Мушынскі. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства (20-30-я гады). Мн., 1975. С.166).

Пра Якуба Коласа Уладыслаў Чаржынскі напісаў вялікі крытычна-біяграфічны нарыс, які быў змешчаны ў першым томе збору твораў Якуба Коласа, што пабачыў свет ў Мінску ў 1928 годзе. “Сымон-музыка” – гэта не толькі пышны цвет паэтыцкае індывідуальнасці: гэта пышны цвет беларускае паэзіі, як мастацтва” – сцвярджае наш крытык.

Вельмі моцна Уладыслаў Чаржынскі абараняе Якуба Коласа, Змітрака Бядулю і Янку Купалу, аналізуючы працу “Беларусы” Яфіма Карскага ў “Полымі” за 1923 год. Ён аб’ектыўна ўказвае на сур’ёзныя недакладнасці Карскага, які ў трэцім томе стараецца паказаць гісторыю беларускай літаратуры, пачынаючы з ХIХ стагоддзя, а таксама апісаў беларускі культурна-нацыянальны рух. “Незразумелым для нас з’яўляецца той метад, паводле якога аўтар размясціў у гэтым раздзеле пісьменнікаў, -- піша Уладыслаў Чаржынскі. – Калі аўтар трымаўся метаду літаратурнай магутнасці, то чаму паставіў Цётку раней Я.Купалы, Альберта Паўловіча, Г.Леўчыка, К.Буйло раней Бядулі-Ясакара, які бязумоўна па літаратурнай вартасці, і па колькасці ім напісанага стаіць бязмерна вышэй за іх? Калі ж аўтар трымаўся храналагічнага прынцыпу, то чаму Альберт Паўловіч, Ядвігін Ш. апынуліся пасля М.Багдановіча, К.Буйло і г.д.? А калі аўтар размяшчаў пісьменнікаў паводле арганічнай сувязі і сваенства матываў, стылю, крыніц творчасці і г.д., то чаму за М.Багдановічам пастаўлены А.Паўловіч, З.Жылуновіч, Ядвігін Ш., а не Бядуля-Ясакар, які, бязумоўна, як стылем, так і матывам і бліжэй да М.Багдановіча, чымся яны”(“Полымя”, 1923, № 2. С.113-114).

“Плавнику принадлежить и несколько прозаических статей”, -- піша Я.Карскі ў “Белорусах”. Чаржынскі рэагуе на гэта імгненна: “Гэтак адзываецца акадэмік Е.Ф.Карскі аб пісьменніку, якога вядома нам у друку да 80 апавяданняў, агульным аб’ёмам каля 40-50 друкаваных аркушаў. І гэта некалькі “прозаических статей”. Нечага сказаць, добрая рэгістрацыя паэтычных матэрыялаў”... (там жа, с.123). І такіх заўваг крытык прыводзіць вельмі шмат. Таму ён, прачытаўшы трэці том “Белорусов”, заявіў, што кніга Карскага “дзякуючы сваёй павярхоўнасці вельмі мала дасць новага для тых, хто больш-менш знаёмы з гісторыяй беларускае літаратуры і з гісторыяй беларускага нацыянальна-адраджэнцкага руху” (там жа, с.132).

У вераснёўскім нумары часопіса “Полымя” за 1928 год Уладыслаў Чаржынскі апублікаваў артыкул “Дзейнасць З.Жылуновіча ў абсягу беларускай літаратурнай крытыкі”. Артыкул быў вельмі актульны на той час і сёння ён не страціў сваёй гістарычна-літаратурнай фактуры. Як мы ведаем, сам Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч) пісаў вельмі шмат: апавяданні, вершы, раман, літаратурныя агляды, крытычныя манаграфіі, крытычна-палемічныя артыкулы, рэцэнзіі і г.д. Менавіта на характарыстыцы некаторых жанраў крытыкі Цішкі Гартнага спыніўся У.Чаржынскі. Ён не толькі зрабіў вычарпальны агляд дзейнасці З.Жылуновіча ў кантэксце беларускай літаратурнай крытыкі, але паспрабаваў класіфіцыраваць яго крытычныя працы як з боку ідэалагічна-метадалагічных прынцыпаў, так і з боку літаратурнай формы і стылю. Падобная праца ў беларускай літаратуры тады была новай і даволі нялёгкай. І яе наўрад ці хто змог бы адужаць. Хіба што толькі Чаржынскі.

Часопіс “Узвышша” у травенскім нумары за 1929 год публікуе вялікі матэрыял нашага земляка, які называецца “Нарысы гісторыі беларускае літаратуры” праф. М.М.Піятуховіча”. Сапраўды, прафесар Міхайла Піятуховіч (1891-1937) у 1928 годзе выдаў першую частку сваіх “Нарысаў...”. Іх уважліва прачытаў Уладыслаў Чаржынскі і на старонках папулярнага тады часопіса выказаў свае думкі і заўвагі. І яны даволі слушныя. Напрыклад, У.Чаржынскі піша: “Вось якую характарыстыку дае, напрыклад, праф. Піятуховіч В.Д.Марцінкевічу на балоне 73-й “Нарысаў”: “Узятая ў цэлым творчасць Дуніна-Марцінкевіча ўяўляе сабой яскравы прадукт патрыярхальна-дваровай культуры, амаль зусім не зачэпленай уплывамі капіталізму”. Гэта формула, супярэчачы гістарычнай рэчаіснасці, не можа даць адказу на асноўныя пытанні, што ўзнікаюць навокал творчасці названага пісьменніка. Чым, напрыклад, вытлумачыць тую з’яву, што ўся творчасць Д. Марцінкевіча з’яўляецца як бы псіха-ідэалагічным клеем, якім пісьменнік тужыцца склеіць сялянства і шляхту, як не распадам прыгоннае гаспадаркі? Чым вытлумачыць гэтае заахвочванне селяніна да шчырае працы, якое мы бачым бадай у кожным творы Марцінкевіча, як не простым рэзультатам невыстарчальнай прадукцыйнасці сялянскае працы ў перыяд менавіта распаду прыгоннае гаспадаркі?” і г.д.і г.д. У гэтым артыкуле Чаржынскі зрабіў некалькі заўваг і наконт трактоўкі ў “Нарысах” М.Піятуховічам паэзіі Францішка Багушэвіча і творчасці некаторых іншых класікаў беларускай літаратуры.

Вельмі добра крытык У.Чаржынскі сказаў пра беларускага гісторыка Уладзіміра Пічэту. Напрыклад, у аглядзе часопіса “Вестник Народного Комиссариата Просвещения ССРБ” (1923, кастрычнік-лістапад) у лютаўскім нумары часопіса “Полымя” за 1923 год ён піша: “Як мы бачым, гісторыка-беларуская навука мае ў асобе У.Пічэты вельмі здольнага і, адначасна з гэтым, вельмі шчырага прыхільніка”.

Вельмі цёпла наш зямляк у сваіх літаратурных творах адгукаўся пра Украіну і творчасць яе пісьменнікаў. У 1924 годзе выйшаў з друку зборнік вершаў “Вітер з Украіни” Паўло Тычыны. Пад псеўданімам Улідзе “Полымя” друкуе рэцэнзію У.Чаржынскага на гэты зборнік. Яна пачынаецца так: “Вецер з Украіны, Украіны так блізкай нам, беларусам, на жаль так рэдка далятае да нас, так рэдка кудзёрыць верхавіны беларускага бору! А шкада! Гэтулькі ў гэтым ветры нам роднага, прачулага, а разам з тым, гэтулькі ў ім моцы й чараў, самабытнасці і крыштальнай прамяністасці. Вязанка вершаў П.Тычыны “Вітер з Украіни” можа найвыпукней увасабляе сабою гэты ўкраінскі вецер... (“Полымя”, 1925, № 1. С.179-180). Далей наш крытык не шкадуе шчырых братэрскіх слоў і пачуццяў, ён проста ў захапленні ад творчасці паэта, калі піша, што “П. Тычына – адзін з найвялікшых сучасных украінскіх паэтаў...”, што “музыкі ў паэзіі П.Тычыны – як сонца ў роснай зелені летнім ранкам”, што “лірыка П. Тычыны – наскрозь шчыра-пачуццёва”...

Гэта мая толькі невялікая вандроўка па старонках твораў Чаржынскага-крытыка. Пасля яе я ўпэўніўся, што беларусы ў 1930 годзе страцілі вельмі таленавітага, разважлівага і аб’ектыўнага крытыка. На вялікі жаль, сёння ў беларускай літаратуры крытыка маштабу Чаржынскага я нават і не магу назваць. Таму павучыцца пісаць і аналізаваць творы нам сёння ёсць у каго. Толькі гэтыя крытычныя артыкулы і даследаванні нашага земляка раскіданы па выданнях 1920-1930-х гадоў. Ці не пара ўжо іх сабраць пад адну вокладку і выдаць?..

2007, лістапад


Язэп Варонка


У першым нумары газеты “Вольная Литва” за 1921 год паэт Юры Вегаў апублікаваў на рускай мове верш, прысвечаны Вільні. Першую і апошнюю строфы з гэтага паэтычнага твора хочацца працытаваць:

Когда я вновь тебя увижу,
Когда твой шум услышу я?
О, ни к Берлину, ни к Парижу
Так не влечёт любовь моя…
…Нет, не прощу твои я стоны,
Людскую совесть разбужу,
Свои я кликну легионы,
И родину освобожу.
А радзімай паэта Юры Вегава з’яўляецца Сакольшчына на Беласточчыне, дзе ён нарадзіўся 4 красавіка 1891 года. Сапраўднае прозвішча паэта Вегава — Язэп Варонка. Але Язэп Варонка пісаў не толькі рускамоўныя вершы, ён быў і застаўся ў гісторыі Беларусі, як палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст, адзін з пачынальнікаў беларускага палітычнага руху ў ЗША.

Дзіцячыя гады Язэпа прайшлі на Беласточчыне, а вось юнацтва і палітычны вопыт набіраліся ў Санкт-Пецярбургу. Там юнак пэўны час слухаў лекцыі на юрыдычным факультэце мясцовага універсітэта, супрацоўнічаў з рознымі пецярбургскімі газетамі і часопісамі. Да 1917 года паэту і публіцысту Вегаву ў Пецярбургу жылося даволі нядрэнна і весела. Аб гэтым нават згадвае В.Ункоўскі ў рускім часопісе “Возрождение” (Парыж, жнівень, 1956 г.): “Сакратаром рэдакцыі быў сімпатычны студэнт-юрыст Пецярбургскага універсітэту Язэп Якаўлевіч Варонка — беларус з Беластока. Высокі прыгожы брунет, ён хадзіў не ў сціплай тужурцы, а ў адмыслова пашытым студэнцкім сурдуце, зашпіленым на ўсе гузікі. Падкрэслена запаволены, заўсёды чыста паголены, валасы на прабор і нязменная памада. Ужываў дарагую “мужчынскую” парфуму й добра знаўся з ёю.

Жыў ён у памяшканні рэдакцыі (Неўскі праспект, нумар 3, насупраць Галоўнага Штабу), спаў на стосах непрададзеных газетаў (а іх тут былі горы). Заробленыя прагульваў за лічаныя дні, а пасля любіў наспеўваць нешта пра кішэню з дзюркай.

У Пецярбургу выходзіў невялічкі часопіс “Театральное обозрение”, які каштаваў 5 капеек, дзе штодня друкаваліся падрабязныя афішы ўсіх спектакляў і канцэртаў, а таксама тэатральная хроніка. Варонка даваў інфармацыйныя зацемкі, а таму быў сталым наведнікам тэатральных грымёрных і, заляцаўся да артыстак”. Далей аўтар успамінае: “Пазнаёміўся я з Варонкам у 1913 годзе, а эпісталярна мы былі знаёмыя з 1911 года. Тады я быў рэдактарам другога “Всероссийского Студенческого Сборника”. Першы з’явіўся за колькі год перад тым пад рэдакцыяй І. Буніна і М. Целяшова. Варонка даслаў мне для зборніка падпісаную ягоным прозвішчам празаічную мініяцюру “Осеннее” і два вершы пад псеўданімам Юры Вегаў. Усё гэта я надрукаваў. Чысты прыбытак ад продажу зборніка прызначаўся Пяцігорскаму студэнцкаму санаторыю. Першае выданне разышлося, а калі зімою 1913 года я пазнаёміўся з Варонкам, мы задумалі выпусціць “Всеросийский Студенческий Сборник” другім выданнем. Так і сталася: увесну 1914 года другое выданне выйшла, дзякуючы незвычайнай энергіі Я.Я.Варонкі, — кніга з’явілася ў вітрынах кнігарняў Пецярбургу, Масквы, Харкава, Кіева і іншых гарадоў.

Мы з Варонкам сустракаліся не радзей як два-тры разы на тыдзень у рэдакцыі “Воскресной Вечерней Газеты” і ў мяне. Ён быў ня дурань кульнуць чарку, і, памятаю, мы добра гульнулі на маскарадзе “Ярылава ноч”, дзе ўсё было дагары нагамі: Варламаў піў, а Давыдаў танцаваў, і ўсё было накшталт таго ж… І самы танны білет бяз месца каштаваў 25 рублёў, што па тых часох было страшэнна дорага. Я заплаціў за свой “уваходны”, а Варонка, як заўсёды, “злаўчыўся”. Мы весела прабавілі час, скакалі з маскамі, пілі каньяк, цешылі дурня да самай раніцы.

Вайна 1914 году. Мяне мабілізавалі як малодшага доктара ва ўласны санітарны цягнік імператрыцы Аляксандры Фёдараўны, і з Варонкам мы больш не сустракаліся. Але ён часта пісаў мне і на адрас цягніка, і на маю харкаўскую кватэру. Мушу прызнацца, я адказваў не заўсёды. У ягоных лістах не было нічога актуальнага. Ён працягваў супрацоўнічаць з "Обозрением театров". Арганізоўваў штотыднёвыя часопісы — “Вереск”, “Колосья”, але яны спыняліся пасля выхаду першага ж нумару. Яму фатальна не шанцавала. Сябраваў з вядомым таленавітым паэтам Мікалаем Агніўцавым. Той хваліў вершы Варонкі, падпісаныя псеўданімам Юрый Вегаў” (пераклад тэксту з рускай мовы Лявона Юрэвіча).

З 1917 года Язэп Варонка пачынае сур’ёзна займацца палітыкай. Ён уступае ў Беларускую сацыялістычную грамаду, пасля становіцца членам яе Цэнтральнага Камітэта. На розных расійскіх дэмакратычных нарадах і сходах выступаў з прадмовамі ў абарону Беларусі, а таксама супраць урадавай кааліцыі сацыялістычных партый з буржуазнымі.

Жывучы ў Петраградзе, Язэп Варонка ўзначальваў камітэт Беларускага таварыства ў гэтым горадзе па аказанні дапамогі тым, хто пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. У канцы 1917 года ён прыязджае ў Мінск, дзе яго абіраюць камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады. Варонка актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда. А ў лютым 1918 года ён становіцца старшынёй Народнага сакратарыята Беларусі і народным сакратаром замежных спраў.

25 сакавіка 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Язэп Варонка быў яе адным з арганізатараў і ініцыятараў. ...



Все права на текст принадлежат автору: Сяргей Чыгрын.
Это короткий фрагмент для ознакомления с книгой.
Беларуская БеласточчынаСяргей Чыгрын