Все права на текст принадлежат автору: Таццяна Шамякіна.
Это короткий фрагмент для ознакомления с книгой.
Міфалогія і літаратураТаццяна Шамякіна

Таццяна Шамякіна Міфалогія і літаратура

Дапаможнік

Асаблівасці міфалогіі як формы свядомасці

Міфалогія — форма свядомасці, асаблівы працэс мыслення, які захаваўся з самых архаічных часоў; дзейнічае ён і сёння, знаходзячы праяўленне далёка не толькі ў мастацтве, у паэзіі, але і ў палітыцы, ідэалогіі, рэкламе.

Слова «міфалогія» неабходна разумець у двух сэнсах — аб’ектыўным і метамоўным: як сістэму міфаў таго ці іншага народа, рэгіёна, усяго свету (збор паданняў, легендаў, эпас архаічных этнасаў) і як навуку пра міфы.

Міфалогію вывучаюць самыя розныя навукі: фалькларыстыка, этнаграфія, літаратуразнаўства, мастацтвазнаўства, лінгвістыка, культуралогія, гісторыя, філасофія, псіхалогія, сацыялогія.

Міф — у аснове ўсіх нацыянальных культур. У тым выпадку, калі працэс развіцця таго ці іншага народа пачаўся гістарычна не так даўно і ў яго няма сваёй старажытнай міфалогіі, ён стварае сучасную. Але без міфалогіі, якую м ожна назваць нацыянальнай паэтычнай ідэалогіяй, не абыходзіцца ні адзін этнас. Міфы садзейнічаюць яднанню грамадства, удзельнічаюць у фарміраванні менталітэту народа праз захаванне пэўных стэрэатыпаў мыслення і паводзін. Міфалогія — не казкі і не фантастычныя ўяўленні — гэта абагулены вопыт жыццядзейнасці продкаў, адлюстраваны і захаваны праз сістэму вобразаў.

Сучасныя вучоныя-міфолагі звычайна звяртаюць увагу на тое, што міфалогія — народны аналаг навукі, бо яна занатавала найбагацейшыя веды нашых продкаў пра Прыроду. На нашу думку, міф — народная філасофія, філасофія ў вобразах. Гэта важна ведаць усім, хто паглыблена вывучае літаратуру, бо літаратура заўсёды ставіла і вырашала тыя ці іншыя філасофскія праблемы. Аднак найбольш аб’ядноўвае прыгожае пісьменства і міфалогію сам тып мыслення, заснаваны на фантазіі.

Міфы — сюжэты, што выяўляюць розныя аспекты чалавечай самасвядомасці, а сюжэтнасць мае непасрэднае дачыненне да мастацкай слоўнай творчасці. Міф наскрозь сімвалічны — самы сімвалічны з усіх з’яў, заснаваных на слове. Некаторыя сімвалы прадстаўлены ў наратыўнай (апавядальнай) форме, што прама дазваляе адносіць іх да літаратуры. У міфе можна знайсці мноства сэнсавых пластоў — гэтаксама, як у кожным таленавітым мастацкім творы, але сімвалізм міфа глыбейшы. Міф — універсальная мадэль для пабудовы сімвалаў. Паводле насычанасці, згушчэння сэнсаў можна вывесці наступную формулу: вобраз — метафара — сімвал — міф. Разгортваючы формулу наадварот, атрымаем фарміраванне прыведзеных паняццяў у часе.

У прынцыпе ўсё тыповае мае адносіны да міфалогіі, а стварэнне тыпаў лічыцца адным з вышэйшых дасягненняў мастацкай літаратуры. Але міф стварае тыповыя мадэлі і для ўсяго грамадства. Такія мадэлі называюцца архетыпамі. Гэта адно з важнейшых паняццяў не толькі міфалогіі як навукі, але і псіхалогіі, этналінгвістыкі, сацыялогіі і некаторых іншых дысцыплін. Міфалогія складаецца з архетыпаў, на якія, як на стрыжань, насаджваюцца вобразы і ўяўленні магіі, рэлігіі, палітыкі, мастацтва. Міф — бязмежны выток і вобразаў-тропаў прыгожага пісьменства. У літаратуры аўтарскае мысленне напластоўваецца на мысленне міфалагічнае, нараджаючы па сутнасці новы міф. Менавіта ў «розніцы» паміж першасным і другасным (аўтарскім) міфамі хаваецца закладзены пісьменнікам сэнс, падтэкст. Глыбінныя сэнсы і значэнні выяўляюцца таксама і праз аўтарскую падсвядомасць. Паколькі міф — асаблівы тып мыслення, ён непасрэдна праяўляецца ў мове. Моўныя міфемы можна знайсці практычна ў кожным тэксце, тым больш у тэксце мастацкім.

Многія пісьменнікі мадэліравалі і мадэліруюць рэчаіснасць паводле законаў міфалагічнага мыслення. Тыпы мастацкай міфалагізацыі наступныя:

Стварэнне сваёй арыгінальнай сістэмы міфалагем (характэрна ў асноўным для пісьменнікаў-рамантыкаў — А. Міцкевіча, М. Гогаля, Э.Т.А. Гофмана).

Аднаўленне глыбінных міфа-сінкрэтычных структур мыслення (напрыклад, ваўкалацтва, двойніцтва персанажаў — у Ф. Дастаеўскага, Г.Сянкевіча, Я. Баршчэўскага).

Рэканструкцыя старажытных міфалагічных сюжэтаў, іх сучасная інтэрпрэтацыя (біблейскія сімвалы ў В. Быкава, В. Адамчыка).

Увядзенне асобных міфалагічных матываў і персанажаў, узбагачэнне канкрэтна-гістарычных вобразаў універсальным сэнсам (Я. Купала, М.Багдановіч, В. Быкаў, У. Караткевіч).

Паказ-аднаўленне фальклорных і этнічных пластоў нацыянальнага быцця, дзе яшчэ жывыя элементы міфалагічнага светасузірання (А.Міцкевіч, Я. Чачот, Я. Баршчэўскі).

Прытчавасць, лірыка-філасофская медытацыя, арыентаваная на архетыповыя канстанты чалавечага і прыроднага быцця: дом, хлеб, дарога, вада, гара, любоў і г.д. (Я. Купала, Я. Колас, М. Гарэцкі, сучасныя пісьменнікі постмадэрнізму).

Міф больш характэрны для архаікі, але наш час таксама напоўнены міфамі, толькі мы не разумеем, што гэта міфы. Міфалогія вельмі жывучая, можна сказаць, несмяротная форма фантазіі. Міфалагічны светапогляд існаваў заўсёды і не знікне ніколі. Нават у наш прагматычны час людзі працягваюць верыць у цуд, а такая вера і ёсць праяўленне міфалагічнай свядомасці. Міфы — найперш псіхічныя, псіхасацыяльныя феномены, таму міфатворчасць — частка і дзяржаўнай палітыкі. Наша жыццё і па сёння застаецца пад уладай магаў-міфатворцаў. Ідэалогія і палітыка вельмі шырока выкарыстоўваюць міфалогію і яе сімвалы. Часам гэта праяўляецца ўскосна, напрыклад, у рэкламе. Стваральнікі рэкламы прама гавораць: каб прадаць нейкі тавар, неабходна стварыць яму міф, легенду (а таварам, на жаль, сёння робіцца ўсё, нават чалавек-творца). Але ў цэлым, у глабальным плане, міфалогія дапамагае знайсці нацыянальную ідэю, правільна зразумець уласную харызму (тое, што надае народу адметнасць) і асноўныя этнічныя архетыпы, рацыянальна ўсвядоміць і інтуітыўна адчуць свае гістарычнае і геапалітычнае прызначэнне.

Звычайна лічыцца, што навуковы светапогляд — антыпод міфалагічнага. Але і сама навука напоўнена міфамі. Уласна, развіццё навукі — гэта пастаяннае адмаўленне адных міфаў і замена іх іншымі. Толькі тое, што можна праверыць практыкай, — не міф. Інакш кажучы, калі на аснове таго ці іншага закона, адкрытага навукай, можна пабудаваць прыбор, механізм, машыну, і яны будуць працаваць, — толькі тады можна гаварыць пра сапраўдную навуку, пра пазнанне законаў прыроды.

Сучасны даследчык міфалогіі адзначае: «Міфалогія — гэта асаблівы, таямнічы, вечны свет, створаны чалавекам для таго, каб растлумачыць прыроду, космас і самога сябе, каб зразумець тую сілу, якая усім кіруе… Міфалогія такая разнастайная і шматаблічная, як уласна чалавек і яго культура… У міфалогіі патаемная, неадназначная, сімвалічная і вельмі прыгожая мова, што адлюстроўвае мудрасць, шуканні, спакусы, страх і надзеі незлічоных пакаленняў» [Ю.М.Антонян]. Мы ж лічым, што міфы — гэта выяўленне імкнення калектыўнага чалавечага розуму наблізіцца да спасціжэння сапраўднай задумы Творцы Сусвету. Міф заснаваны на веры ў Бога і бессмяротнасць. Галоўная цікавасць міфа — Бог і душа чалавека. Асаблівасць міфа і ў тым, што ён імкнецца разгадаць тое, што немагчыма разгадаць да канца: чалавека, прыроду, космас, нараджэнне і смерць, сэнс быцця, існаванне ў іншасвеце. Усё таямнічае, да канца непазнанае, містычнае называецца сакральным — таксама адно з галоўных у міфалогіі паняццяў.

Міф адлюстроўвае рэальнасць, але адлюстроўвае вельмі своеасабліва. Ён ніколі не адэкватны рэальнасці — гэта не фатаграфія; міф гаворыць мовай знакаў, сімвалаў, архетыпаў. Ад іншых формаў пазнання (напрыклад, навуковага) міф адрозніваецца тым, што заўсёды і ва ўсім абапіраецца на звышнатуральнае, містычнае і аперыруе імі. Міфалогія — знакавая сістэма, сімвалічная «мова», у тэрмінах якой чалавек мадэліраваў, абагульняў з’явы свету. Усё ў свеце міф імкнуўся растлумачыць, перадаць менш вядомае праз больш вядомае. Паводле такога ж прынцыпу пабудаваны метафары ў мове. Міф заўсёды абагульняе, але — праз канкрэтнасць.

Міф — з’ява пастаянная і нязменная для ўсіх людзей і ва ўсе часы. Мадэлі, сюжэты і нават дэталі з міфаў сустракаюцца паўсюль. Найбольш агульныя мадэлі называюцца архетыпамі. Міф — тое, што дайшло ад продкаў, закладзена генетычна, закадзіравана ў нашых генах, значыць, уваходзіць у структуру падсвядомасці.

Міф — расповяд пра падзеі, што былі да пісьмовай гісторыі, і пра падзеі, што толькі адбудуцца некалі. Міф — нітка, якая злучае мінулае, сучаснае і будучае.

Міф — своеасаблівая мова, што апісвае рэаліі, якія знаходзяцца па-за нашымі пачуццямі. Ён запаўняе мяжу паміж вобразамі падсвядомасці і мовай логікі.

Міф садзейнічае самавызначэнню этнасаў (родаў, плямёнаў, нацый), фарміруе нацыянальны светапогляд.

Міф — неабходны элемент ва ўсіх маральных кодэксах. Мараль выводзілася з міфалогіі, з рэлігійных вераванняў.

Міфалогія — комплекс уяўленняў, які надае жыццю сэнс. Яна дапамагае асобным людзям, усяму грамадству адэкватна прыстасоўвацца да асяроддзя.

Міфалогія занатавала стасункі чалавека і прыроды. Гэта зведзеныя ў адну сістэму назіранні чалавека над прыродай, максімальна абагулены вопыт, прыяўлены праз сістэму вобразаў. Міф заснаваны на тым, што ў Космасе літаральна ўсё знаходзіцца ў сувязі. Чалавек уключаны ў агульны кругазварот, не стаіць над прыродай, а жыве суладна з ёю. Мы намнога больш залежым ад прыроды, ад Космасу, чым уяўляем. І мы знішчаем, падаўляем прыроду, а нашы продкі мудра да яе прыстасоўваліся і ўнутры яе гарманічна існавалі.

Усе міфы, рэлігіі (якія ўзніклі з міфалогіі), паданні літаральна ўсіх народаў свету зыходзяць з існавання — у нейкі час і ў нейкім месцы — асаблівых ведаў, намнога багацейшых за нашы сённяшнія веды. Сёння і навука схіляецца да думкі, што міфалогія — гэта зашыфраваныя ў сімвалічнай форме старажытныя веды. Увасабленнем такіх ведаў у міфах было Залатое Руно, Жар-птушка, філасофскі камень, што шукалі алхімікі яшчэ нават у эпоху Адраджэння. У старажытнасці веды захоўвалі жрацы.

Міфалогія з’яўляецца асновай, важнейшым падмуркам культуры чалавецтва.

Звычайна думаюць, што міф — тая ж казка, карацей, вымысел, фантазія. На самай справе ўсё наадварот: міф — гэта найбольш поўнае асэнсаванне рэчаіснасці, найбольш багатая мадэль свету. Безумоўна, мы, людзі ХХІ ст., пасміхаемся з багоў антычнасці ці славянскіх. Увогуле наша цывілізацыя матэрыялістычная. Але і ў наш час ствараецца міфалогія, не менш багатая, але заснаваная на зусім іншай парадыгме — яна часта звязана з ідэалогіяй, з палітыкай. У цэлым жа для міфа характэрна:

а) сакралізацыя часу першастварэння;

б) нераздзеленасць вобраза і значэння;

в) усеагульнае адухаўленне і персаніфікацыя;

г) цесная сувязь з рытуалам;

д) цыклічная мадэль часу;

е) метафарызм;

ё) сімвалізм;

ж) сінтэтызм, дзякуючы якому з міфалогіі выйшлі: філасофія, рэлігія, мастацтва, нават навука;

з) гармонія, цэласны і ў многім эстэтычны падыход да свету.

Асноўныя аб’екты цікавасці міфалогіі — нябачны свет, цуд і смерць-уваскрэсенне. На працягу ўсёй гісторыі людзі раздзялялі свет на бачны і нябачны. У язычніцтве нябачны свет — багі, што персаніфікуюць сілы прыроды, духі локусаў (пэўнай прасторы); у хрысціянстве — Бог, анёлы, дэманы, душы жывых і памерлых; у філасофіі — свет з’яў і свет прычын, свет рэчаў і свет ідэй; у навуцы — мікравелічыні, мікробы. Ёсць рэчы і з’явы, існаванне якіх не выклікае сумнення, але іх немагчыма выразіць у тэрмінах нейкіх вымярэнняў: усе ідэі, вобразы, успаміны, снабачанні — таксама па сутнасці нябачны свет. Сапраўды, псіхіка чалавека — як бы чацвёртае вымярэнне. Думка рухаецца ў чацвёртым вымярэнні — для яе няма перашкод. Мы самі — чатырохмерныя істоты і звернуты да трохмернай прасторы толькі адным сваім бокам. Большая ж наша частка — у чацвёртым вымярэнні, але мы, на жаль, пра гэта не памятаем: жывём у чатырохмерным свеце, а ўсведамляем сябе ў трохмерным. Чацвёртае вымярэнне — унутры нас, наша свядомасць, дух.

Чалавек ніколі не мог пераканаць сябе ў ідэі смерці — залішне многае ёй супярэчыла. Вось чаму ідэяй вечнага адраджэння прасякнуты ўсе міфалагічныя сістэмы свету, шматлікія рытуалы: рэлігійныя (Раство, Вялікдзень), фальклорныя (Масленіца), а таксама мастацтва — тэатр, прыгожае пісьменства.

Міф мадэлюе новую, вышэйшую рэальнасць, як і мастацтва. А з рэлігіяй міф звязвае тое, што ён дае накірунак у жыцці, арыенціры ў Космасе. Міф застаецца міфам, пакуль у яго вераць. Як толькі вера страчана, міф ператвараецца ў мастацкі твор: эпас, казку, драму і пад. Калі ж вера, наадварот, узмацняецца і дапаўняецца вытанчанай філасофіяй, міф арганічна перарастае ў рэлігію.

Такім чынам, міфалогія — не збор казачак ды легендаў. Гэта тып мыслення, які дамінуе ў гісторыі чалавецтва.

Асноўныя крыніцы для вывучэння міфалогіі:

А) Помнікі так званай ведыйскай (ад Веды) традыцыі і індыйскія нацыянальныя літаратурныя эпасы: «Рыгведа», «Упанішады», «Махабхарата», «Рамаяна».

Б) Помнікі іранскай, зараастрыйскай традыцыі — «Авеста», «Шахнамэ» Фірдуосі.

В) Помнікі грэчаскай і рымскай міфалогіі: паэмы Гамера «Іліяда» і «Адысея», «Тэагонія» Гесіёда, «Міфалагічная бібліятэка» Апаладора, «Пра прыроду багоў» Цыцэрона, «Пра Ісіду і Асірыса» Плутарха.

Г) Пра германскую і кельцкую міфалогію захаваліся працы Тацыта, Юлія Цэзара, Годфрыда Манмуцкага, цыкл пра караля Артура ў розных расповядах, «Старэйшая Эда», «Малодшая Эда» і «Круг зямны» СнорыСтурлусона і інш.

Д) Славянскую міфалогію можна вывучаць на аснове Поўнага збору рускіх летапісаў, «Слова пра паход Ігаравы», западаных хронікаў пра германцаў і іх суседзяў, напрыклад, твораў Адама Брэменскага, Саксона Граматыка; сведчанняў арабскіх падарожнікаў (Ібн Фалдана, Аль Масудзі); працы Яна Длугоша «Гісторыя Польшчы» і больш позніх польскіх і літоўскіх гісторыкаў Я.Стрыкоўскага, Ч.Мяхоўскага; чэшскага сярэднявечнага слоўніку «Mater Verborum»; павучэнняў супраць язычніцтва і жыццяў святых; фальклорных крыніц; моўных фактаў.

Пытанні для засваення і самаправеркі:
1. У чым асноўныя асаблівасці міфалогіі як тыпу свядомасці, як «паэтычнай філасофіі»?

2. Што аб’ядноўвае міфалогію з іншымі формамі грамадскай свядомасці — навукай, рэлігіяй, мастацтвам?

3. Якія асноўныя праблемы міфалогіі і аб’екты яе цікавасці?

4. Чаму міфалогію можна лічыць філалагічнай дысцыплінай?

5. Як праяўляецца міфалагізм у літаратуры?

6. Асноўныя паняцці, неабходныя для разумення курса «Міфалогія і літаратура».

7. На аснове якіх крыніц вывучаецца міфалогія?

РАЗДЗЕЛ 1 Вытокі міфалогіі, яе раннія формы

Архаічны (даміфалагічны) светапогляд. Татэмізм

Глебай, на якой узрасла міфалогія, з’яўляюцца старажытныя вераванні людзей эпохі палеаліту і неаліту — татэмізм, анімізм, магія.

Часавы абсяг нашага курса — пачынаючы прыкладна з Х тыс. да н. э. Чаму менавіта дванаццаць тысяч гадоў? Справа ў тым, што прыкладна з Х тыс. да н. э. пачаўся новы этап у гісторыі чалавецтва пасля глабальнага катаклізму, у выніку якога нават змясцілася зямная вось: Зямля нахілілася (магчыма, у выніку ўдару астэроіда) на 23,5 градусы і з таго моманту рухаецца вакол Сонца як бы трохі лежачы на баку. Мяркуюць, што да ўсепланетнай катастрофы на нашай планеце існавала Суперцывілізацыя, якая загінула і веды пра якую часткова захаваліся ў міфах. Пасля «кульбіту» Зямлі ў Сібіры імгненна ўзнікла вечная мерзлата (вось чаму ў страўніках умароджаных у лёд мамантаў нават засталася неперавараная ежа), а на нашай тэрыторыі вельмі хутка растаяў ледавік. У значнай ступені чалавецтва дэградавала. Але частка ведаў захавалася. Іх хавалі ад непасвячоных жрацы, ёгі, вешчуны. Своеасаблівая навука, якая засталася ад біялагічнай Суперцывілізацыі, найлепш праявілася ў магіі. Міфалогію таксама можна разглядаць як зашыфраваныя веды, што засталіся ад ранейшай цывілізацыі і набылі казачную форму, хоць традыцыйна лічыцца, што магія і міфалогія звязаны з арганічнай блізкасцю чалавека да прыроды. Гэта не выключае адно другога.

Адной з найбольш яскравых псіхалагічна-сацыяльных адметнасцяў старажытнага мыслення з’яўляецца татэмізм.

Перш чым гаварыць пра названую з’яву, перанясёмся з палеаліту ў 20-я гады ХХ ст. У першае дзесяцігоддзе савецкай улады, калі пачаўся варварскі наступ на прыроду, выдатны рускі паэт Сяргей Ясенін у простых, але геніяльных радках выказаў сваё жыццёвае крэда, сваю праграму:

Счастл ив тем, что целовал я женщин,

Мял цветы, валялся на траве.

И зверьё, как братьев наших меньших,

Никогда не бил по голове.

З таго часу зацвердзіўся крылаты выраз: жывёлы — «браты нашы меншыя». Але продкі эпохі архаікі лічылі жывёл не малодшымі, а старэйшымі братамі, больш таго — продкамі. Яны пастаянна шукалі аналогіі сваім пабуджэнням і адчуванням у прыродных аб’ектах, шукалі першапрычыны ўсяго, што назіралі, у тым ліку, саміх сябе. Паколькі звяры былі дужэйшыя і спрытнейшыя за людзей, апошнія хацелі быць падобныя да жывёл.

Татэмізм — гэта абагаўленне жывёл, прызнанне іх сваімі родзічамі, продкамі, вера, што сямья, род, племя паходзяць ад жывёлы. Татэмістычныя міфы — фактычна гісторыі паходжання дадзенай этнічнай групы. Татэмізм — сусветная з’ява, прычым захавалася ў некаторых плямёнаў Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі, Палінезіі і сёння. У творах Фенімора Купера, вядомага амерыканскага пісьменніка ХІХ ст., індзейцы пастаянна нагадваюць: «Мой татэм — арол», «Мой татэм — кайот», згадваюць і іншыя татэмы, а гэта значыць — сваіх продкаў. Такім чынам, татэм — не бог, а напачатку продак. Татэмізм прадугледжваў пэўныя абрады, дзе міф адагрываў ролю сцэнарыя.

Каб лепш зразумець надзвычай шматгранную з’яву татэмізму, мы распрацавалі сістэму сувязяў чалавека і жывёлы. Адзначым найбольш пашыраныя сувязі, якія істотна паўплывалі на чалавечую культуру:

Жывёла — рытуальная ежа.

Магчыма, у дапатопнай Суперцывілізацыі мяса людзі не ўжывалі, але пасля катастрофы вымушаны былі перайсці на мясную ежу. Некаторыя старажытныя плямёны палявалі на татэмную жывёлу. З’еўшы кавалак, напрыклад, аленя, чалавек сам адчуваў сябе трохі аленем: яго субстанцыя растварылася ў целе чалавека. І сёння ж шырока ўжываецца рускі выраз: «Человек есть то, что он ест». Гэта добра разумелі продкі.

У сучасных малых народаў, напрыклад, кетаў Сібіры захавалася ўжыванне татэмнай жывёлы (мядзведзя) толькі раз у год — падчас спецыяльнага свята, якое прызвана сімвалізаваць сувязь племені з татэмным продкам. Яны вераць, што забіты ў пэўны час і ўжыты ў якасці харчу мядзведзь набывае статус рытуальнай ежы, што дае людзям сілу мядзведзя. Прыкладна тое ж назіраецца ў іншых этнасаў свету.

Нават рэлігіі захавалі што-нішто ад логікі татэмізму. Напрыклад, таемнасць еўхарыстыі (прычышчэння) у хрысціянстве: з’еўшы кавалачак прасфоры (цела Хрыста) і лыжку віна (Яго крыві), мы як бы раствараем Яго Існасць у сваім целе і, значыць, далучаемся да хрысціянскай абшчыны, ачышчаем і ўзвышаем душу.

З другога боку, існуюць народы, якія, наадварот, забаранялі (і нават сёння забараняюць) есці татэмную жывёлу: гэта адно з першых табу (забарон) ў гісторыі чалавецтва. Найбольш яркі прыклад: забарона на ўжыванне ялавічыны ў Індыі, паколькі карова тут — свяшчэнная жывёла. Чаму ўзнікла забарона есці свініну ў Старажытным Егіпце, сёння не зусім ясна. Але табу перайшло ад Егіпта да яўрэяў і арабаў. У германскіх, балцкіх, славянскіх народаў свіння, наадварот, рытуальная ежа, скажам, на шчадрэц. У немцаў на Раство абавязкова прысутнічае на стале ўпрыгожаная свіная галава, у нас — розныя вырабы са свініны. Харчовыя прыхільнасці — вельмі важная адзнака народнай культуры.

2. Малочная сувязь чалавека ды жывёлы.

Ускормліванне чалавекам татэмнай жывёлінкі захавалася толькі ў аднаго этнаса — айнаў, што жывуць у Японіі і на Курыльскіх астравах. Менавіта яны — абарыгены названых мясцін, а зусім не мангалоіды (японцы) і не рускія. Айны маюць дачыненне да белай расы, але з дабаўленнем палінезійскіх рыс. Гэта народ-унікум, генезіс яго невядомы, мяркуюць, што ён — адзін з самых старажытных этнасаў на Зямлі, які перажыў Сусветны Патоп. Чыстых айнаў засталося нямнога — 16000 чалавек, і паселены яны ў рэзервацыях, бо ў гарадах існаваць не могуць. У кожным паселішчы айнаў абавязкова жывуць і мядзведзі — татэмы народа. Маленькіх медзведзянятак жанчыны павінны ўскарміць сваім малаком…

З іншага боку, выхаванне дзяцей жывёламі захавалася не толькі ў міфах, гістарычных паданнях, але вядома і ў гісторыі, нават у ХХ ст. (каля 20 выпадкаў). Знаходзілі дзяцей, ускормленых малпамі, мядзведзямі, нават антылопамі (знойдзены ў іх статку 10-гадовы хлопчык бегаў з хуткасцю 48 км у гадзіну), але найчасцей — ваўкамі. У беларуска-літоўскіх летапісах ХV-ХVІІ стст. апісана некалькі выпадкаў, калі ў лясах, што належалі Радзівілам, у бярлогах і ваўчыных норах аказваліся чалавечыя дзеці. Іх прывозілі ў Вільню ці Кракаў, але яны, як правіла, хутка паміралі. Ужо ў ХІХ ст. такіх дзяцей пачалі вывучаць даследчыкі, напрыклад, так званага «дзікага чалавека з Аверні». Знойдзены ў ваўкоў, ён пражыў у чалавечай супольнасці да 40 гадоў, але вывучыў усяго некалькі дзесяткаў слоў. Цікава, чаму «маўглі» ў асноўным выхаваны ваўкамі? Гэта ж найвялікшая загадка прыроды: інстынкт маці ў ваўчыцы перамагае жывёльную крыважэрнасць! Ваўчыцамі ўскормлены заснавальнікі Рыма РОМУЛ і РЭМ, персідскі цар Кір, рускія волаты УСЫНЯ і ГАРЫНЯ.

Багасловы часта разважаюць і спрачаюцца на тэму: ці ёсць у дзяцей-«маўглі» душа?

Шлюбная сувязь паміж чалавекам і жывёлай.

Генетычна яна, безумоўна, немагчымая, але ж мы гаворым пра міфалагічнае мысленне: чалавек эпохі архаікі верыў у магчымасць такой сувязі.

На тэрыторыі Еўропы і Азіі найбольш часты матыў — шлюб чалавека ды мядзведзя. На тое ёсць прычыны: мядзведзь надзвычай разумны, лёгка паддаецца дрэсіроўцы, добра прыжываецца ў чалавечых калектывах, здалёк трохі нагадвае чалавека, калі стаіць на задніх лапах. Мядзведзь у лясах Сібіры і Еўропы быў самым магутным зверам — чалавек хацеў быць да яго падобны. Таму толькі ў Заходняй Еўропе існуе 130 варыянтаў казкі пра шлюб жанчыны і мядзведзя. Асноўная фабула большасці казак наступная. Мядзведзь крадзе дзяўчыну або яна, заблукаўшы ў лесе, сама трапляе ў мядзведзяў бярлог, робіцца жонкай звера. У іх нараджаецца сын — ва ўсім чалавек, але надзвычай дужы; часам у яго могуць назірацца некаторыя жывёльныя прыкметы, як у беларускай казцы «Івашка — мядзведжае вушка». Сын расце, паводле вядомага казачнага выслоўя, «не па днях, а па гадзінах», урэшце бяжыць разам з маці з пячоры, дзе іх зачыняў мядзведзь. А пасля пачынаюцца ўласна прыгоды гэтага хлопца, які перамагае розных ворагаў і вызваляе прыгажунь. Вялікая колькасць плямёнаў Сібіры і народаў Еўропы вядзе сваё паходжанне ад такога шлюбу — нават манархічныя роды. Напрыклад, іспанскі каралеўскі род Урсіна (urs — мядзведзь), першы польскі легендарны кароль МЕШКА (Мішка), старажытная швецкая каралеўская дынастыя, адзін з дацкіх ярлаў (князёў), у якога якраз былі мядзвежыя вушы. У далейшым казка пра такі шлюб набыла больш высакародны, рамантычны выгляд, дзе заставаўся і мядзведзь (а пад мядзвежай скурай — прынц), як у «Бяляначцы і Ружачцы» з «Казак братоў Грым», а часам проста чудзішча (зачараваны прынц), як у «Прыгажуні і пачвары» Шарля Перо або ў «Пунцовай кветачцы» Сяргея Аксакава.

Ёсць цікавыя прыклады такога сюжэта і ў іншых жанрах прыгожага пісьменства: з іх самыя характэрныя — навела «Локіс» класіка французскай літаратуры Проспера Мерыме і апавяданне «Жалезная поўсць» рускага класіка Івана Буніна.

Многія роды паходзяць ад іншых жывёл, напрыклад, старажытная каралеўская дынастыя Цэйлона — ад ільва; бураты — ад шлюбу шамана з дзяўчынай-лебедзем; некаторыя народы Каўказа лічаць сваім продкам маці-рыбу. Амаль усе міфалагічныя імператары Кітая народжаны ад незвычайных істот, напрыклад, ад драконаў або ад мядзведзяў. Як мы памятаем, Усяслаў Чарадзей, як і Змей Вогненны Вук, прапродак сербскага народа, таксама нарадзіўся ад вогненага змея. Прычым ва ўсіх выпадках з татэмным продкам захоўваецца нейкая містычная сувязь. У Англіі і Францыі на працягу стагоддзяў вялі летапісы родаў. З іх выявілася, што часам кланы і сем’і мелі пэўных вестуноў смерці. Так, вядомы род Гармарстонаў быў здаўна звязаны з лісамі. Нават у знешнасці прадстаўнікоў гэтага роду было нешта лісінае. Перад смерцю кожнага з членаў роду заўсёды — дзе б чалавек ні знаходзіўся — з’яўляўся ліс. У іншых родаў — ваўкі, буслы і пад. Ясна, што гэта — душы продкаў, якія прыходзілі за чарговай душой. Прычым душа продка абавязкова паўставала ў выглядзе татэмнай жывёлы ці птушкі. У нашага народа таксама бытуе вера пра душы продкаў у выглядзе птушак. Ёсць прыкмета: птушка залятае ў хату перад смерцю каго-небудзь з яе жыхароў. У сваіх успамінах пра Івана Мележа я расказала, як у момант яго смерці ў акно лецішча (мы суседзі ў дачным пасёлку) білася нейкая невядомая, даволі вялікая, птушка.

У народных казках захаваліся дастаткова выразныя рэшткі татэмізму. Прытым, што ёсць моманты цяжка вытлумачальныя. Напрыклад, у казках тыпу «Іван — конскі сын» (у рускіх — «Іван — каровін сын») тры хлопцы зачынаюцца ад чароўнай рыбы і нараджаюцца ў царыцы, паварыхі і кабылы (каровы), прычым найбольш разумны і дужы якраз Іван, народжаны жывёлай.

Паходжанне ад татэмнай жывёлы падкрэслівалася нават у адзенні: шлем Аляксандра Македонскага і шлемы вікінгаў былі з рагамі; у некаторых рэгіёнах Расіі, Беларусі і Украіны жанчыны павязвалі хусткі такім чынам, што ўтвараліся рожкі. Асабліва відавочна паходжанне ад жывёлы падкрэслена ў геральдыцы (гербах радавітых сем’яў, а таксама гербах гарадоў і краін).

Як бачым, уяўленні, што ўзніклі тысячы ці нават дзесяткі тысяч гадоў таму назад, існуюць да нашага часу, і сёння мы ўсё менш схільны лічыць іх толькі забабонамі.

Ахвярапрынашэнне татэму.

У асабліва небяспечныя для племені моманты (эпідэмія, вайна) татэмнай жывёле прыносілі ахвяры — да бярлогу ішлі з падарункамі, прасілі дапамогі. Найлепшая ахвяра заўсёды чалавек — дзіця або цнатлівая дзяўчына. Мядзведзь — герой многіх еўрапейскіх казак, напрыклад, «Тры мядзведзі», «Маша і мядзведзь». Яны здаюцца нявіннымі. На самай справе першапачатковы сэнс міфалагем, што ў іх аснове, — страшны. Дзяцей адводзілі ў лес у якасці ахвяры продку роду. Але мядзведзь — звер не крыважэрны, дзяцей, як правіла, не чапаў, і яны вярталіся дадому. Такое ахвярапрынашэнне мела на ўвазе часам і шлюб (гл. вышэй).

У многіх народаў была забарона на забойства татэма — свайго продка. Так, асобныя групы хантаў і мансі лічылі сваімі продкамі шчупака, наліма, лебедзя, чайку, гагару, ястраба. Іх нельга было забіваць, ужываць у ежу. Выпадкова забіўшы такую істоту, паляўнічы ці рыбак прасіў прабачэння і прыносіў ёй ахвяры.

У амерыканскіх ацтэкаў богу-ягуару прыносілі ў год 15000 чалавечых ахвяр. Можна меркаваць, што МІНАТАЎР у вядомым грэчаскім міфе — таксама тая пачвара (першапачаткова бык — увасабленне бога ПАСЯЙДОНА), якому прыносілі ахвяры, каб не было землятрусаў, частых на Крыце.

Часам татэмныя продкі сапраўды дапамагалі народу ці нават асобнаму чалавеку. У кітайскай казцы «Уладар гранатавага дрэва» ў беднага чалавека ў садзе пастаянна кралі гранаты; гаспадар падсцярог злодзея — ім аказаўся ліс. З таго часу ліс пачаў служыць чалавеку, прычым яго подзвігі вельмі падобныя да дзеянняў асноўнага персанажа сюжэта еўрапейскай казкі «Кот у ботах». Ліс, кот, конь, воўк у славянскіх казках — татэмныя продкі, таму і служаць героям.

Пярэваратні.

Татэмізм — не толькі вера ў жывёльнага продка (ад шлюбу з чалавекам), але і вера, што некаторыя члены роду, племені здольныя ператварацца ў татэмную жывёлу, быць пярэваратнямі, ці, па-беларуску, ваўкалакамі. Князь Усяслаў Чарадзей быў якраз ваўкалакам. Ён — герой рускіх былін, «Слова пра паход Ігаравы», сучасных твораў Леаніда Дайнекі, Вольгі Іпатавай, Уладзіміра Арлова, Алеся Разанава і інш.

У паўночных народаў Сібіры і сёння шырока распаўсюджаны міф пра чалавека-аленя, чалавека-лася, які можа быць то чалавекам, то жывёлай. У індзейцаў Паўднёвай Амерыкі да нашага часу захаваўся надзвычай старажытны абрад «чалавек-птушка», а сярод геагліфаў плато Наска ёсць і малюнак такой істоты — «чалавек-сава». У кітайцаў пярэварацень, як правіла, ліса. Кітайцы — народ глыбока старажытны і высокацывілізаваны, таму і матыў пярэваратніцтва ў іх знаходзіцца ўжо як бы на іншай ступені развіцця. Напрыклад, у многіх казках чалавек можа пражыць з жонкай усё жыццё і толькі неяк выпадкова даведацца, што яна на самай справе — ліса, значыць, унутры сябе — звер, мае жывёльную душу.

У Еўропе ўсё ж найбольш вядомыя ваўкалакі. Прычым сустракаліся яны намнога часцей, чым, напрыклад, вупары. Тыя паходзяць з даволі лакальнага рэгіёна — з Трансільваніі (Румынія), а ваўкалакі распаўсюджаны па ўсёй Еўропе: ад Францыі да Беларусі. Упершыню гэта з’ява апісана «бацькам гісторыі» Герадотам у V ст. да н. э. Ён па Дняпру даплыў да тэрыторыі цяперашняй Беларусі і пачуў тут пра мясцовы таямнічы народ неўры — нашых продкаў. Раз на год неўры ператвараліся ў ваўкоў. Ясна, што іх татэмам быў воўк і раз на год яны адзначалі свята, яму прысвечанае, калі апраналіся ў воўчыя скуры, уяўляючы сябе ваўкамі.

Неўры, Усяслаў Чарадзей, ваўчыца-карміцелька РОМУЛА і РЭМА — рэшткі нейкай надзвычай старажытнай і дзіўнай з’явы. Магчыма, магі дапатопнай цывілізацыі ўмелі змяняць сваю малекулярную структуру і, сапраўды, ператвараліся ў жывёл. Ёсць, праўда, даволі празаічнае тлумачэнне: нараджэнне дзяцей з атавістычнымі прыкметамі — воўчай поўсцю, хвастом, пасткай — магло нарадзіць сюжэт пра ваўкалакаў. І ўсё ж феномен, бясспрэчна, больш складаны.

Пярэваратні — героі каласальнай колькасці фальклорных і літаратурных твораў. З ваўкалакамі звязана псіхічная хвароба лікантропія, калі чалавек час ад часу адчувае сябе жывёлай. Прыступ страшны, ён праяўляецца не толькі псіхічна, але і фізічна: выцягваецца твар, пачынаюць хутка расці пазногці, б’е ліхаманка, з’яўляецца прага крыві. Паказальна, што хворыя пакутуюць на прыступы заўсёды падчас поўні. Дарэчы, ваўкі і сабакі вельмі не любяць поўні, выюць на яе. У ХVI ст. у Францыі была нават эпідэмія лікантропіі, выкліканая атручваннем спарыннёй, у якой потым знайшлі моцны наркотык.

Народныя казкі напоўнены вобразамі пярэваратняў. Асабліва шырока ў розных народаў былі распаўсюджаны сюжэты пра нявестаў ці жаніхоў у вобразах лягушак, лебедзяў, лісіцаў, мядзведзяў, змеяў і інш. Даволі часты гэты матыў і ў літаратурных казках, напрыклад, «Каліф-бусел» Карла Гаўфа, «12 лебедзяў» Ганса Хрысціяна Андрэсена. Кніга «Метамарфозы» старажытнарымскага паэта Авідзія Назона — гэта больш за 200 сюжэтаў шматлікіх ператварэнняў людзей у жывёл, дэльфінаў, птушак, дрэвы і кветкі. Беларускія і ўкраінскія былічкі літаральна напоўнены матывамі пра магчымасць вядзьмарак ператварацца ў розных жывёл. У вёсцы, адкуль родам мая маці, таксама жыла такая вядзьмарка, якая, паводле ўпэўненасці ўсіх жыхароў вялікага і даволі блізкага да Гомеля сяла, любіла ператварацца ў свінню: яе нават фашысты падчас акупацыі баяліся. Такі ж матыў трапіў і ў літаратуру — адзін з найбольш распаўсюджаных яго варыянтаў у Еўропе наступны: ведзьма-пярэварацень, атрымаўшы ў выглядзе звера рану ад чалавека, аказваецца жонкай гаспадара маёнтка з такой жа ранай. Здольнасці ведзьмакоў ў казках часта азначаюць не што іншае, як уменне разумець мову птушак і звяроў і ператварацца ў іх. Напрыклад, у беларускай казцы вядзьмак перакідваецца ў ваўка, шчупака, пеўня, а яго вучань — у каня, ярша, ястраба. ...



Все права на текст принадлежат автору: Таццяна Шамякіна.
Это короткий фрагмент для ознакомления с книгой.
Міфалогія і літаратураТаццяна Шамякіна