Все права на текст принадлежат автору: Іван Навуменка.
Это короткий фрагмент для ознакомления с книгой.
Рэдактарава хатаІван Навуменка



Іван НАВУМЕНКА


Рэдактарава хата



Усё здарылася зусім не так, як гэта ўяўлялася мне спачатку. Ехаў я ў Бярэзнікі з усведамленнем важнасці і адказнасці сваёй камандзіроўкі, і душа мая проста спявала. Навакол быў май, расцвіталі сады, шчабяталі птушкі, свяціла сонца. Я ехаў у кузаве паўтаратонкі і складаў самыя смелыя планы наконт сваёй будучыні. Упершыню за чатыры месяцы работы ў рэдакцыі абласной газеты мне даручылі сапраўднае, вялікае заданне. Блізіўся дзень Перамогі, і рэдактар загадаў мне ў самы аператыўны тэрмін арганізаваць паласу з калгаса, які таксама называўся «Дзень перамогі». Учарашнія франтавікі павінны былі расказаць у газеце, чаго дамагліся яны за першы неваенны год...

Хто меў хоць якое-небудзь дачыненне да газеты, той лёгка зразумее маю радасць. Сапраўдны ж газетчык і пачынаецца з паласы. Пішы заметкі, карэспандэнцыі, надрукуй нават нарыс — ты прайшоў яшчэ не ўсё, стромкіх і цяжкіх вяршынь ты яшчэ не дасягнуў. Вяршыня ж газетнага Эльбруса — паласа, якая заканчваецца падвалам, падпісаным поўным тваім прозвішчам...

Тое, што мне даручылі арганізаваць паласу, азначала пэўнае прызнанне маіх магчымасцей. Нават загадчык сельгасаддзела, найпершы ў рэдакцыі спецыяліст па самых сур’ёзных заданнях, і той прамаўчаў, калі сам рэдактар даваў мне інструкцыі.

Няхай даруюць залішне сціплыя людзі той мой ні з чым не параўнаны гонар, які тады проста аж распіраў мне грудзі. Жыве ў душы газетчыка гэты гонар, і будзе ён жыць да таго часу, пакуль грымяць ратацыі, што тысячамі адлічваюць пахнучыя свежай фарбай газетныя лісты, пакуль збіраюцца гаманлівыя лятучкі, на якіх рэдка хваляць, а болей прапясочваюць, пакуль стаіць у кабінеце адказнага сакратара ёмкая рэдакцыйная карзіна.

Ёсць вялікая радасць убачыць надрукаваным сваё слова і ведаць, што яго прачытае многа-многа людзей.

Ехау я, адным словам, у Бярэзнікі з самымі ўзвышанымі думкамі і з самымі светлымі надзеямі. Хіба ж не радасна спецкору абласной газеты зайсці ў рэдакцыю раённай газеты і на запытанне, чаго прыехаў, спакойна і ўпэўнена адказаць, што будзеш рабіць паласу. На цябе будуць глядзець з павагай, бо кожны ведае, што абы каму паласы не даручаюць. ...




Все права на текст принадлежат автору: Іван Навуменка.
Это короткий фрагмент для ознакомления с книгой.
Рэдактарава хатаІван Навуменка